падтрымаць нас

Даследванні

Медыйны вобраз Беларусі за мяжой у 2021-2022

Медыйны вобраз Беларусі за мяжой у 2021-2022

Што замежныя медыя пішуць пра Беларусь? Якія беларускія асобы і падзеі цікавяць замежную аўдыторыю? Што рабіць, каб прыцягнуць увагу да дзеянняў беларускіх дэмакратычных сілаў, а не толькі рэжыму? Чытайце ў новым даследаванні Цэнтра новых ідэй.

Спампаваць PDF / Download PDF

Як праводзілася даследаванне?

У межах даследавання нас цікавілі два асноўныя пытанні: 1) Якім чынам міжнародныя СМІ асвятлялі падзеі ў Беларусі ад ліпеня 2021-га да ліпеня 2022-га года? 2) Як журналісты замежных выданняў працуюць з асвятленнем беларускай павесткі? Для адказу на гэтыя пытанні мы зладзілі якасны кантэнт-аналіз 17 выданняў з 10 краінаў, а таксама 8 інтэрв’ю з карэспандэнтамі замежных СМІ.

Рэзюмэ

Аналіз медыявыданняў дазволіў зрабіць некалькі высноваў. Па-першае, замежныя СМІ асвятляюць Беларусь перадусім у кантэксце геапалітычных падзей, такіх як
вайна ці міграцыйны крызіс. Па-другое, беларускія ўлады, у прыватнасці, Лукашэнка, з’яўляліся галоўнымі героямі артыкулаў пра Беларусь, у той час як асоба Ціханоўскай ці дзейнасць беларускай апазіцыі заставаліся менш заўважнымі. Па-трэцяе, замежныя выданні апісваюць беларусаў як ахвяраў рэжыму, якія не падтрымліваюць вайну ва Украіне. Галоўнай прычынай таго, што беларускі пратэст не перамог хутка, медыі прадстаўляюць рэпрэсіі і дапамогу рэжыму з боку Расіі.

Рэспандэнты, якія ўзялі ўдзел у інтэрв’ю, – прадстаўнікі буйных сусветных СМІ, журналісты, якія працуюць з тэмай Беларусі не менш, чым з пачатку выбарчай кампаніі 2020-га года. У параўнанні з 2020-ым годам колькасць матэрыялаў пра Беларусь, натуральна, знізілася. Тым не менш, на думку рэспандэнтаў, уздым дэмакратычнага руху цягам 2020-га года ў Беларусі запомніўся замежнай аўдыторыі. Самі журналісты таксама захавалі цікаўнасць да краіны і герояў, пра якіх стваралі матэрыялы. Аднак такая цікаўнасць нярэдка супярэчыць палітыцы рэдакцыі, калі СМІ пішуць пра нішавыя тэмы, кшталту Беларусі, пераважна ў кантэксце крызісных падзей і гарачых навін. Асноўны ракурс, які цікавіць цяпер замежную аўдыторыю, – гэта ўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Нягледзячы на ўсталяваныя сувязі паміж журналістамі і беларускай апазіцыяй, абмежаванні для дзейнасці журналістаў у Беларусі (такія як забарона на ўезд, пазбаўленне акрэдытацый і цяжкі доступ да інфармантаў у Беларусі) значна ўскладняюць асвятленне беларускіх падзеяў замежнымі выданнямі. Акрамя таго, беларуская тэматыка з’яўляецца нішавай для замежнай аўдыторыі. Змяшчэнне беларускіх тэмаў у глабальны кантэкст, які выклікае інтарэс у аўдыторыі замежных выданняў, а таксама асвятленне Беларусі ў кантэксце рэгіянальнай бяспекі, на наш погляд, могуць уплываць на рост увагі да Беларусі як у медыях, так і ў асяроддзі замежных палітыкаў.

Спампаваць PDF / Download PDF