• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Што пра нас людзі кажуць? Канспект дыскусіі ЦНІ пра медыйны вобраз Беларусі за мяжой

    Цэнтр новых ідэй выпусціў адмысловае даследаванне пра вобраз Беларусі ў замежных СМІ за 2020-2021 гг. Вынікі гэтай аналітычнай працы былі абмеркаваныя на анлайн-дыскусіі з экспертамі. Прапануем вашай увазе канспект з гэтага мерапрыемства з галоўнымі думкамі адмыслоўцаў.

    Як рабілася даследаванне:

    • прааналізаваныя 10 замежных выданняў;
    • кантэнт-аналіз публікацый ад 14-га ліпеня 2020-га года (у гэты дзень абвяшчаліся зарэгістраваныя ў прэзідэнцкай гонцы кандыдаты) да 14-га ліпеня 2021-га;
    • вызначаўся шэраг кодавых словаў і потым паводле іх апісвалася, як прэзентуецца Беларусь і як падаюцца навіны з яе ў замежных СМІ;
    • агулам за год было прааналізавана 3 269 артыкулаў. Былі праведзеныя і фокус-групы тых, хто працуе з замежнымі СМІ (дэмакратычныя сілы, грамадска-палітычныя праекты і дыяспара), каб выявіць іх стратэгіі супрацы і ўзаемадзеяння;
    • аналізаваліся нямецкія, расійскія, польскія, іспанскія, шведскія, амерыканскія, французскія выданні.

    Ад Ціханоўскай да Пратасевіча

    Відавочна, што ў жніўні 2020-га больш за ўсё казалі пра Ціханоўскую і выбары, а ў маі 2021-га ў цэнтры ўвагі стаў Пратасевіч. Падаецца, што гэта натуральна, але за гэты перыяд былі цэлыя месяцы, калі пра Ціханоўскую дык і наогул не пісалі. Або Марыя Калеснікава – як толькі яна трапіла ў турму, згадванне пра яе зменшылася ў 10 разоў.

    Адметнасць і ў тым, што калі замежныя СМІ пішуць пра санкцыі, то ім важная пазіцыя Захаду. Ім менш важны ўплыў тых падзей на беларускае грамадства, палітычны рэжым і т.п.

    Вобраз Святланы Ціханоўскай 

    Ціханоўская за ўвесь перыяд часцей за ўсё згадваецца як палітычны лідар, але нашмат менш згадваецца як жонка Сяргея Ціханоўскага, хаця ў нашых медыях гэты дыскурс раней панаваў. Што цікава, яе міжнародныя візіты амаль не згадваліся ў замежных СМІ. Гэта для нас навіна і важнае дасягненне, а для замежнікаў тое застаецца незаўважнай падзеяй. Нават калі гэта была сустрэча з Джо Байдэнам ці Борысам Джонсанам.

    Трэцяя па папулярнасці тэма – беларускія СМІ. Шмат пісалі і пра рэпрэсіі супраць іх.

    У асвятленні пытання санкцыяў дамінуе пазіцыя Захаду. Рэдка пісалі пра іх уздзеянне на Беларусь ці пазіцыю рэжыму ці Расіі адносна санкцый.

    «Белая Расія» vs. Belarus

    Удалося паглядзець, як выкарыстоўваецца назва нашай краіны. Калі ў 2020-ым годзе 19 % артыкулаў выкарыстоўвалі назву «Белая Расія», то ў 2021-ым годзе назва «Беларусь» выкарыстоўвалася ў большасці выданняў, а назва «Белая Расія» толькі ў 10 %.

    Але ў тых жа расійскіх СМІ бываюць розныя падыходы. Тая ж «Медуза» ў свой час наогул дала права сваім аўтарам самастойна выбіраць, які варыянт выкарыстоўваць.

    Унёсак дыяспары, палітычных сілаў і грамадска-палітычных праектаў

    Шмат хто з прадстаўнікоў дыяспары ўзаемадзейнічае з журналістамі замежных СМІ наўпрост: і праз прэс-рэлізы, і праз асабістыя кантакты. Часам беларусам даводзіцца быць яшчэ і верыфікатарамі інфармацыі ці тлумачыць нейкія беларускія падзеі, рэаліі. Напрыклад, некалькі тысяч пратэстоўцаў на мітынгу ў Гомлі – гэта сапраўды шмат ці не?

    У Швецыі і Украіне дыяспара ганарыцца тым, што прывучылі тамтэйшыя СМІ не называць Лукашэнку прэзідэнтам. А офіс Ціханоўскай зменшыў уплыў тэмы ўдзелу Пратасевіча ў ваенных дзеяннях на ўсходзе Украіны.

