падтрымаць нас

Грамадства

Рэгіёны паміраюць і надышоў час клікаць туды ўніверсітэты

Рэгіёны паміраюць і надышоў час клікаць туды ўніверсітэты
Пераезд сталічных універсітэтаў у рэгіёны ды станаўленне лакальных ВНУ дасць імпульс мясцоваму развіццю, які мае эканамічныя рацыі ды падмацоўваецца сусветным досведам. Вось прынамсі чатыры нагоды развіваць універсітэты ў рэгіёнах.

Мэтанакіраваная дэцэнтралізацыя спрыяе развіццю

Сёння Беларусь – гіперцэнтралізаваная краіна. Блізу 20 % насельніцтва жыве ў Мінску, тут адбываецца большасць цікавых падзей, тут сканцэнтраваная самая лепшая інфраструктура. У Мінску засяроджана 54 % універсітэтаў і столькі ж адсоткаў студэнтаў.

То бок канцэнтрацыя вышэйшай адукацыі ў Мінску ў два з паловай разы большая нават за канцэнтрацыю тут усяго насельніцтва нашай краіны. Залішняя цэнтралізацыя – гэта транспартны калапс і касмічныя кошты ў сталіцы ды стагнацыя і пустэча ў рэгіёнах. Адзін з прызнаных спосабаў барацьбы з гэтым – выносіць у рэгіёны пункты прыцягнення людзей ды капіталаў: буйныя прадпрыемствы ды дзяржаўныя ўстановы (напрыклад, парламент Грузіі пераехаў у Кутаісі).

Такім пунктам прыцягнення рэсурсаў з’яўляюцца і ўніверсітэты. Моладзь з усёй Беларусі з’язджаецца ў Мінск у тым ліку і таму, што тут можна атрымаць годную  адукацыю.

Універсітэты прыцягваюць бюджэтнае фінансаванне, вязуць з сабой грошы і моладзь.

Яны ствараюць попыт на сучасныя побытавыя ўмовы, а бізнес гэты попыт задавальняе. Так развіваюцца клубы ды кінатэатры, піцэрыі ды хіпста-бары, гандлёвыя цэнтры і гэтак далей.

Таму варта не толькі ўзмацняць ВНУ ў рэгіёнах, але і наўпрост выносіць туды ўніверсітэты з Мінска. Гэта вялікі ды доўгі працэс, аднак ён будзе спрыяць раўнамернаму развіццю рэгіёнаў і эканамічным бенефіцыям.

Гэта дазваляе ашчадзіць грошы

У рэгіёнаў хапае эканамічных пераваг перад Мінскам. Зямля там танная і яе наогул болей, таму рэалістычна будаваць новыя навучальныя карпусы ды інтэрнаты без касмічных выдаткаў, прычым побач адно з адным. Гэта не толькі зручна выкладчыкам і студэнтам, але і дапамагае стварыць атмасферу кампуса. Зрэшты, і без інтэрнатаў у рэгіёне можна знайсці сабе кватэру па меншым кошце. Жыццё ў рэгіёнах наогул больш таннае.

Сёння беларуская адукацыя каштуе ўсё болей: і аплата вучобы, і дадатковыя выдаткі накшталт здымнай кватэры. Гэты цяжар робіцца невыносным для сем’яў з тых жа рэгіёнаў, калі дома працы няма, а дзяцей хочацца накіраваць на вучобу ў добры ўніверсітэт.

Пераезд у рэгіёны дазволіць знізіць выдаткі бацькоў і студэнтаў.

Зрэшты, не ў накладзе застаецца і дзяржава. Пераезд універсітэтаў у рэгіёны патрабуе напачатку пэўных выдаткаў, асабліва на будаўніцтва. Але адначасова вызваляцца дарагія будынкі ды зямля ў цэнтры сталіцы. Іх можна як прадаць інвестару пад камерцыйную забудову, гэтак і выкарыстоўваць у якасці сучасных крэатыўных кластараў.

