• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Халакост і беларусы. Што новыя выказванні Лукашэнкі азначаюць для беларуска-ізраільскіх дачыненняў

    Хоць ізральскія СМІ шырока распаўсюдзілі грэблівыя выказванні Лукашэнкі пра Халакост, улады Ізраіля, хутчэй, застануцца адносна Беларусі “прагматычнымі”. 

    6-га ліпеня 2021-га года МЗС Ізраіля асудзіла выказванні Аляксандра Лукашэнкі падчас яго выступу ля Кургана Славы 3-га ліпеня 2021-га ў частцы, што датычыць Халакоста, які яўрэі (у адрозненне ад беларусаў і генацыду беларускага народа), нібыта змаглі даказаць.

    Цытата:

    Я уже говорил о том, что мы начали это делать, расследуя преступления нацизма на белорусской земле. Это сродни белорусскому холокосту, или холокосту белорусского народа. Евреи ведь смогли это доказать. Весь мир сегодня преклоняется перед ними, даже боятся пальцем в них показать, а мы такие толерантные, такие добрые никого не хотели обидеть. Допрыгались до того, что нас обидели”.

    Дадзеныя выказванні кіраўніка Беларусі былі шырока растыражаваныя ізраільскімі СМІ, якія ўбачылі ў словах Лукашэнкі грэблівае стаўленне да Халакосту яўрэйскага народа ці нават ускосныя спробы яго адмаўлення як з’явы, паколькі ён, маўляў, быў неяк “штучна” даказаны.

    Пікантнасці сітуацыі дадаў той факт, што прэзідэнт Ізраіля Рэўвен Рыўлін, тэрмін якога на пасадзе кіраўніка дзяржавы мінуў 6-га ліпеня, афіцыйна павіншаваў свайго беларускага калегу з Днём Незалежнасці.

    Некаторыя аглядальнікі паспяшаліся расцаніць заяву ізраільскага знешнепалітычнага ведамства як нейкі “паваротны момант”, за якім павінны адбыцца доўгачаканыя змены ў адносінах дзвюх краін і, як мінімум, зніжэнне актыўнасці пасла Ізраіля ў Мінску Алекса Гольдман-Шаймана.

    Аднак такія высновы бачацца злёгку заўчаснымі. Ізраіль сапраўды імкнецца не ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, але з гэтага правіла ёсць выразныя выключэнні. Гэтыя “ўнутраныя справы” не павінны наўпрост тычыцца бяспекі Ізраіля альбо яўрэйскай супольнасці, якая пражывае ў той ці іншай краіне, і не павінны закранаць такую адчувальную для Ізраіля тэму, як Халакост яўрэйскага народа падчас Другой сусветнай вайны з пункту гледжання спробаў яго адмаўлення альбо нівелявання дадзенай з’явы.

    Відавочна, у выступе Аляксандра Лукашэнкі, як ужо было адзначана вышэй, можна было знайсці тыя самыя непрымальныя для Ізраіля намёкі на прыніжэнне значэння Халакосту.

    Акрамя таго, варта адзначыць, што для рэакцыі на словы Лукашэнкі і для выкліку ў МЗС кіраўніка беларускай дыпламатычнай пляцоўкі спатрэбіліся ажно 3 дні (нядзеля з’яўляецца працоўным днём у Ізраілі). І цалкам верагодна, што і гэтага не адбылося б без розгаласу, які быў выкліканы публікацыямі ў СМІ. Важнае значэнне меў і ціск грамадскасці (у тым ліку актывістаў з ліку выхадцаў з нашай краіны, якія 22-га чэрвеня зладзілі пікет ля месца правядзення прыёму пасольства Беларусі ў Ізраілі з нагоды Дня Рэспублікі 3-га ліпеня).

    Хутчэй за ўсё, якога-небудзь далейшага абвастрэння двухбаковых адносінаў у сувязі з выказваннямі Аляксандра Лукашэнка чакаць не варта. Як не дзіўна, гэта тлумачыцца і існаваннем у нядаўна прыведзеным да прысягі ўрадзе Ізраіля “прабеларускага” лобі на чале з міністрам фінансаў і лідарам партыі “Наш дом – Ізраіль” (аснову электарату якой складаюць выхадцы з краін былога СССР) Авігдорам Ліберманам. Яшчэ знаходзячыся ў апазіцыі, гэты палітык восенню мінулага года публічна заяўляў, што сітуацыя ў Беларусі не павінна хваляваць Ізраіль больш, чым сітуацыя ў любой іншай краіне, такой як, напрыклад, “Бераг Слановай Косці”.

    Менавіта падчас знаходжання Лібермана на пасадзе кіраўніка ізраільскага знешнепалітычнага ведамства было падпісана пагадненне аб адмене віз паміж Беларуссю і Ізраілем.

    І нарэшце, ні для каго не з’яўляюцца сакрэтам бізнес-інтарэсы Авігдора Лібермана і яго сям’і ў нашай краіне. У кастрычніку 2012-га на 4 месяцы грамадскіх работ быў асуджаны былы пасол Ізраіля ў Беларусі Зеева Бен-Ар’е за разгалашэнне дзяржаўнай тайны і спробы перашкодзіць ходу следства супраць Лібермана. 

    Следства высветліла, што ў 2008-ым годзе Бен-Ар’е атрымаў запыт Міністэрства юстыцыі Ізраіля аб перадачы беларускімі ўладамі інфармацыі па справе Лібермана. Запыт быў пазначаны грыфам “сакрэтна” і ўтрымліваў спіс усіх падазрэнняў у дачыненні да лідара партыі “Наш дом – Ізраіль”, а таксама інфармацыю аб доказнай базе. Мінюст цікавілася звесткамі аб банкаўскіх рахунках у Беларусі і інфармацыяй аб рэальных уладальніках рахункаў, у асноўным зарэгістраваных на мясцовыя кампаніі. Але Бен-Ар’е, паводле сцверджання следства, не перадаў запыту беларускім уладам, а скапіяваў сакрэтную інфармацыю і падаў яе дэпутату Ліберману падчас яго прыезду ў Беларусь у кастрычніку 2008-га года.

    З улікам зацікаўленасці асобных прадстаўнікоў ізраільскага істэблішменту і дзелавых колаў у развіцці ўзаемавыгаднай супрацы з Беларуссю (асабліва ў галіне высокіх тэхналогій) падаецца, што, хутчэй за ўсё, Ізраіль і далей працягне трымацца “прагматычнай” палітыкі ў адносінах да нашай краіны, традыцыйна асцерагаючыся, што адваротнае можа, акрамя ўсяго, прывесці да ўсплёску антысемітызму і пагаршэння становішча беларускай яўрэйскай супольнасці.  У гэтым кантэксце трэба нагадаць, што Ізраіль ніколі не далучаўся да міжнародных санкцыяў супраць Беларусі, нягледзячы нават на беларускую падтрымку ў Генеральнай Асамблеі ААН большасці рэзалюцый, якія ў Іерусаліме лічаць антыізраільскімі. 

    Фота: Haaretz

    ПаказацьСхаваць каментары