• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Бабарыка, Ціханоўская, Латушка: чым адрозніваюцца іх аўдыторыі?

    У апошнім даследаванні Chatham House беларускія гараджане адказалі на пытанні пра знешнюю палітыку, стаўленне да Расіі і падзеяў у краіне. Мы ўважліва прачыталі даследаванне, каб разабрацца: хто такія тыповыя прыхільнікі Бабарыкі, Латушкі і Ціханоўскай і якія іх погляды.

    Партрэт прыхільнікаў Бабарыкі, Латушкі і Ціханоўскай

    Паводле даследавання Chatham House, удзел у якім узялі 937 беларускіх гараджанаў, 34 % беларускіх месцічаў лічаць, што Бабарыка заслугоўвае быць наступным прэзідэнтам Беларусі. Святлану Ціханоўскую лічаць вартай пасады прэзідэнта 10 %, Паўла Латушку – 14 %.

    Тыповы выбарнік Бабарыкі пражывае ў Мінску. Гэта, хутчэй, жанчына ва ўзросце вышэйшым за 55 год. Сярод аўдыторыі Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі таксама самы высокі адсотак ва ўзроставай групе 55-98 гадоў, пры гэтым у кіраўніка НАК самая нізкая доля прыхільнікаў ва ўзросце 18-24.

    Па адукацыі сярод выбарнікаў Бабарыкі, Латушкі і Ціханоўскай большасць мае прафесійна-тэхнічную або вышэйшую, або няскончаную вышэйшую адукацыю. Невялікую перавагу па аўдыторыі з вышэйшай адукацыяй мае Павел Латушка.

    Пратэсты, перамовы і эканамічны крызіс

    Рэпрэсіі і пройгрыш пратэсту на сённяшні момант прымушае беларусаў сумнявацца ў эфектыўнасці барацьбы. Тыповы паслядоўнік Бабарыкі пазітыўна ставіцца да пратэсту (60 %), пры гэтым у параўнанні з прыхільнікамі іншых дэмакратычных палітычных сілаў сярод выбарнікаў Бабарыкі самая вялікая колькасць тых, хто ацэньвае сённяшнія пратэсты негатыўна (16 %). Для параўнання, 85 % выбарнікаў Святланы Ціханоўскай ставяцца да пратэсту выключна пазітыўна, у аўдыторыі Латушкі стаўленне да пратэсту таксама пераважна пазітыўнае (84 %).

    Беларускія гараджане, якія падтрымліваюць вышэйназваных лідараў, аб’яднаныя ідэяй аб тым, што ўлады павінны пайсці на перамовы з тымі, хто не згодны з вынікамі выбараў 9-га жніўня 2020-га года.

    Пра такую цвёрдую пазіцыю па перамовах сведчыць і ўпэўненасць дзвюх трацін прыхільнікаў Бабарыкі ў тым, што ў асяроддзі Лукашэнкі шмат хто не згодны з тым, што адбываецца ў краіне. Падаецца, што былая пасада Латушкі і працяглы наратыў аб веданні сітуацыі ўнутры беларускіх элітаў, мае эфект. Упэўненасць у тым, што ў асяроддзі Лукашэнкі шмат нязгодных з яго палітыкай, адзначылі 80 % выбарцаў Латушкі. Аўдыторыя Ціханоўскай мае больш сумневаў на гэты конт – толькі 31 % пагаджаецца з такім тэзісам.

    Паколькі тэмпы эміграцыі ў беларускім грамадстве інтэнсіўна паскараюцца, рэспандэнтам задалі пытанне пра стаўленне да эмігрантаў. На пытанне, ці можна лічыць здраднікамі тых, хто з’ехаў, 83 % прадстаўнікоў кола Бабарыкі, 94% аўдыторыі Латушкі і 85 % Ціханоўскай адказалі адмоўна. Такое разуменне да з’ехалых можа быць звязана з адчуваннем бяспекі. Сярод рэспандэнтаў не адчуваюць сябе ў бяспецы на тэрыторыі Беларусі больш за тры чацвёртых незалежна ад таго, каго з лідараў падтрымліваюць.

