За беларускай сельскай гаспадаркай замацаваўся вобраз стратнай галіны, дзе людзі калі і працуюць, то толькі таму, што няма альтэрнатывы. Да таго ж у грамадстве жыве думка, што ў вёсцы ўсе п’юць і наагул пануе поўны дэпрэсняк. І сапраўды, праблем, якія трэба вырашаць, у гэтай сферы хапае. Напрыклад, пытанні выклікае эфектыўнасць дзяржаўных прадпрыемстваў, фінансавыя паказнікі і недахоп працоўнай сілы ў вёсцы.
Але галоўная праблема – гэта занадта вялікая роля дзяржавы. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі налічваецца 2652 фермерскія гаспадаркі, з якіх палова дзяржаўныя, у карыстанні прыватных – усяго 2,3 % ад агульнай плошчы сельскагаспадарчых зямель.
А цікавых і паспяховых праектаў у фермераў хапае.
Чаго вартая гаспадарка “Дыяна” ў Шклоўскім раёне, якая ў мінулым годзе была лідарам па вытворчасці бульбы ў краіне і дзе сярэдні заробак сягаў 1230 рублёў. Да таго ж гэта вельмі тэхналагічная гаспадарка, дзе праца максімальна аўтаматызаваная і ў полі ўвогуле няма ручной працы.
Такія прыклады даводзяць: гэта ў інтарэсе Беларусі, каб доля прыватнага сектара ў беларускай сельскай гаспадарцы расла. Паводле звестак Белстата, вынікі вытворчасці ў фермераў лепшыя, чым у былых калгасах і саўгасах. Напрыклад, у мінулым годзе фермеры ў сярэднім сабралі 337 цэнтнераў гародніны з гектара, а дзяржаўныя арганізацыі – толькі 205 цэнтнераў з гектара.
Нават Лукашэнка аддае належнае прыватнікам, кажучы, што дзяржаўныя аграрыі павінны працаваць так, як працуюць фермеры.
- Да прыкладу, фермер Міхаіл Шруб з Жыткавіцкага раёна. Яго гаспадарка адна з нешматлікіх у краіне, якая паспяхова займаецца не толькі агародніцтвам, але і жывёлагадоўляй. У карыстанні гаспадаркі знаходзіцца крыху больш за 3 % зямель Жыткавіцкага раёна, затое выручка складае 25-30% ад выручкі ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Уладальнік заяўляе: паводле ацэнак заходніх партнёраў, яго гаспадарка па ўзроўні эфектыўнасці ўваходзіць у найвышэйшую лігу еўрапейскіх вытворцаў. Усе працэсы тут максімальна аўтаматызаваныя. А для таго, каб кантраляваць усё, што адбываецца, дастаткова праграмы на смартфоне.
- Іншая паспяховая фермерская гаспадарка з Астравецкага раёна – “Астравецкае” – спецыялізуецца на вырошчванні індыкоў. У Беларусі яна выступіла піянерам у гэтай галіне, стварыўшы рэнтабельнае і прыбытковае прадпрыемства. Уся праца ў птушніках цалкам камп’ютарызаваная – ад падтрымання мікраклімату да працэсу кармлення.
- Нават беларускі IT-сектар зацікаўлены ў сельскай гаспадарцы. Напрыклад, стартап OneSoil стварае прыкладанне і онлайн-платформу для дакладнага земляробства. Прадукты кампаніі базуюцца на алгарытмах машыннага навучання і аналізе касмічных здымкаў, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе.
Хоць не варта мець занадта аптымістычных спадзяванняў, калі гаворка заходзіць пра перспектывы прыватнага сектара ў сельскай гаспадарцы. У 2018-ым колькасць стратных дзяржаўных сельгасарганізацыяў склала 17,9 %, але і сярод фермерскіх стратнымі былі 10,5 %. Але з другога боку рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у саўгасаў была толькі 4,3 %, а ў фермераў – цэлых 32,7 %.
Але нягледзячы на тое, што сярод фермерскіх гаспадарак таксама ёсць стратныя прадпрыемствы, яны прынамсі не спажываюць велізарных сумаў дзяржаўных грошай (напрыклад, бюджэтная падтрымка аграпрамысловага комплексу за 2011-2015 гады склала $ 8,3 млрд). Пры гэтым сельскую гаспадарку, нават з усімі яе праблемамі, падняць даволі проста. Як падкрэслівае ўзгаданы вышэй Міхаіл Шруб, трэба ўсяго некалькі рэчаў: менш бюракратыі, увядзенне прыватнай уласнасці на зямлю і (альбо) развіццё арэнды зямлі, падтрымка фермерскіх гаспадарак сямейнага тыпу.