Універсітэты – частка комплекснага развіцця рэгіёнаў

Немагчыма стварыць ва ўмоўных Баранавічах крутую ІТ-акадэмію і чакаць, што з нейкага перапуду туды паедуць класныя выкладчыкі і студэнты – рэформы па развіцці рэгіёнаў мусяць быць комплексныя.

Трэба развіваць транспартныя сувязі (хутчэй, бізнес-лініі Белчыгункі, а не збяднелыя дзяржаўныя аўтапаркі). Варта клапаціцца пра медыцыну (сёння ў рэгіёнах у паўтара раза меней лекараў, чым у Мінску) ды іншыя сацыяльныя паслугі. Дзяржаве тут не варта браць непад’ёмны фінансавы цяжар, разумней будзе ствараць умовы для прыватных ініцыятыў (бо нават развіццё прыватных школ – добрая ідэя).

Менавіта недахопам комплекснасці можна ў значнай ступені тлумачыць мінулыя паразы Беларусі ў розных спробах рэгіянальнага развіцця – ад аграгарадкоў да гарадоў-спадарожнікаў. Швейцарскі цягнік, раён танных панэлек ці сучасны вясковы дом – самі па сабе яны не могуць кардынальна змяніць жыццё ў рэгіёне і прыцягнуць туды людзей ды грошы.

Трэба працаваць сістэмна, а ўніверсітэт – добрая нагода пачаць ды паспрабаваць.

Зрэшты, студэнт разумее, што едзе туды толькі на 4 гады, гэта не доўгатэрміновы выбар, эксперыментаваць так лягчэй.

Сусветны досвед: рэгіянальныя ўніверсітэты могуць добра працаваць

Гарвардскі ды Оксфардскі ўніверсітэты знаходзяцца зусім не ў сталіцах. Але рэгіянальныя ВНУ, да прыкладу, выдатна працуюць і ў блізкіх да Беларусі краінах.

У маленькай Літве таксама хапае праблем з залішняй цэнтралізацыяй (18 % насельніцтва жыве ў Вільні), аднак шэсць моцных ВНУ працуюць у Каўнасе; тры з іх уваходзяць у ТОП-6 універсітэтаў Літвы. У Польшчы ўніверсітэты ёсць, бадай, у кожным мядзведжым куце, пра што на асабістым досведзе даведаліся беларускія стыпендыяты праграмы імя Каліноўскага. Трэцяе месца сярод украінскіх універсітэтаў займае Сумскі, чацвёртае – Харкаўскі, моцныя ВНУ ёсць у Львове.

На жаль, патэнцыял беларускіх рэгіянальных універсітэтаў на сёння далёка не раскрыты.

У сусветных рэйтынгах іх пазіцыі жахлівыя: у Webometrics Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт (ГрДУ) займае 3122 месца, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (ГДУ) – 4295, у іншых пазіцыі яшчэ горшыя. Не ратуе і рэйтынг беларускага Міністэрства адукацыі: ГрДУ на сёмым месцы, ГДУ – на дзявятым, Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт – на восьмым. Сярод вучэльняў, у якія паступаюць з найвышэйшымі прахаднымі баламі, адзначыліся таксама толькі ГДУ (“Правазнаўства”, 363) і Віцебскі медыцынскі (“Фармацыя”, 333).

Не існуе звестак пра паходжанне студэнтаў рэгіянальных ВНУ, аднак выглядае, што там навучаецца пераважна мясцовая моладзь альбо юнакі ды дзяўчаты з іншых рэгіёнаў, але не са сталіцы. Калі хлопец з Мінска ці Гродна паедзе ў Мазыр – гэта будзе здзіўляльным выключэннем. Але для еўрапейца няма нічога дзіўнага ў тым, каб ехаць з аднаго рэгіёна ў другі дзеля цікавай спецыяльнасці. Гэтак едзе моладзь і ў Каўнас ды Львоў.

Паедуць маладзёны і ў беларускія рэгіёны, калі там будуць даваць годную адукацыю. І гэткі рух можа стаць свежым подыхам, штуршком для развіцця рэгіёнаў.