• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Лесі цікава: Другая хваля каранавіруса ва ўмовах палітычнага і эканамічнага крызісу. Чым гэта скончыцца?

    Кацярына Барнукова, Андрэй Елісееў і Мікіта Салавей аб новай хвалі каранавіруса, лічбах Мінздароўя і палітычным ды эканамічным крызісе.

    Уладзімір Каранік абвінаваціў беларускіх пратэстоўцаў у паўторным росце захворванняў на Covid-19. У адрозненні ад краін-суседак, галоўнай праблемай якіх з’яўляецца пераадоленне пандэміі, беларусы змагаюцца за новую краіну і працягваюць выходзіць на вуліцы. 

    Ці была Беларусь гатовая да другой хвалі каранавіруса? Як можна ахарактарызаваць статыстыку па захворваннях у краіне ў параўнанні з першай хваляй? Чым скончыцца другая хваля пандэміі ва ўмовах палітычнага і эканамічнага крызісу?

    На гэтыя пытанні адказваюць: эканамістка, акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова; галоўны пазаштатны спецыяліст камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама па інфекцыйных і паразітарных захворваннях, дацэнт кафедры інфекцыйных хваробаў БДМУ Мікіта Салавей;  а таксама Андрэй Елісееў – аналітык даследчага цэнтра EAST. 

    1. Ці была Беларусь гатовая да другой хвалі каранавіруса?

    Кацярына Барнукова: Беларусь не была гатовая – няма ніякіх прыкметаў таго, што былі распрацаваныя новыя спосабы падтрымкі насельніцтва або бізнесу, ці нейкія спосабы зрабіць вядзенне бізнесу больш бяспечным і ўстойлівым у пандэмію.

    Мікіта Салавей: Верагодна, толькі часткова. Так, былі зробленыя запасы сродкаў індывідуальнай абароны на некалькі месяцаў працы (камбінезоны, маскі, рэспіратары, шчыткі, акуляры, пальчаткі), у тым ліку за кошт перапрафілявання вытворчасці краіны, запас лекавых сродкаў, якія вырабляюцца ў краіне. У той жа час не ўлічаныя памылкі першай хвалі: не своечасова ўведзеныя захады сацыяльнага дыстанцыявання (пераход на дыстанцыйную працу, дыстанцыйнае навучанне школьнікаў і студэнтаў), абавязковы масачны рэжым, не працягнутая маштабная праца з насельніцтвам па прафілактыцы інфікавання Covid-19 у перыяд часовага зніжэння захворвання. 

    Канчаткова не ясна, наколькі існая сістэма аховы здароўя зможа справіцца з масавым паступленнем цяжкіх пацыентаў з Covid-19 ва ўстановы аховы здароўя за кароткі прамежак часу, ці хопіць рэсурсаў для інтэнсіўнай тэрапіі, рэспіраторнай падтрымкі, дарагіх лекаў, якія не вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь.

    Андрэй Елісееў: Як паказала першая хваля эпідэміі, беларуская дзяржаўная сістэма з-за асаблівасцяў палітычнага рэжыму не ў стане адэкватна рэагаваць на такія неардынарныя сітуацыі.  Дзяржорганы не толькі не ўлічылі ўрокі першай хвалі эпідэміі, але і заняліся рэпрэсіямі ў дачыненні да медыкаў, а таксама грамадзянскай супольнасці і бізнесу, якія дапамагалі медыцынскай галіне ў першую хвалю. Беларускія ўлады не маглі быць гатовыя да другой хвалі, таму што да яе і не рыхтаваліся, – уся дзяржсістэма была сфакусаваная на забеспячэнні палітычнага выжывання кіраўніка.

    2. Як можна ахарактарызаваць статыстыку па захворваннях у краіне ў параўнанні з першай хваляй?

    Кацярына Барнукова: Паміж першай і другой хвалямі з дадзеных па смяротнасці мы даведаліся, наколькі статыстыка па каранавірусе нас падманвала. Залішняя смяротнасць у другім квартале аказалася ў 15 разоў вышэй за афіцыйную. Таму асноўная асаблівасць статыстыкі другой хвалі – поўны недавер да яе.

