падтрымаць нас

Артыкулы

Што кажуць даследаванні пра маштабы і адчуванне рэпрэсіўнага ціску

Што кажуць даследаванні пра маштабы і адчуванне рэпрэсіўнага ціску

Генадзь Коршунаў працягвае аналізаваць вынікі даследаванняў 2022-га, 2023-га і 2024-га гадоў. Цяпер у фокусе ўвагі маштабы рэпрэсій і тое, як адчувае гэта беларускае грамадства.

Беларускія праваабаронцы па выніках свайго маніторынгу сітуацыі ў Беларусі за ліпень 2024-га года канстатуюць: “У Беларусі захоўваецца крытычна высокі ўзровень рэпрэсій у дачыненні да палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў; пагроза пераследу актуальная для ўсіх, хто браў удзел у пратэсных выступах ці крытычна выказваўся адносна палітычнай сітуацыі ў краіне…” У сваёй справаздачы паводле праекта “Барометр рэпрэсій у Беларусі” мы таксама адзначалі, што цяпер, імаверна, беларускае грамадства перажывае ўздым чарговай хвалі рэпрэсій.

Рэпрэсіі трываюць чатыры гады. Калі лічыць ад пачатку электаральнай кампаніі 2020-га года, дык ужо распачаўся і пяты год рэпрэсіўнага ціску на грамадства. Узнікае пытанне, а як само грамадства адчувае гэты ціск? Ці затрымліваюць па коле адных і тых жа людзей? Ці рэпрэсіі ахопліваюць усё больш шырокія пласты насельніцтва?

На жаль, адказаць за ўсё беларускае грамадства мы зараз не можам. Але вось меркаванні прадэмакратычнай часткі беларусаў нам дасяжныя. Гэта вынікі сумеснага апытання, якое праводзілі Цэнтр новых ідэй і ініцыятыва “Народнае апытанне” (пра метадычныя асаблівасці гэтага даследавання можна прачытаць у першым артыкуле паводле звестак апытання).

Але перад тым, як казаць пра даныя апытання, нагадаем, што рэпрэсіі – гэта вельмі шырокі панятак, які выходзіць далёка за межы арыштаў і крымінальнага пераследу. Гэта і той гвалт, які быў на беларускіх вуліцах у 2020-ым годзе, і тыя катаванні, што зараз адбываюцца ў месцах зняволення; з другога боку, – гэта  і звальненні з працы “за палітыку”, і фактычнае выцісканне праціўнікаў рэжыму з краіны, і шмат чаго яшчэ.

Адносна гвалту. Нагадаем, што паводле звестак нашых даследаванняў, такі ці іншы досвед перажывання гвалту ў  2020-21 гады атрымалі фактычна ўсе, хто прытрымліваецца прадэмакратычных поглядаў.

Што кажуць даследаванні пра маштабы і адчуванне рэпрэсіўнага ціску
Крыніца: Коршунаў Г. Калектыўная траўма: кейс Беларусі. ТОРОС. 2024, №3, с. 5-36.

Другі момант. Праваабаронцы кажуць, што з пачатку прэзідэнцкай кампаніі каля 65 тыс. чалавек былі затрыманыя паводле палітычных матываў.

Наколькі гэта шмат?

Для параўнання: гэта ў 5 разоў больш, чым было інтэрнавана ў Польшчы падчас усяго ваеннага становішча 1981-1983 гадоў. Гэта супастаўляльна з тым, напрыклад, каб цягам 4 гадоў у Даніі за краты кінулі больш за 33 тыс. чалавек, у Вялікай Брытаніі – больш за 370 тыс. чалавек, а ў Германіі – амаль 500 тыс., у ЗША – амаль 2 млн. чалавек.

Асобна адначым, што цягам 4 гадоў палітвязнямі былі прызнаныя больш як 3380 чалавек. Цяпер блізу 1400 з іх знаходзяцца ў месцах зняволення (пры тым, напрыклад, расейскія палітзняволеныя маюць магчымасць кантактаў з “воляй”, то вядомыя беларускія палітвязні працяглы час знаходзяцца ў рэжыме “інкамунікада”).

Наколькі гэта шмат?

Для параўнання: гэта суадносна з тым, каб у Венесуэле, дзе цяпер каля 270 палітвязняў, іх было блізу 4500 чалавек. Або каб у Расеі цяпер за кратамі знаходзіліся больш за 27 тыс. палітзняволеных. Насамрэч, на красавік 2024-га года ў Расеі было каля 720 палітвязняў (паводле іншых звестак – блізу 1300). У кастрычніку 2020-га года іх налічвалася 328. Гэта значыць, за чатыры гады іх колькасць вырасла больш чым у два разы (ці ў чатыры). У Беларусі на пачатак 2020-га года быў толькі адзін палітвязень. Цягам чатырох гадоў колькасць палітычных зняволеных вырасла ў 1500 раз.

