• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці можа расці эканоміка канцлагера?

    У межах другой канферэнцыі Reshape, арганізаванай Цэнтрам новых ідэй, эканамісты Алесь Аляхновіч ды Сяргей Гурыеў абмеркавалі будучыню беларускай эканомікі. Мы падрыхтавалі канспект з самымі цікавымі думкамі і выказваннямі.

    Ці можа расці эканоміка канцлагера? Беларускія ўлады працягваюць рэпрэсіі супраць свайго грамадства, а краіны Захаду ўводзяць новыя санкцыі. Як менавіта крызіс уплывае на эканоміку і грамадства, якіх наступстваў варта чакаць і ці можа гэта працягвацца доўга?

    Месца Беларусі на графіку развіцця

    Шматлікія эканомікі за 27 гадоў здолелі дасягнуць шмат чаго. Тут варта згадаць такія краіны, як Германія ці Японія пасля Другой сусветнай вайны, Сінгапур, нават нашую суседку Польшчу ці таксама Эстонію. З іншага боку ёсць прыклады Аргенціны, Венесуэлы ці Лівіі.

    У выпадку беларускай эканомікі можна ўбачыць пэўныя поспехі развіцця першых 15-20 год пасля 1994 году, потым – стагнацыю і заняпад. Першыя гады кіравання Лукашэнкі былі ўмоўна паспяховымі – каля 5 % росту ВУП у год. Іншая справа, што гэты рост падтрымліваўся Расіяй. Паводле ацэнак МВФ, у розныя гады гэтая дапамога складала да 10 % ВУП. Канешне, усё няпроста – ёсць эфекты раўнавагі, змены курсу – таму нельга сказаць, што калі б не было падтрымкі Расіі, то росту не было б наогул. Але рост, верагодна, быў бы не такім вялікім і яго спонсарамі ўсё адно выступалі расійскія падаткаплацельшчыкі.

    Апошнія 7-10 гадоў у краіне назіраюцца стагнацыя і застой. Мадэль росту, заснаваная на танных энерганосьбітах, крэдытах ад Расіі ці міжнародных інстытутаў, зайшла ў тупік. Таму не дзіва, што беларускія выбарцы прагаласавалі супраць новага тэрміну беларускага кіраўніка летась.

    У Францыі ёсць выраз пра “слаўнае трыццацігоддзе” – хуткае пасляваеннае аднаўленне заходнееўрапейскіх краін. У гэтым плане Польшча – вельмі добры прыклад, бо яна была роўнай па развіцці з Беларуссю ці Украінай яшчэ трыццаць гадоў таму назад.

    Выспа стабільнасці або застою?

    На дадзены момант у Беларусі самыя нізкія мінімальныя заробкі, адныя з самых нізкіх пенсіяў, самыя нізкія выплаты па беспрацоўі і нават сярэдняя працягласць жыцця адна з апошніх у Еўропе. Сёння мы ўжо ў тры разы адстаём ад Польшчы.

    Прапаганда пужае беларусаў Украінай: “Паглядзіце, разбураная вайной краіна, разрабаваная алігархамі, раз’ядаемая карупцыяй”. Але між нашымі краінамі толькі ў тых жа сярэдніх заробках розніца толькі ў 10 %. Як мы дакаціліся да гэтага?

    У цэлым у свеце не так шмат недэмакратычных рэжымаў, якім удаецца пабудаваць інстытуты, што падтрымліваюць эканамічны рост. Пры недэмакратычным рэжыме ўлада імкнецца засяродзіць не толькі палітычныя, але і эканамічныя рэсурсы ў сваіх руках. Яна абмяжоўвае канкурэнцыю, уводзіць дамінаванне дзяржпрадпрыемстваў, якія могуць працаваць для забеспячэння занятасці, але кепска працуюць у плане інвестыцыяў, інавацыяў ды росту. Да таго ж і чыноўнікі схільныя рабіць памылкі.

    На кожнага Лі Куан Ю прыходзіцца сотня Мабуту

    “Выспа стабільнасці” – ключавы пункт прапаганды Лукашэнкі. Ён, сярод іншага, апелюе і да таго, што шмат у якіх суседзяў Беларусі змяніліся межы, а ён перадухіліў такі сцэнар для сваёй краіны. Але ж не зусім зразумела, наколькі цяпер Беларусь незалежная ад Расіі. Яшчэ адзін пункт – карупцыя і алігархі. Сапраўды, карупцыі не так шмат, хоць мы не ведаем, колькі грошай у самога Лукашэнкі.

