• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • 20+ лепшых падкастаў, якія варта паслухаць у 2020-ым годзе

    Каманда і вядоўцы падкастаў Цэнтра новых ідэй раяць найлепшыя шоу, якія варта дадаць у свой плэйліст.

    Здаецца, што толькі лянівы не чуў пра падкасты. Нават TUT.BY назваў падкастынг адным з беларускіх трэндаў  2019-га, які застанецца і ў гэтым годзе.

    Мы таксама добра папрацавалі для беларускай падкаст-супольнасці. У мінулым годзе мы ўпершыню зладзілі фестываль Belarus Podcast Day ды першы адкрыты запіс “Ідэйнага падкаста”, а ў падкаст-сям’і Цэнтра новых ідэй цяпер чатыры шоу: “Ідэйны падкаст”, “Минобр позвонит”, FemFM, Dzigital-падкаст. Зараз мы збіраем ахвяраванні на MolaMola, каб развіваць беларускую падкаст-супольнасць і далей.      

    Рыгор Астапеня

    Заснавальнік Цэнтра новых ідэй

    Як прыстойны працаголік я слухаю амаль выключна тое, што так ці інакш звязана з палітыкай і нашай часткай свету. 

    Пачнем з усходу. У Расіі мне найбольш падабаецца штомесячны падкаст Маскоўскага цэнтра Карнегі, а каб пасмяяцца, я даволі часта слухаю “Невзоровские среды”. 

    У Беларусі руліць залатая лінейка падкастаў Цэнтра новых ідэй, але апроч нас ёсць адзін незаслужана малапапулярны падкаст, які мне вельмі падабаецца − “Кава, спорт і бла-бла-бла”. Вядома, што беларускі футбол не нашмат больш дынамічны, чым беларуская палітыка, але гэта не прычына не любіць гэтыя тэмы. 

    Сярод польскіх падкастаў раю паслухаць OSW − Ośrodek Studiów Wschodnich. Гэта падкаст Цэнтра усходнееўрапейскіх даследаванняў, і ў ім эксперты апавядаюць пра любімы “постсавок”. Вам, напрыклад, было б цікава даведацца, як жыве Абхазія? Таксама раю дадаць у плэйліст падкаст Polityka Insight, калі цікавіцеся тым, што адбываецца ў Польшчы.

    Калі казаць пра Захад, то, паколькі я знаходжуся ў Chatham House, то хіба мушу ўзгадаць наш падкаст Undercurrents, хоць насамрэч мне больш падабаецца тое, як падкасты робіць наша сястрынская арганізацыя − Council on Foreign Relations

    Глеб Мартынаў

    Вядзе Ідэйны падкаст

    “Шурави”. Падкаст пра савецкую вайну ў Афганістане. У ім адсутнічае апавядальнік, увесь падкаст − гэта тэматычная нарэзка інтэрв’ю з удзельнікамі вайны. Стваральнікі натхняліся дакументальным фільмам Пітэра Джэксана аб Першай сусветнай “They Shall Not Grow Old”, які той нарэзаў з архіўных кадраў, афарбаваў, і суправадзіў аўдыёзапісамі ветэранаў. “Шурави” − гэта тое ж самае, толькі без відэа і пра Афган. Дакумент эпохі.

    The Bellingcat Podcast. Пакрокавы разбор расследавання Bellingcat па справе збітага ў 2014-ым годзе над Данбасам “Боінга” рэйса MH17. Слухаецца як добры дэтэктыў, удвая больш жудасны ад таго, што гэта пра рэальнасць. Падкаст на англійскай мове.

    The Chernobyl Podcast. Англамоўны падкаст пра тое, як здымаўся культавы серыял Chernobyl ад HBO. Калі спадабаўся серыял, то спадабаецца і падкаст. 

    “Так Вышло!” Каманда, якая раней выпускала на “Медузе” падкаст “Дело случая”, робіць новы незалежны падкаст пра маральныя дылемы ў грамадстве, дзе разбірае ўсё на канкрэтных прыкладах з сучаснага жыцця. Выдатнае практыкаванне ў дэканструкцыі асабістага погляду на рэчы (чаму ён менавіта такі і ці адпавядае ён тваім жа каштоўнасцям?).

    Дзіяна Ляшкевіч

    Менеджерка па камунікацыі ЦНІ і вядоўца dzigital-падкаста

    “Либо выйдет, либо нет”. Вы, верагодна, чулі пра Ліку Крэмер і Кацю Крангаўз, бо раней яны працавалі ў “Медузе”. Каця і Ліка адкрылі студыю падкастаў “Либо-Либо” і ў фармаце рэаліці-шоў расказваюць, што адбываецца з іх бізнесам. 

    “Это провал”. Для тых, хто стаміўся слухаць гісторыі поспеху. Кожны выпуск − новы чалавек, які расказвае пра тое, як у яго ці яе нешта пайшло не так. Вельмі раю паслухаць эпізод з Сашай Сяргеевай, якая працуе мадэллю і змагаецца з рэдкім захворваннем − рэўматоідным артрытам. Гэта такая хвароба, пры якой ты можаш прачнуцца і перастаць адчуваць ногі.