Што кажуць даследаванні пра маштабы і адчуванне рэпрэсіўнага ціску
Фота: PAP/Paweł Supernak

Можа падавацца, што рэпрэсіўны ціск сфакусаваны на вузкім коле актывістаў, якіх затрымліваюць раз, другі і трэці, кідаюць у турмы і дадаюць дадатковыя тэрміны за “непадпарадкаванне” адміністрацыі. Вядома, такое ёсць, але гэта не сведчыць пра “сфакусаванасць” рэпрэсій. Насамрэч, яны ішлі і ідуць шырокім фронтам. Параўнанне даных даследаванняў 2022-га і 2024-га гадоў дэманструе наступнае:

  • колькасць людзей, у якіх палітычныя затрыманні закранулі кагосьці з найбліжэйшага атачэння (сваякоў альбо сяброў) вырасла з 10% да 33% (сярод дыяспары і беларусаў у Беларусі адпаведна з 16% да 37% і з 9% да 25%);
  • колькасць тых, у каго хтосьці хоць раз трапляў на содні, вырасла з 25% да 35%;
  • колькасць тых, у каго хтосьці хоць раз мусіў заплаціць штраф “за палітыку”, вырасла з 26% да 42%.

Агулам за мінулы год колькасць тых людзей, чыё асяроддзе не сутыкалася з якімі-небудзь праявамі рэпрэсіўнага ціску з боку ўладаў (ад арыштаў да праверкі тэлефонаў), – знізілася з 22% да 16%.

Што кажуць даследаванні пра маштабы і адчуванне рэпрэсіўнага ціску
Фота: Tochka.by

Адзін з вынікаў такога асяроддзя – працяг міграцыі з Беларусі. Паводле нашых ацэнак, на працягу апошніх гадоў з Беларусі маглі з’ехаць да 500-600 тыс. чалавек.

Наколькі гэта шмат?

Для параўнання: гэта супастаўляльна з тым, калі б з Даніі з’ехала ўсё насельніцтва Орхуса і Одэнсэ, другога і трэцяга гарадоў па колькасці жыхароў. Ці каб у Польшчы знікла насельніцтва Шчэціна, Любліна і Катавіцаў; у Вялікай Брытаніі – агулам насельніцтва Бірмінгема, Лідса, Глазга, Шэфілда і Ліверпуля; у Германіі – насельніцтва Мюнхена, Кёльна, Франкфурта-на-Майне, Штутгарта і Дзюсельдорфа; у ЗША – насельніцтва Нью-Ёрка, Лос-Анджэлеса, Чыкага, Х’юстана, Філадэльфіі ды Сан-Хасэ.

З’ехала шмат. І ў гэтым працэсе кропку ставіць пакуль не выпадае – крыху меней за чвэрць апытаных у ліпені 2024-га года адзначылі, што маюць жаданне з’ехаць з краіны. Гэта меней, чым у мінулыя гады. У 2022-ім годзе гэты паказнік складаў 39%, у 2023-ім годзе – 31%. Паралельна з гэтым расце колькасць тых, хто не плануе з’язджаць: з 28% у 2022-ім годзе да 41% у 2024-ым годзе. Але калі чвэрць апытаных хоча з’ехаць з краіны – гэта шмат.

Зразумела, у асноўным з’язджаюць людзі прадэмакратычнага ўхілу. 57% апытаных прадстаўнікоў прадэмакратычнай часткі адзначылі, што сярод іх знаёмых з Беларусі з’ехалі 10 чалавек і болей; 41% адказалі, што з’ехалі болей за 20 чалавек. Два гады таму гэтыя лічбы складалі 37% і 21% адпаведна.

Напрыканцы хацелася б адзначыць, што рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народа не спыняюцца нават праз чатыры гады пасля падзей жніўня 2020-га года. Іх узровень, калі глядзець на паказнікі рэпрэсій праз прызму прапорцый, выглядае для краіны проста катастрафічным. Беларускае грамадства гэта адчувае наўпрост, што ў сваю чаргу выклікае міграцыйныя памкненні, якія хоць і змяншаюцца з цягам часу, але дасюль застаюцца параўнальна высокімі.

Падпісвайцеся на рассылку, каб кожны тыдзень новы выпуск «Што думаюць беларусы» прыходзіў прама на пошту!

* indicates required

Intuit Mailchimp