    Ніхто ўжо даўно не чакае, што Лукашэнка здолее выканаць свае абяцанні, тым больш з улікам пагаршэння стасункаў з Расіяй. Варта згадаць той жа “падатковы манеўр”, які пачалі ажыццяўляць у 2019-ым годзе. З тых часоў візіты Аляксандра Рыгоравіча ў Маскву ці Сочы сталі больш частымі. Кожныя некалькі месяцаў даводзіцца выпрошваць то туды паўмільярда, то сюды. Для Расіі гэта невялікія грошы, але для Лукашэнкі гэта становіцца ўсё больш жыццёва неабходна.

    Найгоршы прагноз у рэгіёне

    Старэнне і скарачэнне насельніцтва, неэфектыўны дзяржаўны сектар, нестабільныя стасункі з Расіяй, няўмелыя рашэнні ўлады (тое ж банкруцтва “Белавіі” праз сітуацыю з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair)… Шмат хто не разумее, на што разлічвае рэжым, знішчаючы эканоміку.

    Але для кожнага канкрэтнага аўтакрата разлік іншы. Лукашэнка нікуды не збіраецца сыходзіць і зараз ён сканцэнтраваны на ўтрыманні ўлады любымі захадамі. Ёсць жа і прыклад Венесуэлы, дзе са значна горшымі вынікамі рэжыму ўдаецца захоўваць уладу дагэтуль. Пры гэтым ВУП там упаў удвая, 10 % насельніцтва краіны з’ехалі і нават маса целаў тых, хто застаўся, знізілася. Пры дапамозе гвалту можна ўтрымаць уладу, нават калі будзе кепскі вынік для эканомікі.

    У Беларусі будучыня залежыць ад чалавечага капіталу. Калі найбольш адукаваная частка з’едзе, то гэта будзе моцным ударам па эканоміцы. Пры гэтым у суседніх краінах кваліфікаваных беларусаў вітаюць і распрацоўваюць праграмы іх перасялення і адаптацыі. Але для аўтарытарнага рэжыму на першым месцы не рост ВУП, а ўтрыманне ўлады.

    Расійскі фактар

    У выніку леташніх падзей Пуцін заняў бок Лукашэнкі. У расійскім бюджэце ёсць грошы на Беларусь. Але гэта будзе абыходзіцца ўсё даражэй абодвум бакам. У самой Расіі будуць узнікаць пытанні, асабліва тады, калі санкцыі – сённяшнія і будучыя – будуць распаўсюджвацца і на яе. Пасля сітуацыі з Крымам у Расіі прыдумалі розныя сродкі, каб часткова гэта абыходзіць, але гэта тым не менш праблемы.

    Беларусь жа вельмі блізкая да Еўропы. І ЗША таксама неабыякава тое, што тут адбываецца. Таму людзі з атачэння Лукашэнкі будуць усё больш занепакоеныя трапляннем пад санкцыі і стратай даходаў. Шмат прадстаўнікоў эліты захоўвае сродкі ў блізкаўсходніх банках. Пры жаданні ЗША могуць выкарыстаць экстэрытарыяльнасць сваіх санкцый, каб прымусіць іх перастаць супрацоўнічаць з беларускім бокам.

    Шмат чырвоных ліній і дэмакратызацыя праз памылку

    Лукашэнка шматкроць змяняў стаўленне да Захаду – абвяшчаў яго то сябрам, то ворагам. Але цяпер перакрочана зашмат чырвоных ліній у гэтых узаемадачыненнях. Так, Кадафі ў свой час нават пасля збіцця самалёта і смерцяў соцень людзей здолеў аднавіць стасункі з Захадам. Але ў выпадку Лукашэнкі гэта цяжка ўявіць, і як вынік будзе расці залежнасць ад Расіі, хоць падтрымка Беларусі будзе ўсё даражэй абыходзіцца ўсходняй краіне-суседцы.

    Заходнія палітыкі падсправаздачныя сваім выбарцам. Пасля Другой сусветнай вайны ўсе краіны падпісалі “Сусветную дэкларацыю правоў чалавека”, і цяпер пераслед палітычных апанентаў не лічыцца ўнутранай справай краіны, нават калі Лукашэнка ці Пуцін думаюць інакш. Канешне ж, прыярытэты ў заходніх краінах свае, але іх уласная бяспека ім вельмі важная. Таму, калі Пуцін акупаваў Крым, то гэта была адна гісторыя і адзін узровень санкцый, а калі збілі MH-17 – то іншы.

    Санкцыі адносна Беларусі бывалі і раней. Пасля 2014-га года Лукашэнка нават мог падкрэсліваць, што ён ужо не апошні дыктатар Еўропы.

