• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Армія Беларусі: што рабіць з прызывам і ці патрэбна кантрактнае войска ў краіне

    Як без радыкальных захадаў можна палепшыць сітуацыю ў войску.

    Штогод каля 20 тыс. беларускіх прызыўнікоў з большай ці меншай ахвотай ідуць у войска, але куды больш прызыўнікоў пазбягаюць службы. Адпаведна ўзмацняецца кадравы голад узброеных сілаў – перадусім праз падзенне прэстыжу вайсковай службы і пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі.

    Любая ўлада мусіла б у гэтым мамант задумацца над тым, як вырашыць праблему. 

    Нашая ўлада падумала ў сваім асаблівым стылі і пусціла ў бой цяжкую артылерыю. 

    Новы закон аб прызыве абяцае быць бізуном, з дапамогай якога беларусаў будуць заганяць у войска.

    Атрымаецца ці не – пакажа час. А на парадку дня ў чарговы раз з’явілася пытанне, ці ўвогуле краіне патрэбна тэрміновая служба. Падобна на тое, што для Лукашэнкі гэтай дылемы не існуе – ён не раз казаў, што тэрміновую службу адмяняць не збіраецца.

    Кантрактная vs тэрміновая служба

    • Прафесійную армію могуць дазволіць сабе перш за ўсё багатыя краіны, як, напрыклад, ЗША альбо Францыя. Для Беларусі ж гэта будзе вельмі дорага – калі ўзяць пад увагу тэрыторыю, геапалітычнае становішча і магчымыя пагрозы ды рызыкі, то нашай краіне патрэбнае войска колькасцю як мінімум 40-45 тыс. чалавек.
    • У той жа час важна, каб як мага большая колькасць людзей мела базавыя вайсковыя навыкі. Калі штогод не папаўняць абарончы рэсурс людзьмі, то ў выпадку вайны краіна не зможа выставіць войска адпаведна патрэбам ваеннага часу.
    • Пры гэтым працэнт службоўцаў-кантрактнікаў у беларускім войску расце. Колькасць салдатаў і сяржантаў, якія праходзяць вайсковую службу па кантракце, складае 20 % (у 2014-ым годзе – 16 %).
    • Таму сёння для краіны ідэальным варыянтам была б змешаная, кантрактна-тэрміновая форма камплектавання арміі з паступовым павелічэннем колькасці кантрактнікаў.

    Як палепшыць сітуацыю з прызывам

    • Каб моладзь ахвотней ішла ў войска, патрэбны, найверагодней, не бізун, а пернік. Магчыма, варта падумаць пра наданне пэўных ільгот тым, хто ідзе служыць. Пра гэта ўжо разважае Міністэрства абароны. 
    • Пераадолець негатыўнае стаўленне да арміі дапамагла б большая адкрытасць сістэмы. Дзіўна выглядаюць сітуацыі, калі ў выпадку рэзанансных спраў (напрыклад, справа Коржыча), ад Міністэрства абароны цяжка атрымаць больш-менш ясную інфармацыю.
    • Таксама неабходна павышаць прэстыж арміі. Гэтаму мае служыць і вынішчэнне дзедаўшчыны, а таксама велізарная праца з насельніцтвам і ўнутраныя рэформы, каб у выніку час у войску не быў змарнаваны, а стаўся карысным этапам у жыцці.
    • У гэтым плане немалаважным з’яўляецца адпаведнае фінансаванне ўзброеных сілаў, а таксама эфектыўнае выкарыстанне фінансавых сродкаў. Краіны Еўрасаюза цяпер ідуць па шляху павышэння выдаткаў на ўзброеныя сілы да 2 % ВУП. Беларусь жа на войска выдае каля 1 % ВУП.

    А што ў іншых краінах

    • Кожная краіна выбірае свой шлях камплектавання арміі, таму наўрад ці тут ёсць універсальны рэцэпт. Сярод еўрапейскіх краін, напрыклад, прызыўная сістэма захоўваецца ў Даніі, Эстоніі, Грэцыі і Нарвегіі. Служба паводле прызыву таксама дзейнічае ў Аўстрыі і Швейцарыі. У 2013-ым годзе гэтыя нейтральныя краіны правялі рэферэндум у пытанні адмены вайсковага прызыву. Аднак 59 % аўстрыйцаў і 73 % швейцарцаў выказаліся за захаванне прызыўной сістэмы. 
    • Швейцарскае войска застаецца папялярным, нягледзячы на тое, што ўсе мужчыны ва ўзросце ад 19 да 31 года, якія маюць грамадзянства Швейцарыі, абавязаныя прайсці службу ва ўзброеных сілах. Швейцарская армія арганізавана на аснове змешанага (кантрактна-прызыўнога) спосабу камплектавання. Служыць у шэрагах арміі Швейцарыі прыходзіцца на працягу шматлікіх гадоў, невялікімі адрэзкамі (разам 260 дзён), і афіцыйнае звальненне адбываецца ў 51 год.
    • Хіба самым скрайнім прыкладам прызыўнога войска з’яўляецца армія Ізраіля. Усе грамадзяне краіны, і хлопцы, і дзяўчаты, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, абавязаны служыць. Для юнакоў тэрмін складае тры, а для дзяўчат два гады. Асноўным адрозненнем Цахала ад большасці іншых войскаў у свеце з’яўляецца абавязковы воінскі абавязак для жанчын. Ізраільцяне былі вымушаныя пайсці на гэта, каб хоць неяк кампенсаваць колькасную перавагу сваіх праціўнікаў.
    • Аднак нам неабавязкова глядзець толькі ў бок прызыўнога войска. Яшчэ ў 2004-ым годзе польскія эксперты і журналісты лічылі, што цалкам прафесійнае войска – не па кішэні для Польшчы. Але ўсяго праз 6 гадоў у польскім войску не засталося ніводнага прызыўніка. Пасля развалу Арганізацыі Варшаўскай дамовы ва Узброеных сілах Польшчы было больш за паўмільёна чалавек, а цяпер – у пяць разоў менш. Што датычыць заробкаў, то радавы зарабляе каля $ 600-700 на рукі, лейтэнант – $ 900, а палкоўнік – $ 1500.
    ПаказацьСхаваць каментары