За дзесяцігоддзе эканамічнага роста Беларусі ўдалося зменшыць беднасць у дзесяць разоў. Гэта вельмі добры вынік. Даследванні паказваюць, што гэты эканамічны рост спрыяў у найбольшай ступені найменш забяспечаным жыхарам нашай краіны. Але рост эканомікі змяніўся падзеннем, і трэба рэагаваць на гэта, каб беднасць ізноў не стала вялікай праблемай.
Што такое беларуская беднасць
Чалавека лічаць бедным, калі ягоны даход меншы за нейкі “крытычны” узровень – рысу беднасці. У Беларусі такой (афіцыйнай) рысай з’яўляецца пражытковы мінімум. У кошык пражытковага мінімуму уваходзяць харчовыя тавары, якія забяспечваюць мінімальны ўзровень каларыйнасці, патрэбны для чалавека, і вельмі абмежаваны набор нехарчовых прадуктаў ды паслугаў.
Гэтак было да верасня 2014 года. Але тады ўлады чамусці вырашылі, што будзе дастаткова ацэньваць кошт прадуктаў харчавання і памнажаць яго на фіксаваны каэфіцыент (1,77). У верасні 2014 года гэта адпавядала ранейшай методыцы, але з таго часу вельмі моцна ўздаражэлі камунальныя паслугі, а кошт пражытковага мінімума мяняўся толькі ўслед за цэнамі на прадукты харчавання. Значыць, афіцыйная рыса беднасці заніжаная і беднасць некалькі вышэй, чым паводле афіцыйных дадзеных.
Нарэшце, афіцыйна слова “беднасць” у нас пазбягаюць – замест яго ўжываецца “малазабяспечаннасць”.
Яшчэ адзін паказчык, які публікуецца Белстатам – гэта так званая “суб’ектыўная” беднасць. Людзям задаюць пытанне, як яны ацэньваюць свой дабрабыт. Яшчэ Адам Сміт пісаў, што беднасць – гэта немагчымасць прытрымлівацца нейкіх “сярэдніх” сацыяльных стандартаў. І калі людзі адказваюць, што не задаволены сваім матэрыльным становішчам, яны параўноўваюць сябе з іншымі.
Таму, калі паводле афіцыйных дадзеных беднасць у Беларусі сягала 50%, беднымі сябе лічыла прыкладна траціна насельніцтва. А зараз, калі “аб’ектыўная” беднасць складае каля 6%, то суб’ектыўная будзе прыкладна 15%. (Белстат падрабязна тлумачыць розныя падыходы ў гэтай прэзентацыі (апошнія дадзеныя там за 2012 год)).
У якіх рэгіёнах беднасць найбольшая
У Мінску бедных, вядома ж, найменш – усяго 1% паводле ўзроўню малазабяспечанасці, хоць у краіне гэты паказчык у разы большы. Рэгіянальныя адрозненні даволі ўстойлівыя.
Напрыклад, у 1995-ым беднасць у Гродзенскай вобласці была адна з найвышэйшых, а цяпер Гродзенская вобласць паводле дабрабыту другая пасля Мінска. Гомельская вобласць даўней пачувалася “сярэдне”, а цяпер рызыка стаць бедным там найвышэйшая па краіне. Адна з прычын – розны узровень беднасці сярод людзей, якія знаходзяцца ў працаздольным веку, але пры гэтым не працуюць і не з’яўляюцца беспрацоўнымі. У Гродзенскай вобласці беднасць сярод гэтай катэгорыі – прыкладна 1,5%, а ў Гомельскай – больш за 20%.
Высокі ён і ў астатніх рэгіёнах.
Бо звычайна калі чалавек, скажам, у 40 год не працуе і не шукае працы, то гэта значыць, што ён спіўся і цягне на дно сваю сям’ю, калі яна ў яго ёсць. А ў Гродзенскай вобласці гэта можа азначаць, што ён проста зарабляе сабе кавалак хлеба кантрабандай цыгарэт і алкаголя.
Гомельская вобласць наймацней пацярпела ад крызісу, бо яна вельмі залежыць ад буйной прамысловасці. Спад у такой прамысловасці пачаўся яшчэ ў 2014-м. Адпаведна, калі ўпалі прыбыткі прамысловых гігантаў і даходы тых, хто на іх працаваў, “пасыпаўся” увесь ланцужок заробкаў – і ў паслугах, і на тых прадпрыемствах, якія гэтых гігантаў абслугоўвалі. А яшчэ і ў Расіі праблемы – нашым працоўным мігрантам стала цяжка знайсці там працу – вось і пачаліся праблемы з беднасцю.
Хто ў Беларусі можа патрапіць у пасткі беднасці
Першы фактар рызыкі – месца, дзе ты жывеш. Людзі, якія нарадзіліся і засталіся жыць у дэпрэсіўным рэгіёне, сутыкаюцца з большай рызыкай беднасці. Ёсць у Беларусі раённыя цэнтры, дзе жыве 7-8 тысяч чалавек і дзе магчымасцяў не тое што зарабіць вялікія грошы, але і проста знайсці працу вельмі мала. Развівай там малы бізнес, не развівай – людзі шмат не заробяць, аказваючы адно аднаму паслугі.
Увогуле, найбольшы фактар рызыкі – беспрацоўе.