    Але недэмакратычныя рэжымы робяць шмат памылак. Дэніэл Трызман напісаў артыкул “Дэмакратызацыя праз памылку”. Вялікая колькасць пераходаў аўтакратый да дэмакратый была вынікам менавіта памылак, бо дыктатару не хапае зваротнай сувязі. Няма незалежных СМІ, няма грамадзянскай супольнасці, яго падначаленыя яго падманваюць і робяць прыпіскі, і ў выніку ён і сам схільны генераваць памылкі.

    Які сэнс Расіі падтрымліваць такі рэжым?

    У Расіі не так шмат сяброў і саюзнікаў. Гэта ў тым ліку і вынік знешняй палітыкі пуцінскага рэжыму. Але змена рэжыму праз перамогу на выбарах і вулічныя пратэсты з мэтай абароны іх вынікаў не падабаецца Пуціну. Менавіта таму ён так шмат зрабіў для стварэння праблемаў ва Украіне пасля першага і другога Майданаў.

    Пяць мільярдаў даляраў – гэта пасільныя грошы для Расіі, таму, каб пазбегнуць узнікнення ў расійскіх грамадзянаў уяўлення, што і яны могуць змяніць уладу, расійскі рэжым гатовы шмат на што. Але ж і пенсіянеры ў Расіі ўсё больш і больш задаюць пытанняў рэжыму, і калісьці сітуацыя можа выбухнуць.

    Еўрапейскі план

    Важна, каб рэформы ў новай Беларусі адбываліся з разуменнем між людзей, што новаўвядзенні ажыццяўляюць не для абстрактных мэтаў быць бліжэй да Еўропы, а для падвышэння дабрабыту простых грамадзянаў краіны.

    Відавочна, 5 млрд даляраў, закладзеныя ў новым еўрапейскім плане дапамогі дэмакратычнай Беларусі, – гэта не канец гісторыі. Будуць перамовы з МВФ, з расійскім бокам па рэструктурызацыі пазык і шмат чаго яшчэ.

    Але галоўнае – гэта замежныя інвестыцыі, працоўныя месцы, створаныя за кошт інтэграцыі ў еўрапейскія ланцугі вытворчасці. Будуць неабходныя інвестыцыі для перакваліфікацыі старых рабочых.

    Канферэнцыя донараў, інвестараў і крэдытораў

    Унікальнасць плана эканамічнай дапамогі Беларусі пры новай уладзе ў тым, што ён не прапаноўвае сённяшняй уладзе камунікаваць. Наколькі б улада не падабалася міжнародным фондам, ім усё адно даводзілася раней мець кантакт з чыноўнікамі на месцах. А цяпер ёсць план перадачы сродкаў толькі пасля дэмакратызацыі Беларусі.

    Можна прыгадаць, што Украіна ў 2014-2015 гадах была ў катастрафічным стане. ВУП падаў на 10 % два гады запар, знешні доўг немагчыма было выплаціць. Але ўрад правёў перамовы, дамогся рэструктурызацыі, і цяпер Украіна перайшла да адэкватных выплат, суадносных з ростам яе эканомікі.

    Таму ў Беларусі важна стварыць сістэму прыцягнення інвестыцый, стварэння новых бізнесаў самімі беларусамі. Так, дзяржава важная, істотна, каб былі інвестыцыі ў інфраструктуру, медыцыну, адукацыю і т.п., але важна, каб інвестыцыі ішлі ў саму эканоміку і з яе.

    Навошта дапамагаць Беларусі

    Насамрэч грошы, што вылучаюцца на міжнародную дапамогу, – не такія і вялікія. Гэта не больш за 0,7 % бюджэта кожнай краіны, якая вылучае грошы на падобныя праграмы. І тое менавіта 0,7 % здольныя вылучаць толькі ў 6-7 самых развітых краін свету.

    Навошта багатым краінам трэба, каб у іх суседзяў была развітая эканоміка? Таму што выгадна гандляваць, а не ваяваць. Гульня з нулявой сумай – гэта дорага, і даходы сярэднестатыстычнага еўрапейца ці амерыканца растуць, калі справы ў іх суседзяў ідуць лепей.

    І гэта сапраўды працуе. Раней у Захаду былі геапалітычныя праціўнікі. Цяпер можна сказаць, што Расія ці Кітай з’яўляюцца супернікамі, але еўрапейцы шматкроць зэканомілі на той жа абароне і выдатках на армію. Таму гэта выгадная справа – калі ёсць сусед для інвестыцый, для сумесных распрацовак.

    Праграму МВФ наогул нельга навязаць краіне. І МВФ працуе вельмі празрыста ў адрозненне ад тых жа кітайскіх структур, што заключаюць закрытыя здзелкі.

