• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму беларускія эканамічныя прагнозы ніколі не спраўджваюцца?

    У беларускай эканоміцы палітычныя жаданні ўладаў маюць важнейшае значэнне, чымся гаспадарчая рацыянальнасць. Гэта галоўная, хоць і не адзіная, перашкода для эканамічнага прагназавання.

    Паводле Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады, выпрацаванай урадам і зацверджанай кіраўніком краіны, эканоміка Беларусі павінна вырасці на 62-68 % за гэтае пяцігоддзе. Насамрэч, рост складзе каля 6 %. Як беларускія ўлады здолелі так значна памыліцца?

    Пасля 25 гадоў трансфармацыі эканомікі беларускія дзяржаўныя прагнозы застаюцца ненадзейнымі. Але беларускія незалежныя аналітычныя цэнтры, камерцыйныя банкі і міжнародныя арганізацыі таксама часта могуць не прадбачыць рэальныя эканамічныя тэндэнцыі. Потым нярэдка яны мусяць пераглядаць свае прагнозы па некалькі разоў цягам года.

    Беларуская квазі-сацыялістычная эканоміка наўрад ці надаецца для дакладнага прагназавання. Нерацыянальнае прыняцце рашэнняў уладамі і стымулы для службоўцаў да штучнага паляпшэння дадзеных перашкаджаюць якаснаму прагназаванню. Акрамя таго, афіцыйная статыстыка ўсё яшчэ знаходзіцца ў зачаткавым стане, а канкурэнцыя паміж тымі, хто выпрацоўвае прагнозы, недастатковая.

    Сістэматычныя хібы ў прагназаванні

    Беларускія дзяржаўныя эканамісты рэгулярна памыляюцца са сваімі прагнозамі для эканомікі. Яны часта няздольныя правільна прадбачыць нават дынаміку эканамічнага росту – найважнейшага паказніка для любой эканомікі. Штогадовыя прагнозы ўрада недаацэньвалі рост ВУП амаль на чвэрць у 2000-2006-ым, у той час калі ў 2009-2015-ым прагназаваныя лічбы перавышалі фактычны рост эканомікі амаль на тры чвэрці (альбо на 5,1 працэнтных пунктаў).

    Іншымі словамі, у 2009-2015 гадах улады маглі прагназаваць, што ў наступным годзе эканоміка вырасце на 10 %, тады як у рэчаіснасці яна прырастала на 2,5 %. Такім чынам, прагнозы нават на адзін год наперад былі вельмі недакладнымі.

    23

    Прагнастычныя памылкі ў Беларусі становяцца яшчэ больш відавочнымі пасля параўнання з эфектыўнасцю прагназавання ў больш развітых краінах былога сацлагера. Напрыклад, гадавыя прагнозы ВУП, закладзеныя ў праект бюджэту Польшчы, таксама разыходзіліся з фактычным эканамічным ростам у 2000-2015-ым.

    Тым не менш, у адрозненне ад Беларусі хібы былі меншыя і яны кампенсаваліся ў наступныя гады. У прыватнасці, у 2009-2015-ыя гады памылкі заставаліся ў дыяпазоне ад -2,5 да +2,4 працэнтных пунктаў, але іх сума за ўвесь перыяд склала толькі 0,8 % ВУП (а не 35,6 %, як гэта было ў выпадку Беларусі). Ні сусветны фінансавы крызіс, ні іншыя знешнія фактары не сапсавалі ўрадавых прагнозаў Польшчы.

    24

    Шчыра кажучы, дрэнныя вынікі эканамічнага прагназавання ў Беларусі таксама датычаць беларускіх няўрадавых эканамістаў, аналітычных цэнтраў, камерцыйных банкаў і міжнародных арганізацый (такіх як МВФ ці Сусветны банк). Напрыклад, некалькі тыдняў таму “Прыёрбанк”, шосты найбуйнейшы банк у Беларусі, скараціў прагноз росту ВУП на 2015-ы да -3,5%. Аднак на пачатку года ў сваім першым штотыднёвым эканамічным аглядзе банк прагназаваў рост на ўзроўні 0,5 %. Гэта значыць без вайны альбо стыхійнага бедства 4 % ВУП “зніклі” за менш, чым сем месяцаў.

    Непрадказальныя рашэнні беларускіх уладаў

    Палітычныя інтарэсы пераважаюць над эканамічным сэнсам у Беларусі, дзе дзяржпрадпрыемствы ствараюць 70 % усёй эканомікі (паводле дадзеных Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця). Напрыклад, ва ўмовах рынкавай эканомікі сістэматычна стратныя прадпрыемствы павінны збанкрутаваць, а ў Беларусі ўлады ратуюць дзяржаўныя фірмы, нягледзячы ні на што. Нядаўна Лукашэнка даручыў выдаткаваць амаль $ 600 млн у якасці фінансавай дапамогі для некалькіх аўтамабільных заводаў, каб стабілізаваць іх фінансавае становішча. Ігнаруючы асноўныя законы рынкавай эканомікі, улады парушаюць базавыя прынцыпы эканамічнай прадказальнасці.