    Беларускія гараджане цвёрда ўпэўненыя, што Беларусь у найбліжэйшы час чакае эканамічны крызіс. Сярод чальцоў блока Бабарыкі такіх найменш за ўсё – 76% (сярод выбарцаў Святланы Ціханоўскай – 80 %, Паўла Латушкі – 90 %). Па выніках Народнага Апытання сярод пратэснай аўдыторыі, больш як 86% апытаных падтрымліваюць “шокавую тэрапію” для беларускай эканомікі, адносінаў РФ і Беларусі, люстрацыі сілавікоў.

    Каму вераць і каму не вераць прыхільнікі дэмакратычных лідараў?

    Пра глыбокі палітычны крызіс сведчыць і стаўленне да дзяржаўных інстытутаў. Менш за ўсё прыхільнікі Бабарыкі, Латушкі і Ціханоўскай давяраюць ЦВК і дзяржаўным СМІ, а сярод аўдыторыі Ціханоўскай 98 % не давяраюць Лукашэнку.

    Найбольшую падтрымку сярод прадэмакратычных гараджанаў атрымалі недзяржаўныя СМІ, штаб Бабарыкі/партыя “Разам” і Святлана Ціханоўская. Цікава, што сярод аўдыторыі Паўла Латушкі давер да Ціханоўскай, каманды Бабарыкі і партыі “Разам” (па 71 %) вышэйшы за давер да НАК, кіраўніком якога Латушка і з’яўляецца (57 %).

    Лукашэнка гандлюе незалежнасцю?

    Палова прыхільнікаў апазіцыйных лідараў лічыць што дзейны прэзідэнт перашкаджае стабільнасці Беларусі, а больш за 80 % у кожнай з групаў бачаць Лукашэнку як пагрозу незалежнасці.

    Наратыў стабільнасці і незалежнасці, які гадамі папулярызавалі беларускія ўлады, быццам працуе ў адваротны бок. 65 % паслядоўнікаў Бабарыкі лічаць, што Лукашэнка гандлюе незалежнасцю. У аўдыторыі Латушкі такое меркаванне пануе сярод 88 %, такое ж перакананне выказалі 83,5 % прыхільнікаў Ціханоўскай. 

    Знешняя палітыка: вектар на Маскву і Брусэль адначасова?

    У межах даследавання беларускім гараджанам задалі некалькі пытанняў на тэму знешняй палітыкі. Да Расіі прыхільнікі Бабарыкі, Латушкі і Ціханоўскай ставяцца горш, чым да ЕС. З невялікай розніцай ад іншых сярод выбарнікаў Бабарыкі самы высокі адсотак тых, хто кепска ставіцца да ЗША.

    У адказе на пытанне аб тым, які саюз патрэбен Беларусі, крыху больш за палову ў кожнай з групаў абралі саюз з ЕС і РФ адначасова. Пры гэтым даволі значная розніца назіраецца па саюзе з Расіяй: калі ў Латушкі і Ціханоўскай за саюз з РФ выступаюць 3 % і 6 % адпаведна, то ў коле Бабарыкі гэты паказнік складае 20 %.

    Адной з галоўных стратэгій Захаду ў адносінах з рэжымам Лукашэнкі сёння з’яўляюцца санкцыі. Аднак сярод чальцоў блока Бабарыкі стаўленне да санкцый не адназначнае. 39 % прыхільнікаў Бабарыкі і 58 % Латушкі згодныя з санкцыямі супраць беларускіх прадпрыемстваў. Для параўнання 63 % выбарнікаў Ціханоўскай такія санкцыі падтрымліваюць.

    Спадзеў на нейтральную Расію

    Больш за тры чвэрці аўдыторыі Бабарыкі, Латушкі і Ціханоўскай лічаць Расію адзінай апорай Лукашэнкі. Больш за дзве траціны паслядоўнікаў Бабарыкі ўпэўненыя, што Расіі варта абмяркоўваць палітычны крызіс у Беларусі не толькі з Лукашэнкам, але і з Ціханоўскай. Сярод прыхільнікаў Латушкі такую пазіцыю выказалі 94 %, а Ціханоўскай – 87 %.

