падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Дзе ў рэгіёнах захавалася жыццё і як яго не страціць

Дзе ў рэгіёнах захавалася жыццё і як яго не страціць
За МКАДам хапае патэнцыйных пунктаў эканамічнага і дэмаграфічнага росту, але іх неабходна развіваць.

Тое, што ў Беларусі ўсё вельмі кепска з дэмаграфіяй, ведаюць, бадай, усе (наша апошняе відэа нагадае). Але аналізуючы гэтыя працэсы, мы часта спрашчаем сітуацыю да фармулёўкі: “у Мінску ўсё расце, а рэгіёны дэградуюць”. Калі паглядзець на лічбы, то сітуацыя ў рэгіёнах не такая аднабаковая.

Для пачатку трэба зразумець, што Беларусь вельмі ўрбанізаваная краіна. Будучыня, якую ААН прадказвае свету ў 2050 годзе, наступіла ў Беларусі ўжо сёння: больш за 75 % нашага насельніцтва ўжо пражывае ў гарадах.

Мы часта спрашчаем сітуацыю да: “у Мінску ўсё расце, а рэгіёны дэградуюць”

Безумоўна, Мінск высмоктвае найлепшы чалавечы і эканамічны капітал краіны, але не толькі ён адзін. Нягледзячы на тое, што насельніцтва рэгіёнаў змяншаецца, рэгіянальныя цэнтры працягваюць развівацца.

Найбольш яскравы рост у апошнія 10 гадоў паказалі Гродна (+19 % жыхароў!), Брэст (+16 % жыхароў) і Гомель (+10 % жыхароў). Хоць Віцебск і Магілёў не маюць такой зайздроснай дынамікі, але і ім удалося павялічыць колькасць жыхароў.

Дэпрэсіўнасць, якую прыпісваюць рэгіёнам, добра відаць на прыкладзе меншых гарадоў. Абсалютная большасць раёнаў хутка губляе насельніцтва.

Адзіныя гарады, дзе за апошнія 10 гадоў захаваўся пазітыўна-нейтральны трэнд – гэта Баранавічы, Пінск, Салігорск, Полацка-Наваполацкая агламерацыя і Мазыр.

Калі адкінуць Мінск і абласныя цэнтры, астатняя краіна згубіла за мінулыя 20 гадоў больш за  1,2 млн чалавек, і працягне губляць і далей.

Што з гэтым рабіць?

На думку Івана Шчадранка, эксперта ў рэгіянальным развіцці, у Беларусі няма рэсурсаў, каб дапамагаць слабым рэгіёнам. Улічваючы, што трэнд на рост буйных гарадоў захаваецца, менавіта на іх і варта сканцэнтравацца. А каб гарады сталі сапраўднымі драйверамі рэгіянальнага росту, нам патрэбнае якасна новае гарадское кіраванне.

Сённяшнім мясцовым уладам не хапае палітычнай, фінансавай і структурнай аўтаноміі.

Для таго, каб нашыя стратэгіі развіцця лепш працавалі (а не было гэтак, як цяпер), яны мусяць вызначацца не рэспубліканскімі ўладамі, а распрацоўвацца на мясцовым узроўні, з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў.

Гарадскім уладам, адпаведна, будуць патрэбныя фінансавыя рэсурсы і якасныя кіроўныя кадры дзеля выканання такіх планаў. Калі сёння мясцовыя бюджэты толькі на 5 % фармуюцца з уласных прыбыткаў (астатняе рэспубліканскія падаткі і трансферты), а 87 % бюджэту ідуць на падтрыманне актуальных выдаткаў, то цяжка казаць пра нейкае развіццё.

Працоўныя кадры пажадана таксама рыхтаваць на месцах. Беларусі вельмі не хапае ўніверсітэтаў за межамі Мінска. Менавіта наяўнасць універсітэтаў аб’ядноўвае амаль усе рэгіянальныя цэнтры, дзе захавалася пазітыўная дэмаграфічная сітуацыя.

Мабыць, варта адкрыць універсітэты ў Оршы і Барысаве?

Таксама варта пачынаць мысліць кластарамі, а гарадскім уладам трэба часцей аб’ядноўваць супольныя намаганні (асабліва ва ўмовах фінансавага голаду). Полацк і Наваполацк, Мазыр і Калінкавічы, Барысаў і Жодзіна гэтым кластарам не хапае агульных (ці прынамсі сінхранізаваных) стратэгій развіцця і гатоўнасці аб’ядноўваць фінансавыя сродкі для буйных інфраструктурных праектаў.

Напрыклад, да 30 % транспартнага трафіка Полацка гэта працоўныя перамяшчэнні паміж двума гарадамі. У такіх умовах, відавочна, транспартная інфраструктура рэгіёна таксама мусіць максімальна спрыяць зручнаму перасоўванню працоўных кадраў, у тым ліку даваць доступ да сацыяльных сэрвісаў гарадоў.

Няма нічога кепскага ў тым, што беларусы масава пераязджаюць у гарады там вышэйшыя заробкі, лепшыя сацыяльныя стандарты, высокая насычанасць жыцця.

Але калі мы хочам, каб у краіне развіваўся не толькі Мінск, а рэгіянальныя гарады сталі рухавікамі эканомікі, нам трэба змяняць падыходы да гарадскога кіравання.