• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Што беларусы думаюць пра пратэсты (па дадзеных пятай хвалі Chatham House)

    Лічбы сведчаць, што пратэст не “здзімаецца”, людзі стамляюцца, а страх за сваю бяспеку нікуды не падзеўся.

    На мінулым тыдні Рыгор Астапеня зрабіў прэзентацыю дадзеных пятай хвалі даследавання Chatham House. Звесткі хутка будуць выкладзеныя ў вольны доступ, але абмяркоўваць іх у сеціве пачалі ўжо цяпер.

    Што я тут хачу сказаць як сацыёлаг, як адмысловец? Калі вы працуеце з сацыялагічнымі дадзенымі, заўсёды – ЗАЎСЁДЫ – трэба адразу звяртаць увагу на наступныя моманты:

    • каго апытвалі (кім ёсць выбарка, каго яна рэпрэзентуе);
    • як апытвалі (то бок метад збору інфармацыі);
    • калі апытвалі (што была за сітуацыя падчас апытання і ці ад таго часу адбылося нешта ўзрушальнае).

    Таму: гарадское насельніцтва (гэта амаль 80 % насельніцтва Беларусі), анлайн- апытанне (82,5 % беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам штодзённа), 23 ліпеня – 3 жніўня (амаль два месяцы мінула).

    Далей: калі будзеце глядзець саму прэзентацыю, не пераскоквайце праз фармулёўкі пытанняў, чытайце іх уважліва. Звяртайце ўвагу нават на тое (мо нават і перш за ўсё), што ў двукоссях ці ў дужках. Гэта вельмі важна.

    Першае і, пэўна, самае важнае. Па звестках выразна бачна, узровень падтрымкі пратэстаў фактычна не зніжаецца, прынамсі, з пачатку гэтага года. У 2020-ым годзе ён быў каля 45 %, у студзені – 39 %, у красавіку – 36 %, у ліпені – 37 %. Я лічу, гэта насамрэч фенаменальныя дадзеныя: ва ўмовах адсутнасці ў краіне хоць-якіх лідараў, неймавернага рэпрэсіўнага ціску, пагрозы гвалту і катаванняў, вынішчэння незалежных медыяў і грамадзянскай супольнасці – пратэст не “здзімаецца”. Асфальт нешта не на тое вырашылі класці.

    Другое. Зноў пра пратэставыя настроі, але з іншага пункту гледжання. Патрабаванні пратэстоўцаў карыстаюцца значна большай падтрымкай, чым сама форма прасоўвання гэтых патрабаванняў, то бок сам пратэст. Глядзіце: патрабаванне спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў з боку «сілавікоў», а таксама вызваліць усіх палітзняволеных у ліпені падтрымліваюць па 61 % (у першым выпадку супраць – 18 %, у другім супраць – 19 %), патрабаванне новых празрыстых выбараў – 65 % (супраць – 17 %); правядзенне сумленнага расследавання гвалту з боку «сілавікоў» – 70 % апытаных (супраць – 10 %). Гэтыя лічбы значна вышэй падтрымкі пратэсту як дзеяння.

    Дарэчы, наконт «расследавання гвалту з боку сілавікоў». У святле таго наратыву, што прасоўваюць дзяржпрапагандысты, хачу засяродзіць увагу асабліва на гэтай лічбе – толькі 10 % апытаных гатовыя апраўдаць любы шалёны гвалт з боку дзяржавы. Падаецца, гэтая выснова і не надта перакручвае сэнс адказаў, і дэманструе столь праўладнай прапаганды. Праз гэта таксама насоўваецца наступная выснова – трэба казаць не столькі пра раскол грамадства, колькі пра супрацьстаянне грамадства і ўлады.

    Аднак вернемся да лічбаў. Адзінае патрабаванне, якое ў ліпені падтрымала меней за палову апытаных, тычыцца адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Такога тэзіса цвёрда прытрымліваюцца 46 %, супраць адстаўкі выказаліся 25 % і 29 % не змаглі пэўна вызначыцца на гэты конт. Звярну ўвагу, летась у верасні патрабаванне адстаўкі падтрымлівалі 53 %, а супраць былі тыя ж 25 %; у красавіку – 48 % і 25 %. А вось колькасць галасоў пасярэдзіне, лічба нявызначаных пакрысе расце, у выпадку з патрабаваннем адстаўкі – на 4-5 %. Лічбы невялікія, але, як падаецца, гэта ўжо можа быць тэндэнцыя.

    Таму мушу казаць пра трэцяе – пра пэўную радыкалізацыю трох групаў, адной з якіх становіцца «стомлены цэнтр» ці шэрая зона. Такі падзел крыху адрозніваецца ад той класіфікацыі, што ёсць у справаздачы, але хай будзе на прадмет «памеркаваць». Таму што заўважаецца стомленасць грамадства ад шалёнай палітызацыі, дыстанцыяванне і ад пратэстоўцаў, і ад улады – расце колькасць тых, хто проста не ведае, што адбываецца ў краіне, і не хоча ведаць.

    Гэта бачна не толькі па пытаннях аб адносінах да пратэсту, што прыведзена вышэй. Рост стомленых заўважны і ў межах даверу да розных інстытутаў – як дзяржаўных, так і незалежных.

    Ды і па іншых пытаннях гэта таксама часам бачна. Ёсць думка, што колькасць такіх грамадзян, якія дыстансуюцца ад палітычных пытанняў і засяроджваюцца на паўсядзённасці, будзе толькі расці – перш за ўсё праз магчымае паскарэнне крызісу ў эканоміцы. Ужо цяпер у рэйтынгу ТОП-10 праблем, якія хвалююць людзей, 2/3 адносяцца да эканамічных пытанняў.

    Узбуйненне долі тых, хто «ні за белых, ні за чырвоных» ёсць вынікам не толькі стомленасці ад палітычнай напругі і эканамічнай дэпрэсіі, але і пэўнага расчаравання праз адсутнасць нейкіх яскравых перамог пратэсту, праз нявызначанасць візій будучыні з абодвух бакоў. А таксама праз звычайныя, нармальныя ў стане хранічнага дыстрэсу, трывожнасць і страх, якія толькі распальваюцца ўладай, яе сілавікамі і прапагандыстамі. Гэта асабліва бачна па Мінску.

    Тут мы пакуль і спынімся. Зразумела, у справаздачы яшчэ шмат чаго цікавага: і новыя дадзеныя па стаўленні да Саюзнай дзяржавы, і міграцыйныя настроі, і рэха-камеры. Але немагчыма зараз разгледзіць усё, тым больш, што сама справаздача налічвае ці не пад 70 старонак.

    Таму спыняемся, чакаем справаздачу.

    Ну, і пасля знойдзем яшчэ што-небудзь цікавае і карыснае.

    Фота: Павел Крычко

    ПаказацьСхаваць каментары