• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як паміраюць еўрапейскія мары: кейс Малдовы

    Галоўная праблема еўрапейскай інтэграцыі постсавецкіх краінаў не Расія, а ўласныя эліты.

    Калі б нехта некалькі гадоў таму запытаў любога еўрачыноўніка пра вынікі “Усходнага партнёрства”, то той з імпэтам пачаў бы апавядаць пра success story Малдовы. Найбяднейшая краіна Еўропы хутка дасягнула бязвізавага рэжыму з Еўрапейскім Саюзам, падпісала Дамову аб асацыяцыі, застаецца на першым месцы ў Індэксе інтэграцыі УП ды не хавае сваіх вялікіх амбіцый стаць “сапраўднай Еўропай”.

    Але сёння гэтыя амбіцыі выглядаюць недарэчна. Ідэя еўраінтэграцыі дасягнула дна – яе падтрымлівае ўсяго 32 % малдаван, калі за еўразійскую інтэграцыю выступае роўна палова насельніцтва. Мясцовыя выбары, якія прайшлі 14 чэрвеня, прынеслі перамогу пераважна прарасійскім кандыдатам. А праеўрапейскі электарат пратэстуе на вуліцах супраць кіроўнай праеўрапейскай кааліцыі ліберал-дэмакратаў і дэмакратаў. На самую буйную акцыю выйшла да 50 тыс. чалавек – велізарная лічба для маленькай Малдовы.

    Еўраімітацыя

    Людзі пратэстуюць, бо еўрапейская інтэграцыя выглядае не зусім так, як спачатку падавалася. Нягледзячы на тое, што Еўрапейскі Саюз улівае сотні мільёнаў еўра на рэформы ў Малдове, цяпер толькі 23 % малдаван давяраюць судовай сістэме, хоць пяць гадоў таму паказальнік быў у паўтары разы большы. Пазіцыя Малдовы ў рэйтынгу ўспрыняцця карупцыі Transparency International за гэты час упала з 89-га на 103-ае месца. Эканоміка дагэтуль не наладжаная, а пасады кшталту генеральнага пракурора ці суддзяў раздаюцца па таемных палітычных квотах. Эксперты прапаноўвалі, каб генпракурорам стаў грамадзянін ЕС, але ўлады адмовілі.

    Усё дрэнна ў банкаўскай сферы, адкуль у гэтым годзе быў нелегальна выведзены мільярд еўра. Гэты выпадак і пазбавіў праеўрапейскіх малдаван цярплівасці ды вывеў на вуліцы. Шмат хто лічыць, што за справай стаяць лідары праеўрапейскай кааліцыі.

    Мільярд еўра – гэта прыкладна пятая частка ўсіх банкаўскіх актываў Малдовы, якія проста сышлі на рахункі невядомых дагэтуль фірмаў на Сейшэльскіх выспах. Нацбанк Малдовы стала манітаруе трансакцыі малдаўскіх банкаў і мог бы спакойна адмяніць перавод, але гэтага не зрабіў.

    Выпадак адлюстроўвае ўсё бязладдзе, якое пануе ў банкаўскай сістэме краіны. У Малдове наагул цяжка сказаць, хто з’яўляецца ўладальнікам таго ці іншага банка, бо акцыі банкаў з’яўляюцца таемнымі і часта пераходзяць з рук у рукі. Не дзіва, што такія банкі часта выкарыстоўваюцца ў адмыванні грошай.

    (Дарэчы, Ілан Шор, які сядзіць пад хатнім арыштам па падазрэнні ў крадзяжы аднаго мільярда еўра, перамог на мясцовых выбарах з вынікам у 61 % у першым жа туры. Пакуль невядома, як ён будзе кіраваць Археем, адным з найбольш значных гарадоў Малдовы, але мэрам ён ужо стаў. Шор геапалітычна выступае за Расію, але сам туды неўязны, бо там на яго заведзеная крымінальная справа.)

     Краіна двух алігархаў

    Filat_Plahotniuc_totul_md

    Алігархі Уладзімір Плахатнюк (злева) і Уладзімір Філат (справа) кіруюць праеўрапейскай кааліцыяй

    Малдову з яе алігархатам часта параўноўваюць да іншых посткамуністычных краінаў ці нават да суседняй Украіны. Але тут усё ж іншы выпадак. У Малдове няма вайны, хоць і ёсць самаабвешчаная рэспубліка ў Прыднястроўі. Расійскія эканамічныя санкцыі тут уводзілі не раз і не два, таму Малдова больш-менш да палітыкі Крамля прызвычаеная. То бок Расія мае вялікія рычагі ўплыву, але ўсё ж гэта не яна вымушае малдаван галасаваць за людзей, якія падазраюцца ў крадзяжы мільярда еўра. Не вінаватая Расія і ў тым, што кіроўныя эліты не дбаюць пра рэформы.

    Мясцовыя алігархі ва ўладзе больш канцэнтруюцца на магчымасці абараняць свой бізнес і зарабіць яшчэ болей, найчасцей праз доступ да дзяржаўных замоваў. Два алігархі Філат і Плахатнюк, якія кантралююць кіроўную кааліцыю, адзін аднаго не любяць і маюць адрозныя палітычныя і эканамічныя інтарэсы, але ўсё ж трымаюцца адзін аднаго, бо маюць агульны інтарэс у выцягванні сродкаў з краіны.

    Найбольш востра выглядаў канфлікт, калі алігарх Філат, які кіруе Ліберальна-дэмакратычнай партыяй, хацеў дыскрэдытаваць алігарха Плахатнюка, які кіруе Дэмакратычнай партыяй (разам гэтыя партыі і ствараюць кіроўную праеўрапейскую кааліцыю). Тады генпракурор, які блізкі да Дэмакратычнай партыі, імаверна выпадкова застрэліў на паляванні аднаго малдаўскага бізнесоўца. Кааліцыя была на мяжы распаду, але ўсё ж агульныя інтарэсы вымусілі алігархаў адумацца і пакінуць альянс у сіле.

    Гэты блок, дарэчы, цяпер падтрымліваюць прарасійскія камуністы. Калі аказалася, што кіроўная кааліцыя выступае за еўрапейскія сцягі, але не за еўрапейскія стандарты барацьбы з карупцыяй, то камуністы ўвайшлі ў долю і цяпер падтрымліваюць у парламенце меншасны ўрад дэмакратаў і ліберал-дэмакратаў. Не дзіва, што малдаване не вельмі прагнуць такой еўрапейскай інтэграцыі, якую ім рыхтуюць мясцовыя эліты.

    ПаказацьСхаваць каментары