    Вынікі і рэкамендацыі

    Беларусь сыходзіць з парадку дня. Артыкулаў пра нас і нашыя праблемы паменела. Ёсць і асаблівасці, напрыклад, тыя, хто трапляе ў турму, знікаюць з павесткі і фокусу.

    Прадстаўнікам дыяспар, якія наўпрост працуюць з замежнымі журналістамі, не хапае каардынацыі з нашымі апазіцыйнымі палітыкамі і грамадска-палітычнымі праектамі. Часам Беларусь дамінуе толькі ў сувязі з Расіяй.

    Рэкамендацыі:

    • шукаць і ўсталёўваць сувязі з амбасадарамі Беларусі за мяжой. Кожны чалец з дыяспары павінен мець 1-2 журналістаў для кантакту і мае навучыцца эфектыўна прасоўваць беларускую павестку;
    • прапаноўваць унікальную інфармацыю;
    • каардынаваць медыйныя меседжы;
    • выпраўляць памылкі ў замежных выданнях;
    • праводзіць медыя-маніторынг замежных СМІ;
    • прыцягваць увагу журналістаў замежных СМІ да тэмы палітзняволеных.

    Беларускага голасу не чутно

    Не сказаць, што яго за год не было зусім, але дакладна было мала. Калі і з’яўляліся новыя ракурсы і пытанні, то ўзаемадзеянне з замежнымі СМІ паляпшалася, але толькі ўсплёскамі. Таму можна сказаць, што мы прайгралі інфармацыйную кампанію.

    Нам пашанцавала, што пэўны час у свеце не было параўнальных з нашымі пратэстаў і праблемаў. Але мы не зможам рэгулярна канкураваць і спаборнічаць з іншымі пунктамі на Зямлі, дзе будуць цунамі ці рэвалюцыі. Асабістыя кантакты з журналістамі заходніх СМІ і спробы такім чынам навязаць нашую павестку могуць у такім выпадку не спрацаваць. У выніку да нас будуць звяртацца з нагоды нейкай гадавіны. Як да Сірыі ставяцца: хто цяпер памятае, калі там пачаліся пратэсты, што потым выліліся ў грамадзянскую вайну?

    Прафесійна працаваць з беларускім кантэнтам можна і патрэбна, але над гэтым дакладна трэба працаваць больш дасканала.

    Што можна зрабіць, каб нас пачулі:

    • зразумець, што моц дыяспары не ў тым, каб быць капсульным сусветам беларусаў у нейкай краіне і напрацоўваць самастойна сувязі. Моц ва ўзаемадзеянні з грамадзянскай супольнасцю, палітыкамі, бізнесам у Беларусі і выкарыстоўваць іх магчымасці. І не баяцца звяртацца да прафесіяналаў. Прыклад – як прыцягвалі ўвагу да Андрэя Аляксандрава.
    • прыярытэзаваць голас з Беларусі ад Беларусі. У нас ёсць добрыя СМІ, якія не прасоўваюць штучна нейкіх палітыкаў. Але ў такіх медыяў ёсць праблема: няведанне мовы і немагчымасць мець прафесійныя кантакты за мяжой, і праз гэта – недавер. Замежнікам не зразумела, як верыфікаваць інфармацыю. Гэта можна вырашыць рассылкай – англа- і рускамоўнай. Замежнікам гэта выгадна, бо не трэба марнаваць рэсурсы, чалавечыя і фінансавыя, на здабычу інфармацыі.
    • медыі і журналістаў трэба навучыць, як рабіць пітчынг пэўных праблемаў, як іх прасоўваць.
    • менш меседжынгу, больш захапляльнага, прывабнага кантэнту. Калі мы супольна будзем прадумваць аналітыку і пераконваць сусветныя СМІ асвятліць тую або іншую праблему, то як мінімум раз на месяц можна рабіць уздым цікавасці да нашых праблемаў і тэмаў.
    • у некаторых краінах мае сэнс працаваць з рэгіянальнымі СМІ. Іх таксама актыўна чытаюць, і яны не маюць такога шырокага выбару тэмаў, як вялікія медыі. Калі дыяспара ці проста актыўныя беларусы за мяжой будуць з імі звязвацца і распавядаць пра тое, што ў нас адбываецца, то людзі будуць даведвацца пра нас і нашыя турботы. Але і тут трэба сістэмна працаваць, а не проста прапаноўваць: «А напішыце вось пра гэта…».

    Фота: ТАСС

    ПаказацьСхаваць каментары