• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Лесі цікава: люстрацыя ці прымірэнне?

    Не забудзем і не прабачым? Звольнім усіх і набярэм новых? Альбо пойдзем па шляху прымірэння ўсіх, хто быў у гэтыя вірлівыя час па розных баках барыкад?

    У Беларусі амаль 200 тысяч дзяржслужбоўцаў. Частка з іх груба парушалі правы чалавека як мінімум з 9-га жніўня. Іншыя – ездзілі па дварах і абразалі бел-чырвона-белыя стужкі. Трэція – захоўвалі маўчанне. 

    У працэсе дэмакратызацыі Беларусь амаль непазбежна сутыкнецца з выбарам: люстрацыя ці прымірэнне з тымі, хто спрыяў парушэнню правоў чалавека. Каардынацыйны савет ужо падрыхтаваў Канцэпцыю аднаўлення законнасці і прымірэння. Але многім шлях прымірэння можа падацца недарэчным, бо ў Тэлеграм-каналах толькі і чуваць “Не забудзем, не прабачым”. 

    This image has an empty alt attribute; its file name is Untitled-design-6.jpg

    Якія настроі ў чыноўнікаў, ці магчыма прымірэнне і па якой схеме яно можа адбывацца. Пра гэта я пагаварыла з дырэктаркай SYMPA Наталляй Рабавай, адказным за знешнюю палітыку і гандаль НАУ Анатолем Котавым, аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзімам Мажэйкам.

    1. Якія сёння настроі ў чыноўнікаў? Пры якіх умовах можна чакаць пераходу чыноўнікаў на бок народа?

    Наталля Рабава: Мне здаецца, у большасці чыноўнікаў, не звязаных з сілавым блокам і з выбарамі, пазіцыя прыкладна такая: мы тут у Міністэрстве эканомікі (транспарту, гандлю і г.д.) нічога дрэннага не робім, ды і куды нам дзявацца? Умоўнага масавага пераходу можна чакаць толькі пры канчатковым развале сістэмы. Адзінкі сыходзяць з-за ідэалагічных меркаванняў, астатнія проста ходзяць на працу і робяць сваё.

    Анатоль Котаў: Настроі розныя. Ёсць розныя катэгорыі чыноўнікаў. Набліжаныя выдатна разумеюць, што трэба ісці да канца. Тут няма варыянтаў і свабоды дзеянняў. Выхад з сістэмы азначае абвінавачанне ў здрадзе з усімі наступствамі. Хоць кожны дзень змушае ўсё больш і глыбей запэцквацца. Калі раней была эканоміка, то зараз выразная асацыяцыя з катаваннямі, забойствамі, у цэлым – з фашызмам. Яны выдатна ўсведамляюць, што робяць.

    Другая катэгорыя – тыя, каму больш няма куды ісці. Для іх дзяржслужба – гэта вяршыня мараў. Яны неканкурэнтаздольныя на рынку працы з розных прычынаў. Але ёсць крэдыты, нейкія абавязацельствы. Яны ў разгубленасці. Ім патрэбная выразная альтэрнатыва. У апазіцыі яны не бачаць прыцягальнай альтэрнатывы, бо глядзяць на яе праз прызму стэрэатыпаў. Таму будуць далей працаваць па накатанай – сяк-так.

    Трэцяя катэгорыя – тыя, хто і хацеў бы сысці, але пасля рэпрэсій баіцца. Яны схаваліся пад плінтус і будуць там сядзець з надзеяй на тое, што як-небудзь усё вырашыцца. У гэтай сітуацыі найлепшае выйсце пры любым раскладзе “проста рабіць сваю працу”. Улада ацэніць, а новая ўлада, можа, і не пакарае. Таму не варта чакаць сур’ёзнага расколу элітаў, пакуль рэпрэсіі мацнейшыя за грамадства.

    Вадзім Мажэйка: Не трэба спекуляцыяў, бо, па шчырасці, мы не ведаем, што робіцца ў галовах чыноўнікаў. Нейкая іх частка, асабліва ніжэйшага і сярэдняга звяна, падтрымлівае перамены і галасавала за Ціханоўскую – бо яны такія самыя людзі, як і большасць грамадства. Нейкая частка, асабліва на вышэйшых пасадах, падтрымліваюць калі не Лукашэнку асабіста, то захаванне дзейснай мадэлі. Робяць яны гэта з цалкам зразумелых прагматычных матываў: ні пры якой іншай уладзе яны не будуць жыць лепей.

    Але якія суадносіны розных частак чынавенства і хто дакладна гатовы на пэўныя крокі для адстойвання сваёй пазіцыі – невядома.

    Зрэшты, першае правіла палацавага перавароту  – нікому не распавядай пра палацавы пераварот заўчасна.

    2. У Беларусі амаль 200 тыс. чыноўнікаў. Частка з іх была наўпрост звязаная з грубымі парушэннямі правоў мірных беларусаў. Што рабіць з гэтымі людзьмі ў новай Беларусі: ладзіць люстрацыю ці настройвацца на прымірэнне?