    Мікіта Салавей: Звесткі, якія паступаюць па прыватных каналах з розных устаноў аховы здароўя сведчаць аб маніпуляцыях са статыстыкай захворванняў і смяротнасці на ўзроўні вобласцяў і Міністэрства аховы здароўя. Перыядычна колькасць зарэгістраваных выпадкаў смерці пацыентаў з Covid-19 за содні толькі па рэанімацыі ў Мінску ў 3-4 разы перавышае сумарную колькасць памерлых ад каранавіруса па краіне ў цэлым. 

    Адсутнасць даступнай для спецыялістаў статыстыкі па захворваннях і смяротнасці па рэгіёнах не дазваляе асобным установам аховы здароўя зразумець праблемныя месцы і своечасова прымаць эпідэміялагічныя захады, накіраваныя на зніжэнне колькасці захворванняў і смяротнасці.

    Андрэй Елісееў: Калі падчас першай хвалі маніпуляцыі са статыстыкай смяротнасці былі велізарныя, а з колькасцю выяўленых каранавірусных выпадкаў – адносна невялікія, то ў другую хвалю бязбожна маніпулююць і тым, і другім. Па красавіку-чэрвені статыстыка смяротнасці, звязаная з эпідэміяй, была зніжаная ў 15-20 разоў. Няма падстаў меркаваць, што сёння не адбываюцца маніпуляцыі прыкладна такога ж маштабу. Пры гэтым ускосныя дадзеныя паказваюць, што колькасць новых выпадкаў заніжаецца цяпер значна больш радыкальна, чым у першую хвалю.

    3. Чым скончыцца другая хваля пандэміі ва ўмовах палітычнага і эканамічнага крызісу?

    Кацярына Барнукова: Улічваючы ўзмоцненыя рэпрэсіі супраць медыкаў, сезоннасць, а таксама разгон дабрачынных ініцыятыў, можна чакаць, што хваля будзе больш зацяжной і суровай. Акрамя таго, мы бачым яшчэ і больш скептычнае стаўленне людзей да захадаў засцярогі, напрыклад, менш падае мабільнасць, чым гэта было ў красавіку-траўні. Усё гэта павялічвае верагоднасць калапсу сістэмы аховы здароўя і вялікай колькасці ахвяраў Covid-19. 

    Мікіта Салавей: Немагчыма прагназаваць, чым скончыцца другая пандэмія. Верагодна, мы цяпер знаходзімся нават не на піку захворвання, аднак ужо набліжаемся па многіх пазіцыях да мяжы рэсурсаў сістэмы аховы здароўя (медыцынскі персанал, забяспечанасць прыладамі для рэспіраторнай падтрымкі, месцы ў рэанімацыйных і агульнасаматычных аддзяленнях і г.д.). 

    Безумоўна, другая хваля выкліча шматразовы рост смяротнасці як ад Covid-19 непасрэдна, так і ад іншых захворванняў з прычыны абмежавання магчымасці аказання медыцынскай дапамогі з-за перапрафіляванняў шпіталяў пад пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй.

    Андрэй Елісееў: Колькасць дадатковых смерцяў, звязаных з эпідэміяй, з пачатку красавіка да сярэдзіны лістапада, напэўна, дасягнула 15 тыс. і больш. Прымаючы пад увагу, што другая хваля працягваецца і набірае абароты, а захады прымаюцца недастатковыя, а адэкватны адказ на эпідэмію немагчымы ў святле надзвычайных палітычных рэпрэсіяў, Беларусь, верагодна, акажацца адной з найбольш пацярпелых краін свету па паказніку залішняй смяротнасці на душу насельніцтва.  

    Палітычны і эканамічны крызісы негатыўна адбіваюцца на магчымасцях грамадства супрацьстаяць эпідэміі. А наступствы эпідэміі і неадэкватнасць антыкаранавірусных захадаў, у сваю чаргу, падаграваюць незадаволенасць насельніцтва і дадаткова б’юць па эканоміцы. Назіраецца ўзаемны негатыўны эфект, калі адно падганяе другое і наадварот. У канчатковым выніку палітычны рэжым будзе асуджаны, але і наступствы эпідэміі для грамадства будуць рэзка адмоўнымі.

    Чытайце красавіцкае даследаванне Андрэя Елісеева:  “Каранавірусная эпідэмія: Сцэнарыі наступстваў для Беларусі”

    Фота: Reuters

    ПаказацьСхаваць каментары