    After Hours ад Harvard Business Review. Кожны тыдзень трое прафесараў Гарварда абмяркоўваюць апошнія навіны на скрыжаванні бізнесу і культуры. Падкаст выходзіць на англійскай мове.

    “Мы не договорили”. Падкаст пра ментальнае здароўе і тое, як яно ўплывае на наша жыццё. Дарэчы, адзін з найлепшых падкастаў 2019-га года па версіі Apple Podcasts. Я рабіла з імі выпуск Dzigital’a аб тым, як зрабіць паспяховы падкаст на каленцы. Яго можна паслухаць тут.

    Таня Кавалёнак

    Вядзе падкаст “Минобр позвонит”

    The Tim Ferris Show. Першы падкаст, які я ўвогуле паслухала, і да гэтага моманту самы любімы. Доўгія гутаркі на 1,5-2 гадзіны з паспяховымі людзьмі з розных сфераў:  ад паэтаў, кінематаграфістаў, атлетаў да бізнесменаў, даследчыкаў і дактароў. У гэтых гутарках Цім Фэрыс спрабуе дэканструяваць іх поспех. Выдатны для тых, хто цікавіцца персанальным развіццём, марыць пра поспехі Джобса і шукае для гэтага натхнення. Падкаст на англійскай мове. 

    Падкасты “Медузы”. Найлепшае, што я знайшла па разнастайнасці тэмаў на рускай мове: палітыка, сацыяльныя справы, кнігі і звычайныя гутаркі пра секс і ежу. Восенню яны запусцілі “Калькулятар”, які мне вельмі зайшоў для пастаноўкі фінансавых мэтаў на 2020-ы. Будзе цікава для ўсіх, хто хоча і заставацца ў трэндах, і расці над самім_ой сабой.

    “Радио Arzamas”. На маю думку, яны прафесійна і ў той жа час папулярна распавядаюць пра розныя навуковыя і мастацкія тэмы. Тэмаў так шмат, што ну дакладна кожны знойдзе штосьці даспадобы. Варта слухаць усім, хто качае мазгі новымі якаснымі ведамі па класічных тэмах навукі і культуры.

    99% Invisible. Падкаст пра нетрывіяльныя падзеі і людзей, пра нешта, аб чым мы не задумваемся ў штодзённым жыцці. Для каго? Для тых, хто ўжо слухаў усе перадапошнія і шукае нешта новае для развіцця агульных ведаў. Падкаст на англійскай мове.

    Маша Сума

    Вядзе падкаст FemFM

    Я збольшага цікаўлюся жаночымі падкастамі, бо мне блізкі жаночы погляд на падзеі ды з’явы, дзе ёсць месца майму досведу. Я рэдка сачу за выхадам новых эпізодаў, слухаю, хутчэй, з пэўнай нагоды ды пад настрой. Напрыклад, падкаст пра менструацыю слухала для нашага выпуску пра сексуальнае ды рэпрадуктыўнае здароўе. 

    “Шоу Ники и Ксюши”. Гэта падкаст Нікі Водвуд ды яе сяброўкі Ксеніі Шаўчук-Леонавай. Ён падабаецца мне па атмасферы: вельмі жывы і сапраўдны. Менавіта такім мы планавалі свой падкаст − нязмушаная гутарка сябровак на кухні.

    Love-XX. У гэтым падкасце простай мовай расказваюць пра менструацыі. Ідэя Love-XX у тым, каб зменшыць стыгму, звязаную з гэтым перыядам у жыцці жанчыны. Ён не выходзіць ужо тры гады, але тэмы, якія там падымалі, дагэтуль актуальныя. Падкаст выходзіць на англійскай мове.

    “Подкаст о меняющемся климате”. Гэта таксама жаночы падкаст: вядоўца і запрошаныя госці − жанчыны. Магчыма, тут не будзе нічога новага для тых, хто прафесійна займаецца экалагічнымі пытаннямі. Але калі вы ў пачатку шляху, то можаце пачаць з гэтага падкаста. 

    “Истории русского секса”. Тут людзі розных пакаленняў і светапоглядаў размаўляюць пра сваё цела і секс. Вясёлы і месцамі жудасны падкаст. Паслухала па рэкамендацыі сяброўкі, і мне спадабалася. Ёсць вясёлыя выпускі пра секс вачыма мілых бабуль, а ёсць жудасныя гісторыі пра 212 артыкул за гомасексуальнасць у СССР. 

    Women Of The Hour. Калі вы любіце серыял Girls таксама, як яго люблю я, то можаце працягнуць задавальненне падкастам, які робіць яго стваральніца і актрыса Ліна Данем. Тэмы простыя, але вельмі глыбокія. Англійская мова ў Ліны зразумелая і эмацыйная. Падкаст выходзіць на англійскай мове.

    Як падтрымаць беларускую падкаст-супольнасць

    Грошы з ахвяраванняў, якія мы збіраем на MolaMola, пойдуць на тое, каб зладзіць падкаст-фестываль Belarus Podcast Day і адкрытыя запісы “Ідэйнага падкаста” ў гэтым годзе. За кожны сабраны рубель мы сумленна адсправаздачымся на сайце Цэнтра новых ідэй. 

    ПаказацьСхаваць каментары