Калі ты ў Беларусі беспрацоўны, то ты і твая сям’я могуць лёгка патрапіць за рысу беднасці, бо ў краіне фактычна не існуе сістэмы сацыяльнай абароны беспрацоўных. Не можам жа мы назваць сённяшнюю дапамогу па беспрацоўі на ўзроўні 20% пражытковага мінімуму сацыяльнай абаронай. Ды й атрымліваюць яе менш за 10% ад фактычных беспрацоўных.
Таксама на рызыку беднасці уплываюць ўзровень адукацыі і сямейнае становішча. Вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыі даюць фінансавую аддачу, а сярод людзей з нізкім узроўнем адукацыі беднасць больш распаўсюджаная. А ў няпоўных сем’ях адзін працоўны чалавек мусіць і за камуналку плаціць, і за ўсе іншыя рэчы, што таксама моцна павялічвае рызыку беднасці.
Яшчэ адна праблема, якой не відаць з афіцыйных дадзеных – гэта сем’і пенсіянераў альбо самотныя пенсіянеры. Выглядае, што пенсіянеры – гэта афіцыйна адна з найменш бедных груп, бо мінімальная працоўная пенсія прыкладна роўная пражытковаму мінімуму, таму сярод пенсіянераў бедных усяго 1-2%. Але адносна астатняга грамадства пенсіянеры – бедныя.
У выпадку, калі пенсіянер самотны, то ён сам плаціць за камунальныя паслугі, прычым гэта робіць перадусім гарадскі пенсіянер, а не вясковы. Другая праблема – гэта лекі. І тады, калі падлічыць, што кошык прадуктаў і паслугаў у гэтых людзей выглядае інакш, чым звычайна, то становіцца відавочна, што гэта вельмі ўразлівая група.
Зусім кепска, калі да гэтага дадаецца сын-алкаголік, які прапівае бацькоўскую пенсію. Алкагалізм і падобныя з’явы, мабыць, адзін з найбольшых фактараў рызыкі, хоць ацаніць гэта на падставе наяўных дадзеных немагчыма.
Так ці інакш, усё круціцца вакол таго, ці мае чалавек працу і ці падтрымлівае дзяржава чалавека, які гэтую працу страціў. Бо, калі чалавек губляе працу, улады яму звычайна нічога не даюць, а цяпер яшчэ і хочуць спагнаць з яго нейкі падатак.
Таму людзі шукаюць выйсце самі: хто ў працоўную эміграцыю падаецца, хто ў агародзе працуе.
Але гэта не найлепшыя рашэнні – ці можна гаварыць пра рост прадукцыйнасці працы, калі людзі з’язжаюць ці займаюцца натуральнай гаспадаркай?
Як змагацца з беднасцю
Па-першае, трэба зрабіць пераразлік кошыка пражытковага мінімуму з улікам павышэння кошту камунальных паслуг і змяніць сістэму падтрымкі, звязаную з павышэннем камунальных тарыфаў. Замест падліку, колькі чалавек зарабляе і колькі складаюць ад гэтага аплаты камуналкі, дзяржава магла б проста падтрымліваць уразлівыя групы – самотных пенсіянераў, шматдзетныя ці няпоўныя сем’і. Падрабязней пра ідэю – тут.
Па-другое, варта глядзець на дадатковыя паказчыкі беднасці, якія дазваляюць пабачыць тыя групы, што знаходзяцца на мяжы афіцыйнай беднасці, да прыкладу, самотныя пенсіянеры.
Па-трэцяе, і гэта самае істотнае, трэба змяніць сістэму падтрымкі беспрацоўных.
Можна без зменаў захаваць тую сістэму, якая існуе цяпер, але я б павысіў дапамогу да ўзроўню пражытковага мінімуму для ўсіх беспрацоўных. Калі чалавек згубіў працу, то няхай паўгода мае магчымасць атрымліваць пражытковы мінімум – гэта ўсё адно не тыя грошы, каб можна было казаць пра нейкі камфорт. Але прынамсі чалавек будзе ведаць, што яму і ягонай сям’і будзе што есці ў гэты час.
Гэта пры тым, што нашая сістэма, калі чалавек яшчэ абавязаны адпрацаваць нейкі час на грамадскіх працах, дае чалавеку больш стымулаў знайсці працу, чым у развітых краінах. Там людзі гадамі могуць жыць на дапамогу па беспрацоўі і працу шукаць нават не думаюць.
У нас жа такія стымулы ёсць і застануцца, нават калі падтрымка павысіцца да ўзроўню пражытковага мінімуму.
Вядома, гэта дадатковыя выдаткі, але пад такую святую мэту і Сусветны банк на першы час зможа дапамагчы, і МВФ не будзе супраць, калі частка яго сродкаў пойдзе на фінансаванне гэтай праграмы. І, канешне, калі дзяржава скароціць субсідыяванне неэфектыўных прадпрыемстваў і зробіць рэструктурызацыю, то з’явяцца дадатковыя грошы ад падаткаў і эканоміі на субсідыях. Хай трэба знайсці нават 1% ад ВУП на год-два, але гэта будзе вельмі адраснае вырашэнне праблемы беднасці.
І ўрэшце трэба спыніць падзенне беларуская эканомікі. Рэцэпт, як зменшыць беднасць, палягае ў тым, каб нарэшце разабрацца са стратнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Як не дзіўна, рашэнне праблемы беднасці ў Беларусі патрабуе структурных рэформ, якія б далі людзям магчымасць самім зарабляць грошы, а не чакаць дапамогі ад дзяржавы.