    Наталля Рабава: Я супраць прымірэння ў сэнсе “перагарнуць гэтую старонку”, зрабіць выгляд, што нічога не было. Законнасць трэба аднаўляць (або ўсталёўваць). Гэта значыць, што за парушэнне законаў трэба судзіць. Важная не жорсткасць пакарання, а яго непазбежнасць. Ці праводзіць люстрацыю далей – справа дыскусійная. Пры рэформе сістэмы дзяржкіравання трэба ў любым выпадку ўводзіць атэстацыю дзяржслужбоўцаў.

    Прымірэнне павінна быць у тым сэнсе, што парушальнікам закона нельга помсціць, адказваючы ім гвалтам на гвалт. Трэба судзіць, так, але па законе, бесстаронна, паважліва, выконваючы правы чалавека. І пасля пакарання шанец на паўнавартасную інтэграцыю ў грамадства.

    Анатоль Котаў: Гэта вельмі складанае пытанне. Я шмат разоў спрабаваў разважаць на гэтую тэму. Чым даўжэй цягнецца крызісная сітуацыя ў грамадстве, тым больш складаны і доўгі будзе працэс прымірэння, тым мацнейшы будзе запыт на люстрацыю, тым больш складана будзе дараваць і праявіць гуманізм. Як прыняць суседа, які цябе здаваў у органы з-за зефіркі або сцяга? Гэта сітуацыя з Магарычам з “Майстра і Маргарыты”, з той толькі розніцай, што адкруціць назад гэта нельга.

    Вадзім Мажэйка: Як і з палацавым пераваротам пра люстрацыю не трэба гучна крычаць загадзя. Але ў пэўнай ступені яна непазбежная, бо ў грамадстве сёння велічэзны запыт на вяртанне справядлівасці. Любая новая ўлада, хоча яна таго ці не, будзе проста вымушаная праводзіць следства і паказальныя працэсы: і за палітычныя рэпрэсіі, і за катаванні ды забойствы пратэстоўцаў, і за фальсіфікацыі выбараў.

    Іншая справа, што пакаранне, на жаль, не будзе ў роўнай ступені непазбежным для ўсіх. Фактычна будуць пакараныя дзве катэгорыі:  па-першае, самыя старанныя, як кіраўніцтва ГУБАЗіКа альбо аматары “Масандры”; па-другое, самыя няўдачлівыя, якія мо здзяйснялі  злачынствы не болей за іншых, але ў іх выпадку захаваліся доказы. Гэта, напрыклад, сілавікі, якія трапілі без масак на фота і відэа, альбо фальсіфікатары выбараў на ўчастках, дзе давераныя асобы кандыдытаў задакументавалі парушэнні.

    Для большасці парушэнняў няма доказаў альбо датычныя проста паспеюць гэтыя доказы знішчыць. І пытанне люстрацыі здымецца само сабой.

    3. Каардынацыйная рада падрыхтавала Канцэпцыю аднаўлення законнасці і прымірэння. Як вы лічыце, як можа выглядаць патэнцыйнае прымірэнне ўсіх беларусаў?

    Наталля Рабава: Я падазраю, што прымірэння ЎСІХ беларусаў не будзе. Вельмі шмат асабістых і вельмі цяжкіх гісторый, траўмаў. Я магу такое ўявіць толькі ў выпадку масавай псіхатэрапіі, але разлічваць на гэта не даводзіцца.

    Анатоль Котаў: Гэта адзін са сцэнароў развіцця сітуацыі, і наўрад ці здзяйсняльны. Гэта індульгенцыя на гвалт, таму што наперадзе ўсёдараванне. Няма сцэнара. Ведаю адно: наперадзе пакаянне, суд, пакаранне і прымірэнне. У якіх прапорцыях – гэта пытанне, на якое няма адказу.

    Вадзім Мажэйка: Замацаваныя ў канцэпцыі прынцыпы выканання законнасці ды індывідуальнай адказнасці – гэта вельмі добра. Але канцэпцыя апісвае толькі юрыдычны бок справы. Грамадскае прымірэнне не рэгулюецца толькі судамі і штрафамі.

    Ці наймаць на працу таго, хто ў 2020-ым годзе працаваў у сілавых структурах альбо ў Адміністрацыі прэзідэнта? Ці падаць руку таму, хто быў чальцом выбарчай камісіі і маўчаў падчас фальсіфікацыяў, апусціўшы вочы долу? Як знаходзіць агульную мову з суседзямі-ябацькамі? Гэта пытанні на ўзроўні асабістай маралі і этыкі.

    Мяркую, тут Беларусі спатрэбіцца міжнародны досвед недзяржаўных арганізацый, якія займаліся пытаннямі грамадскага прымірэння ў краінах пасля ўнутраных канфліктаў, грамадзянскіх войнаў і каштоўнасных сутыкненняў.

    Фота: Павел Крычко

    ПаказацьСхаваць каментары