Хто такія хактывісты?
Пакуль адныя называюць хактывістаў абаронцамі свабоды і справядлівасці, іншыя лічаць хактывізм супярэчлівым феноменам. Гэта звязана з незаконнымі метадамі, якімі карыстаюцца гэтыя групы. Каб дасягнуць сваіх палітычна-сацыяльных мэтаў, хактывісты разам з іншым выкарыстоўваюць DDoS атакі, крадзеж персанальнай інфармацыі, перанакіраванне трафіка і ўзлом акаўнтаў з дапамогай вірусаў.
Розніца паміж хакінгам і хактывізмам заключаецца ў мэтах. Замест продажу інфармацыі дзеля прыбытку хактывісты намагаюцца здабываць дадзеныя для выкрыцця карупцыі, выпадкаў перавышэння паўнамоцтваў і іншых злачынстваў сярод палітыкаў і бізнесоўцаў. Рост хактывізму пачаўся ў 2003-ім годзе са стварэння сайта 4chan.org, дзе любы ананімны карыстальнік мог апублікаваць здабытую інфармацыю. Менавіта з гэтага сайта вырасла, бадай, на цяперашні момант найбольш вядомая хактывісцкая група Anonymous.
Першая і адна з самых знакамітых атак Anonymous адбылася яшчэ ў 2008-ым годзе, калі хактывісты спрабавалі выкрыць і падарваць імідж Саенталагічнай царквы.
Група выкрадала ўнутраныя матэрыялы секты і апублічвала іх, што ў выніку прывяло да пратэстаў супраць царквы.
Іншая вядомая хактывісцкая група – WikiLeaks, якая дагэтуль рэгулярна публікуе вялікія аб’ёмы сакрэтных дакументаў. Адзін з такіх зліваў тычыўся злачынстваў амерыканскіх салдатаў у Іраку і Афганістане. Як вынік Джуліян Асанж, заснавальнік WikiLeaks, правёў 5 гадоў у брытанскай турме паводле шматлікіх абвінавачанняў з боку ЗША.
Хаця з 2016-га колькасць хактывісцскіх суполак зменшылася, сёння яны лакалізуюцца і становяцца дасяжнымі для менш буйных актараў. Часта матэрыялы хактывістаў публікуюцца ці перадаюцца ў медыі, загружаюцца на платформы, дзе адкрыта публікуюцца сотні кваліфікаваных дакументаў і скрадзенай інфармацыі.
Хактывісты становяцца новым элементам супраціву ў аўтакратыях
Даследаванні паказваюць, што ў краінах з абмежаванымі свабодамі, грамадская падтрымка хактывізму даволі высокая. Грамадзяне, якія не могуць наўпрост уплываць на палітычныя працэсы праз рэпрэсіўнасць сістэмы, часта бачаць хактывістаў як альтэрнатыўны метад барацьбы з недэмакратычнымі рэжымамі.
Праз тэхнічныя магчымасці хактывісты могуць здабываць доступ да інфармацыі, якую аўтарытарныя дзяржавы спрабуюць схаваць. Дзеянні такіх груповак нават могуць уплываць на мабілізацыю апазіцыйных сілаў і пераконваць грамадзян, што рашэнні аўтарытарных элітаў шкодзяць краіне.
Так, лацінаамерыканская група Guacamaya стала вядомай у 2022-ім годзе дзякуючы выцеку засакрэчаных дакументаў дзяржаўных устаноў у Мексіцы, Гватэмале, Калумбіі і Чылі. Гэтыя матэрыялы раскрывалі маштабную карупцыю падчас закупак вайсковага абсталявання, выкрывалі сачэнне за актывістамі і журналістамі, а таксама шматлікія парушэнні правоў чалавека. Расследаванне выклікала скандалы, якія шырока асвятлялі буйныя медыі, патрабаванні рэформаў і афіцыйныя разбіральніцтвы.
Яшчэ адзін значны выпадак з таго ж рэгіёна адбыўся падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле (2024), калі актывісты Anonymous правялі кампанію #OpVenezuela супраць дыктатарскага ўрада Нікаласа Мадура. Група ўзламала 45 дзяржаўных сайтаў і апублікавала ўнутраныя дакументы, якія выкрывалі маніпуляцыі на выбарах і фінансавыя махінацыі рэжыму.
Пазней да атакі на кампаніі, звязаныя з Мадура, і на дзяржаўныя ўстановы падключыліся іншыя хактывісцкія групы: Cyber Hunters, MS BOTNET Cyberhunter, Skull Hunters. Гэтыя кібератакі не толькі парушылі працу прапагандысцкіх медыяў, але і дадалі матывацыі венесуэльскім пратэстоўцам, якія аспрэчвалі вынікі выбараў на вуліцах.
