• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Як эканамічная свабода зрабіла Ганконг багатым

    Гісторыя поспеху ранейшага порту піратаў і злодзеяў.

    Ганконгскі аэрапорт, які прымае больш за 50 млн пасажыраў штогод, застаецца адным з найлепшых у свеце. Ён быў пабудаваны на штучнай выспе, дзякуючы чаму тэрыторыя правінцыі павялічылася на 1 %. Цяжка паверыць, што 200 гадоў таму Ганконг быў прытулкам для піратаў. Цяпер жа, няледзячы на правінцыйны статус, каля 115 краінаў маюць тут свае консульствы (больш чым у любым іншым горадзе на свеце) і месціцца каля васьмі тысячаў хмарачосаў.

    Даследаванне эканамічнай свабоды, якое штогод публікуе The Wall Street Journal і аналітычны цэнтр The Heritage Foundation, паказвае, што Ганконг ужо дваццаць гадоў застаецца сусветным лідарам па эканамічнай свабодзе. Калі Ганконг атрымаў у рэйтынгу 90 балаў са 100 магчымых, то Злучаныя Штаты маюць 75,5, а Беларусь усяго толькі 50,1.

    Такім чынам Ганконг стаўся галоўным “запаведнікам капіталізму” ў свеце і прыкладам поспеху для шматлікіх краінаў. Правінцыя прытрымліваецца пазітыўнага неінтэрвенцыянізму, то-бок дзяржава амаль не ўмешваецца ў гешэфты прыватных асобаў, толькі за адным выключэннем: забеспячэнне правоў уласнасці. Адначасова ўлады спрыяюць развіццю патэнцыйных бізнес-праектаў. Так пры дапамозе кіраўніцтва Ганконгу тут паўстаў Кіберпарк ‑ мясцовы адпаведнік Парку высокіх тэхналогіяў.

    Улады захоўваюць адныя з найніжэйшых падаткаў у свеце і не спрабуюць занадта рэгуляваць эканоміку. Ганконг, маючы сваю валюту, не пабудаваў сістэмы Цэнтрабанку, прынятай у большасці краінаў свету. Курс ганконгскага даляру, як і працэнтная стаўка, звязаныя з далярам ЗША. Дзякуючы агромным залатавалютным рэзервам (адным з найвялікшых у свеце ў параўнанні да ВУП), Ганконг забяспечвае стабільнасць сваёй валюты.

    Прыбыткі з падаткаў правінцыя пераважна выдаткоўвае на развіццё інфаструктуры, а не сацыяльную сферу. Як вынік, валавы ўнутраны прадукт на аднаго чалавека амаль такі самы, як у ЗША.

    Многія звязваюць поспех Ганконгу не толькі з капіталізмам, але і доўгай прыналежнасцю да Вялікай Брытаніі. Ганконг вярнуўся ў склад Кітаю толькі ў 1997 годзе. Пекін прызначае кіраўніцтва правінцыі, але Ганконг значна адрозніваецца ад мацерыковай часткі Кітая. Гэты прынцып называецца “адна краіна ‑ дзве сістэмы”.

    Ганконг палітычна вальнейшы, большасць кітайскіх дэмакратычных СМІ базуюцца тут, а сама правінцыя застаецца прытулкам для дысідэнтаў з мацерыку. Улады правінцыі вераць у малы ўрад, а Заканадаўчая Рада мае ўсяго 60 чальцоў. Асноўны закон Ганконгу грунтуецца на Асноўным законе Вялікай Брытаніі, а заканадаўства з’яўляецца прэцэндэнтным. У той жа час мацярык больш прывязаны да рымскага права.

    Аднак правінцыя таксама мае свае праблемы. Яна становіцца ўсё больш кітайскай, асабліва з пункту гледжання карупцыі. Калі ў Ганконгу гэты паказчык знаходзіца на ўзроўні 82,3 балаў, то Кітай мае 35 балаў. Дарэчы, у рэйтынгу эканамічнай свабоды Кітай займае ўсяго толькі 137-ую пазіцыю. Розніца паміж багатымі і беднымі ў Ганконгу, як і ў Кітаі, становіцца прорвай. На адлегласці кіламетру ад шыкоўных хмарачосаў жывуць людзі ў сламсах.

    Таксама Ганконг балюча перажыў дэіндустрыялізацыю, бо большасць рэальнага сектару перамясцілася на мацярык. Сектары паслугаў і фінансаў застаюцца даволі ўразлівымі. Ганконг вельмі цяжка перажыў апошні фінансавы крызіс і ранейшы крызіс 1997 году. Нават паспяховыя і свабодныя эканомікі маюць свае праблемы, што аднак не азначае адмаўлення ад капіталізму.

    ПаказацьСхаваць каментары