падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Тры графікі, якія тлумачаць знікненне нафтагазавых субсідыяў

Тры графікі, якія тлумачаць знікненне нафтагазавых субсідыяў
Беларусь дзесяцігоддзямі ўдала карысталася прэферэнцыямі ад Расіі, але гэтыя часы прайшлі.

Пачатак года беларуская эканоміка працягвае стабільным падзеннем у 4 % ВУП і 13 % дэвальвацыі рубля. Хоць сапраўдныя прычыны зацягнутай рэцэсіі хаваюцца ў тым, што старая мадэль росту эканомікі памерла – менавіта рэзкае падзенне коштаў на нафту забіла ўсе надзеі на рост ВУП. Падзенне нашай эканомікі выкліканае не толькі рэцэсіяй у нашага галоўнага гандлёвага партнёра – Расіі, але і таму, што нафтапрадукты складаюць больш за 20 % экспарту Беларусі.

Нафтавы афшор “схлопваецца”?

У 2015-ым Беларусь экспартавала нафты на $ 4 млрд менш, чым за 2014 год і амаль на $ 10 млрд менш у параўнанні з 2012 годам. Прычым гэта адбывалася пры росце фізічных аб’ёмаў экспарту ў 2015 годзе ў суадносінах з 2014 годам.

Такія кардынальныя змены балюча ўдарылі па нафтаперапрацоўчых заводах. Калі іх прыбытковасць скарацілася (у “Нафтана” ў 2,6 разоў) у 3-ім квартале 2015-га, то нафтаперапрацоўка і нафтаздабыча сышлі ў мінус ужо ў студзені 2016-га. У бюджэце на 2016-ы год гэта адлюстравалася адразу – з-за падзення сусветных коштаў там з’явілася дзірка ў $ 1,7 млрд.

Улічваючы, што цэны ў калідоры $ 30-40 за барэль нафты рызыкуюць захавацца надоўга, бюджэт можа забыць пра плыні нафтадолараў, а заадно і пра перспектывы дарагой прыватызацыі нафтаперапрацоўчых заводаў. Танную бензакалонку ў цэнтры Еўропы чакаюць цяжкія часы.

Газавая субсідыя знікае

Другім пасля нафты бонусам шчыльнай інтэграцыі з Расіяй з’яўлялася адчувальная зніжка на газ. Праўда, на сусветных рынках кошты на газ прывязаныя да коштаў на нафту. Таму ў 2016-ым “Газпром” будзе экспартаваць газ у Заходнюю Еўропу па самай нізкіх за апошнія 11 гадоў цэнах.

Беларусь жа заўсёды атрымлівала газ на спецыяльных умовах, таму ўжо некалькі месяцаў спрабуе дамовіцца на атрыманне зніжкі ў $ 10 на гэты год, у той час як Германія будзе плаціць на $ 40 менш. Калі раней розніца ў цане на газ з краінамі-суседзямі складала больш за $ 200 на 1 тыс. кубаметраў, то цяпер гэта лічба зменшылася да $ 70. У выніку некаторыя галіны беларускай эканомікі без гэтых перавагаў губляюць сваю канкурэнтаздольнасць, як, напрыклад,  цэментныя заводы, у якія інвеставалі больш за $ 1 млрд, а сённяшняя загрузка складае ад 40 % да 80 %.

Канец казцы?

Пікам атрымання прэферэнцыяў ад Расіі варта лічыць 2012 год. Тады сумарны памер субсідыяў складаў каля $ 10 млрд (16 % ВУП), а экспарт тавараў склаў рэкордныя $ 46 млрд (у 2015 – $ 26 млрд).

Цяпер большая частка з гэтых 16 % ВУП знікае і эканоміка вымушаная злазіць з нафтагазавай іголкі.