    Адміністрацыйныя рашэнні адыгрываюць большую ролю ў Беларусі, чымся ў краіне са звычайнай рынкавай эканомікай. Часам вельмі цяжка прадказаць эканамічна ірацыянальны выбар беларускіх уладаў як, да прыкладу, павелічэнне намінальнага сярэдняга заробку на 46 % цягам 12 месяцаў перад прэзідэнцкімі выбарамі ў снежні 2010-га. Урэшце сталае ўмяшанне чыноўнікаў у эканоміку прыводзіць да макраэканамічнай нестабільнасці.

    Дадаткова, у сувязі з тым, што сам Лукашэнка зацвярджае афіцыйныя макраэканамічныя прагнозы, гэта заахвочвае чыноўнікаў прыхарошваць свае дадзеныя ці прагнозы. Напрыклад, восенню 2011-га ўрад прадставіў кіраўніку Беларусі праект прагнозу, які прадказваў 1,5 % росту ВУП у паслякрызісны 2012-ты. Але суровая крытыка Лукашэнкі прымусіла чыноўнікаў аператыўна перагледзець свой прагноз росту да 5,5 %. Вось толькі эканоміка не захацела падпарадкавацца загадам кіраўніка краіны і вырасла на 1,5 %, як і прадказвалі спачатку.

    Тэхнічныя перашкоды для прагназістаў

    З тэхнічнага пункту гледжання беларуская статыстыка ўтрымлівае адносна невялікую колькасць дадзеных, што перашкаджае рабіць дакладныя прагнозы. Для большасці пераменных магчымыя да выкарыстання звесткі даступныя ў найлепшым выпадку з 1995-га, то бок яны ахопліваюць менш за 20 гадоў. За гэты кароткі перыяд часу Беларусь прайшла ўсяго толькі тры бізнес-цыклы. Падчас кожнага з іх эканоміка перажывала прынамсі некалькі надзвычайных і непаўторных падзей, у тым ліку згортванне рынкавых рэформ у сярэдзіне 1990-ых, перыяд шчодрых энергетычных субсідыяў з Расеі ў нулявых, сусветны фінансавы крызіс 2008-2009-га, а потым два ўнутрыбеларускія валютныя крызісы. Для дакладнага ж прагназавання пажаданыя стабільныя і паўтаральныя трэнды.

    Акрамя таго, дзяржаўны статыстычны камітэт карыстаецца нізкім даверам як сярод беларускіх, гэтак і міжнародных экспертаў. Асабліва гэта тычыцца 1990-ых і пачатка 2000-ых – перыяду гіперінфляцыі. Пры адносна высокім узроўні інфляцыі нават нязначныя памылкі ў разліку ВУП могуць прывесці да сур’ёзнага скажэння дадзеных эканамічнага росту, які стаў вынікам змены коштаў, а не ўзроўню вытворчасці. У краінавым дакладзе з 2004-га МВФ адзначыў, што разлікі Белстата за папярэднія гады завышалі рэальны рост эканомікі прыкладна на 1-2 % штогод.

    Адсутнасць канкурэнцыі сярод прагназістаў

    Беларускія эканамісты неахвотна распрацоўваць перадавыя макраэканамічныя мадэлі для прагназавання ў сувязі з нізкім узроўнем канкурэнцыі сярод эканамістаў-прагназістаў. На жаль, нешматлікія каманды сістэматычна распрацоўваюць эканамічныя прагнозы ў Беларусі (перадусім Нацбанк, Міністэрства эканомікі, Міністэрства фінансаў, Даследчы цэнтр ІПМ і некаторыя камерцыйныя банкі), але яшчэ менш з іх публікуюць свае вынікі.

    Пры адсутнасці попыту на грунтоўныя прагнозы ды іх ацэнкі незалежным органам эканамісты будуць працягваць штампаваць няякасныя прагнозы. Нацбанк сумесна са сродкамі масавай інфармацыі мог бы стварыць і цыклічна праводзіць рэйтынг найлепшых макраэканамічных прагназістаў. Прыцягваючы ўвагу патэнцыйных працадаўцаў – дзяржаўных міністэрстваў, прадпрыемстваў ці даследчых цэнтраў – такі рэйтынг стварыў бы стымулы для ўдзелу больш шырокага кола эканамістаў у распрацоўцы прагнозаў і паляпшэнні іх навыкаў прагназавання.

    Першая версія гэтага артыкула была апублікаваная на Belarus Digest.

    ПаказацьСхаваць каментары