    Калі ж новы ўрад палічыць праграму МВФ непатрэбнай, то зможа проста не падпісваць яе. Місія МВФ у цэлым – пабудаваць больш устойлівы свет без крызісаў.

    Дно беларускага крызісу

    Дзе насамрэч знаходзіцца дно беларускага крызісу – незразумела і невядома. Бываюць прыклады, калі ўсё значна горш, – тая ж вайна ва Украіне. Былі прыклады, калі спад пераадольвалі хутка, – тая ж Польшча.

    Таму шмат залежыць ад дэмакратычнага ўрада Беларусі. Цяпер у свеце шмат грошай, якія шукаюць прыбытковасці, і шмат кампаній ды інвестараў будуць шукаць магчымасцяў заінвеставаць у Беларусі.

    Тут вельмі развіты прыватны сектар. Нават знаходзячыся пад моцным ціскам, людзі стваралі новыя кампаніі, выходзілі на біржу, прыцягвалі інвестыцыі. Таму, калі не будзе памылак і будуць прыцягвацца інвестыцыі, больш верагодны польскі сцэнар, а не грузінскі або ўкраінскі.

    Што зрабіць новай уладзе, каб рэформы немагчыма было павярнуць назад?

    Цяжка даць простую параду, таму што нават краіны, якія ўступаюць у ЕС і атрымліваюць інстытуцыянальную рамку, якую немагчыма змяніць, – нават яны пакутуюць ад адкату рэформаў, росту карупцыі, зніжэння чалавечага капіталу. Ёсць фантастычная гісторыя Венгрыі, калі там проста ўзялі ды выгналі з краіны Цэнтральнаеўрапейскі ўніверсітэт.

    Але некалькі парадаў ёсць:

    1) Чым даўжэй адкладваць рэформы, тым больш балючымі яны будуць

    Рэформы па прыватызацыі і падвышэнні канкурэнцыі патрэбныя. У Беларусі шмат дзяржпрадпрыемстваў і іх трэба рэфармаваць. У любым разе будуць пацярпелыя і ім трэба дапамагаць.

    Ёсць дзяржпрадпрыемствы, якія можна зрабіць эфектыўнымі, ёсць такія, якія трэба зачыняць. Таму трэба дапамагаць людзям перакваліфікавацца або знайсці новую працу. Пры гэтым людзям трэба тлумачыць сутнасць зменаў і рэформаў.

    2) Пошук справядлівасці

    Пры рэформах у Расіі ў 1990-ыя гады частка праблемаў была ў тым, што не ўсе рэфарматары выстаялі перад магчымасцю атрымання прыбыткаў. Таму ў Беларусі мае быць нулявая талерантнасць да карупцыі. Рэфарматары працуюць для ўсіх.

    Інклюзіўнасць і справядлівасць пры адсутнасці карупцыі здолеюць падтрымліваць рэформы і надалей.

    3) Камунікацыя з народам

    Шмат хто з рэфарматараў з’яўляецца тэхнакратам, маўляў, добрыя рэформы прададуць сябе самі.

    Але ж няма папулізму ў тым, каб шукаць грошы на дапамогу пацярпелым ад рэформаў людзям. Рэформы маюць рабіцца для людзей, а не для рэфарматараў.

    Новая ўлада мае дапамагчы і тым, хто пацярпеў ад рэжыму Лукашэнкі. Гэта героі, якія паставілі не толькі свой дабрабыт на кон, але нават свабоду і будучыню.

    Не баяцца, а вучыцца

    У якасці прыкладу можна прывесці праграму рэструктурызацыі вугальнай прамысловасці ў Расіі. У 1990-ыя здавалася, што гэта чорная дзірка, якую трэба вечна субсідаваць і ў якой няма будучыні. Потым адбылася рэформа, і гэта стаў канкурэнтны прыватны сектар, у якім павысіліся заробкі і палепшыліся ўмовы працы.

    Шматлікія суседзі Беларусі прайшлі праз прыватызацыю і паспяховыя рынкавыя рэформы, таму зменаў не варта баяцца, а варта вучыцца і не паўтараць памылак.

    Пра экспертаў:

    Алесь Аляхновіч – віцэ-кіраўнік даследчага цэнтра CASE Belarus, аспірант Варшаўскай школы эканомікі, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях.

    Сяргей Гурыеў – расійскі эканаміст, прафесар эканомікі парыжскай Школы палітычных навук (Sciences Po), галоўны эканаміст Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў 2015-2019 гг.

    ПаказацьСхаваць каментары