Хактывісты сталі сілай супраціву таксама ў Іране, асабліва падчас “Зялёнага руху” пасля скрадзеных прэзідэнцкіх выбараў у 2009-ым і пратэстаў у 2022-ім і 2023-ім. Мясцовыя хактывісты ў супрацоўніцтве з Anonymous атакавалі ўрадавыя сайты і садзейнічалі выцекам унутраных дакументаў, якія выкрывалі сістэмы сачэння за грамадзянамі. Напрыклад, гэтыя дакументы апісвалі, як рэжым выкарыстоўвае тэхналогіі распазнавання асобы для выяўлення пратэстоўцаў.
Яшчэ адным з самых вядомых кейсаў хактывізму сталі Панамскія дакументы, злітыя ў 2016-ым. База дадзеных з 11,5 млн дакументаў ад юрыдычнай кампаніі Mossack Fonseca выявіла шырокую сетку дзеля ўхілення ад падаткаў, у якую былі ўцягнутыя высокапастаўленыя палітыкі, бізнесоўцы і карпарацыі з усяго свету. Публікацыі з гэтымі злівамі ў The Guardian, Le Monde і The New York Times прывялі да адстаўкі міністраў, расследаванняў і нават прыняцця новых законаў аб празрыстасці ў сферы фінансаў.
Нарэшце, у адказ на ўварванне Расеі ва Украіну IT Army of Ukraine здзейсніла атаку на расейскія дзяржаўныя сайты і апублікавала некалькі сакрэтных дакументаў, якія даказвалі ўмяшальніцтва Крамля ў грамадзянскую вайну ў Сірыі. Таксама гэта група прэзентавала дадзеныя, якія сведчылі пра канкрэтныя трансакцыі і фінансавае ўзаемадзеянне між расейскімі кампаніямі і рэжымам Лукашэнкі.
Чым адметныя беларускія хактывісты?
Як рэакцыя на гвалт супраць мірных пратэстоўцаў свае хактывісты – суполка “Кіберпартызаны” – з’явіліся ў Беларусі ў 2020-ым. Іхная барацьба супраць рэжыму Лукашэнкі адзначылася дзвюма буйнымі атакамі.
Па-першае, у 2021-ым “Кіберпартызаны” ўзламалі базу дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў, здабыўшы імёны і асабістыя даныя супрацоўнікаў сілавых структур, якія ўдзельнічалі ў жорсткім падаўленні пратэстаў. Па-другое, у студзені 2022-га яны здзейснілі атаку на сістэмы Беларускай чыгункі і значна замарудзілі транспарціроўку расейскай ваеннай тэхнікі да межаў Украіны. У медыяпрасторы “Кіберпартызаны” таксама запомніліся злівамі прыватных размоў паміж высокапастаўленымі чыноўнікамі, напрыклад пра Вольгу Чамаданаву.
Як і іншыя лакальныя групы, “Кіберпартызаны” факусуюцца на лічбавым актывізме супраць аўтарытарнага рэжыму ў сваёй краіне. Аднак беларускія хактывісты сталі даволі вядомымі і ў міжнароднай прасторы менавіта праз шкоду, нанесеную чыгуначнай інфраструктуры, і замаруджванне расейскай атакі на Кіеў на пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў 2022-ім.
Але заангажаванасць у апазіцыйную палітыку вылучае “Кіберпартызанаў” сярод лакальных каманд хактывістаў. Напрыклад, у снежні 2022-га яны заявілі пра аб’яднанне з Палком Каліноўскага, а таксама сустракаліся за круглым сталом са Святланай Ціханоўскай і іншымі палітыкамі. Звычайна хактывісты прынцыпова не ўзаемадзейнічаюць з канкрэтнымі палітычнымі структурамі.
Чым могуць быць карысныя хактывісты медыям і грамадству?
У беларускім кантэксце хактывізм ужо стаў важнай крыніцай для нарошчвання незадаволенасці рэжымам Лукашэнкі. Ці могуць падобныя акцыі прывесці да незваротнай шкоды кіроўным колам – казаць рана. Аднак хактывісты дакладна могуць стаць карыснымі грамадству.
Ва ўмовах абмежаваных крыніц інфармацыі для незалежных медыяў супрацоўніцтва журналістаў і хактывістаў можа закрыць недахоп пэўных публічных звестак ад дзяржаўных устаноў.
Прыклады, прыведзеныя вышэй, паказваюць, што менавіта калабарацыя медыяў і хактывістаў робіць магчымым правядзенне буйных публічных кампаній. Нарэшце, як і ў іншых аўтакратыях, праз карысныя грамадству дзеянні беларускія хактывісты маюць пазітыўны вобраз, прынамсі сярод праціўнікаў рэжыму. Сведчыць пра гэта мінулагодняе апытанне прадэмакратычных беларусаў, з якіх 81,5% выказалі думку, што “Кіберпартызаны” – самая карысная ініцыятыва для краіны.
Першая ілюстрацыя: Марыя Талстова, Медыязона