    Некаторыя звесткі паказваюць і на пэўны адчай беларускага пратэсту. Напрыклад, амаль поўная ўпэўненасць прыхільнікаў Ціханоўскай у тым, што Расія з’яўляецца адзіным апірышчам Лукашэнкі, адначасова сумяшчаецца са спадзевам на падтрымку пратэсту з боку Расіі (64 %). А вось сярод прадстаўнікоў кола Бабарыкі меншасць спадзяецца на такую падтрымку. Наадварот, дзве траціны лічаць, што Расія мусіць заняць нейтральную пазіцыю ў беларускай сітуацыі.

    Большасць аўдыторыі Бабарыкі выступае за добрасуседскія адносіны з Расіяй і амаль палова лічыць, што новая Беларусь мае застацца ў АДКБ. У два разы менш прыхільнікаў Ціханоўскай падзяляюць такую пазіцыю, а 18 % выказаліся за ўваход у НАТА.

    Больш за 60 % аўдыторыі Латушкі і Бабарыкі не гатовыя падтрымаць палітычную сілу, якая выступіць за разрыў адносінаў з Расіяй. Так думаюць і 41 % прыхільнікаў Ціханоўскай, але і сумняюцца ў адказе больш за траціну яе паслядоўнікаў.

    У стаўленні да саюза з Расіяй меркаванні аўдыторыі дэмакратычных лідараў нязначна падзяліліся (гл. графік 4). Падобныя пазіцыі ва ўсіх групах наконт выхаду з АДКБ і нейтралітэту. Выбіваюцца дзве лічбы: 9 % чальцоў кола Бабарыкі, якія выступаюць за ЕАЭС з адзінай знешняй палітыкай, і 6 % прыхільнікаў Ціханоўскай, якія выказаліся за ўваход у РФ.

    Еднасць беларускага пратэсту

    Агулам меркаванні аўдыторый Бабарыкі, Латушкі і Ціханоўскай вельмі слаба адрозніваюцца. Больш пазітыўнае стаўленне да Расіі і меншае адабрэнне санкцый – галоўныя адрозненні пазіцыі выбарнікаў Бабарыкі. Празаходняя скіраванасць і нявызначанасць з пэўнымі пытаннямі ў дачыненні Расіі характарызуе прыхільнікаў Ціханоўскай. Тыя, хто бачаць Латушку годным прэзідэнтам, маюць даволі цвёрдыя пазіцыі па многіх пытаннях, але давяраюць іншым лідарам больш за НАК.

    Беларускія гараджане, якія падтрымліваюць Віктара Бабарыку, Паўла Латушку і Святлану Ціханоўскую, цярпімыя да іншых краінаў і хочуць добрасуседскіх адносінаў з усімі бакамі.<

    Апытанне Chatham House сведчыць пра адзінства беларускага пратэсту ў недаверы да дзяржаўных інстытутаў і ў даволі высокім даверы да апазіцыйных палітычных лідараў. Калі ўлічваць адсутнасць у Бабарыкі, Латушкі і Ціханоўскай прамога доступу да ўлады праз зняволенне і вымушаную эміграцыю, узровень даверу да апазіцыйных лідараў можна лічыць даволі высокім.

    У дэмакратычных краінах са справядлівымі выбарамі такія адсоткі, якія набралі ў апытанні Бабарыка, Латушка і Ціханоўская, вядуць да моцных палітычных кааліцый. Але важна адзначыць, што ў краінах у працэсе дэмакратычнага транзіту часта роля лідараў для выбарнікаў з’яўляецца больш значнай за дзеянні і праграмы іх партый ці камандаў. Гэтую тэндэнцыю можна заўважыць па выніках Народнага апытання: беларусам больш важная роля лідараў, чым дзеянні каманды ці праграмы перамогі.

    Фота: Павел Крычко

    Крыніца: Наше мнение

    ПаказацьСхаваць каментары