• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Наколькі верагодны ў Беларусі дзяржаўны пераварот?

    За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў эканамісты і палітолагі надавалі шмат увагі даследаванню прычын дзяржаўных пераваротаў. Было вылучана каля ста патэнцыйных дэтэрмінантаў, але дагэтуль адзінага меркавання пра мадэль, як аналізаваць перадумовы пераваротаў, не існуе. А ці мажлівы дзяржаўны пераварот у Беларусі, якая знаходзіцца ў стане глыбокага палітычнага крызісу?

    Нягледзячы на тое, што дзяржаўныя перавароты прыцягваюць шмат медыйнай увагі, гэта не настолькі распаўсюджаная з’ява ў свеце, як можа падацца на першы погляд. З 1950-ых гадоў задакументавана каля 500 спробаў пераваротаў, але пасля 1991-га іх колькасць у свеце значна паменшылася. Так, у перыяд ад 1950-га да 1990-га было здзейснена 197 паспяховых пераваротаў (пяць на год), а ў перыяд ад 1990-га да 2020-га толькі 45 (паўтара на год).

    Як і многія паняцці ў сацыяльных навуках перавароты не маюць адзінага агульнапрынятага вызначэння. Змена ўрада, дзе кіраўнік дзяржавы неўзабаве памірае, але ёсць вялікая верагоднасць, што ён быў забіты, – звычайна не лічыцца пераваротам. Так, смерць туркменскага дыктатара Сапармурата Ніязава ў 2006-ым немагчыма класіфікаваць як пераварот, бо яго забойства немагчыма даказаць. Прыкметным, аднак, з’яўляецца тое, што пасля яго смерці выконваць абавязкі прэзідэнта мусіў старшыня парламента Атаеў, аднак ён быў хутка арыштаваны, і выканальнікам абавязкаў прэзідэнта прызначаны Бердымухамедаў, які і дагэтуль кіруе Туркменістанам.

    Агульна даследчыкі згаджаюцца, што пераваротам з’яўляецца падзея, у якой выконваюцца тры ўмовы:

    а) актар павінен быць агентам урада, як правіла, прадстаўніком вайскоўцаў або спецслужбаў;
    б) мэтай дзеянняў актараў павінен быць дзейны кіраўнік урада;
    в) актары павінны імкнуцца зрынуць вышэйзгаданага лідара з дапамогай незаконных/антыканстытуцыйных сродкаў.

    Апошняя ўмова таксама выклікае спрэчкі, бо патрабуе шматгадовых даследаванняў. Адпаведна, тое, што называецца турэцкім “пераваротам” 1997-га года, ім не з’яўляецца, бо далейшы разгляд паказаў, што вайскоўцы абапіраліся на юрыдычныя працэдуры, каб змусіць прэм’ер-міністра Эрбакана скласці паўнамоцтвы, якія ён груба парушыў.

    У літаратуры апісваецца шмат чыннікаў, якія могуць уплываць на імавернасць дзяржаўнага перавароту. Але разгледзім толькі тыя, якія датычацца аўтарытарных краін, падобных да Беларусі. Мы не будзем асобна вылучаць фактар эканамічнага росту і крызісу. Адныя даследчыкі сцвярджаюць, што кароткатэрміновыя эканамічныя шокі павялічваюць рызыку дзяржаўнага перавароту. А іншыя сцвярджаюць, што эканамічныя ўмовы даволі няважныя ў якасці прадказальнікаў перавароту. Кансэнсус існуе, аднак, наконт таго, што трыгерам перавароту з’яўляецца не сам эканамічны крызіс, а зніжэнне здольнасці дыктатара размяркоўваць рэсурсы паміж сваіх эліт.

    1. Наяўнасць аўтарытарных інстытутаў

    Большасць даследчыкаў сцвярджае, што аўтарытарныя партыі і заканадаўчыя органы дапамагаюць стварыць сістэму надзейнага размеркавання ўлады паміж кіраўніком і яго кіроўнай кааліцыяй, істотна зніжаючы рызыку таго, што дыктатар будзе зрынуты рэжымнымі элітамі. Існаванне праўладных палітычных партыяў у Расіі, Казахстане і Азербайджане дапамагае кааптацыі палітычных элітаў і забеспячэнню не толькі транзіту ўлады, але і захаванню рэжымаў у доўгатэрміновай перспектыве.

    Такім чынам, адсутнасць праўладнай партыі і не проста фармальнага парламента павялічвае рызыку перавароту ў Беларусі.

    2. Узровень кантролю над рэсурсамі

    Калі кантроль над дзяржавай абяцае кантроль над рэсурсамі, пераварот становіцца больш прывабным. Гэта асабліва дзейнічае ў краінах, дзе многа прыродных рэсурсаў, правы ўласнасці не забяспечаны, прававыя працэдуры не дзейнічаюць і эканамічная няроўнасць высокая. Аднак неабходна ўлічваць, што сканцэнтраваныя рэсурсы ў дыктатара могуць таксама быць выкарыстаны для абароны дзейнага рэжыму ад пагроз. Перавароты супраць цэнтралізаваных дыктатур значна часцей з’яўляюцца беспаспяховымі.

    Важнай з’яўляецца і здольнасць дыктатара пераразмяркоўваць рэсурсы паміж рэжымнымі элітамі такім чынам, каб выгады ад дзяржаўнага перавароту не сталі прывабнымі для істотнай часткі элітаў. Тэндэнцыя апошніх кадравых назначэнняў у Беларусі паказвае, што прадстаўнікі сілавога блоку атрымліваюць усе большую колькасць дзяржаўных пасад. Удзельная частка расходаў рэспубліканскага бюджэту Беларусі на “агульнадзяржаўную дзейнасць” (чыноўнікі, ідэолагі і сілавікі) у 2021-ым годзе вырасла да 28,9 % ад усіх расходаў (з 23 %, адпаведна, годам раней).

    Такім чынам, вялікая канцэнтрацыя кантролю над рэсурсамі ў Лукашэнкі, цэнтралізацыя кіравання і цяперашні стан пераразмеркавання рэсурсаў паміж элітамі, хутчэй, памяншае рызыку перавароту ў Беларусі.

    3. Арганізацыйныя здольнасць элітаў

    Важны фактар – гэта здольнасць актараў падрыхтаваць пераварот эфектыўна ўнутры сістэмы і ў таямніцы. Арганізатары перавароту не толькі павінны абменьвацца інфармацыяй, але і пераконваць адно аднаго ў сваёй гатоўнасці ўдзельнічаць у перавароце. У момант падрыхтоўкі перавароту важна ведаць, што насельніцтва або значная частка палітычных элітаў прымуць новы рэжым, інакш у горшым выпадку можа пачацца грамадзянская вайна. Палітычная нестабільнасць і канфлікты, а таксама слабы эканамічны рост могуць дапамагчы змоўнікам каардынаваць і фармаваць пазітыўныя чаканні адносна сваіх шанцаў на поспех. Калі ў краіне ўжо адбыўся пераварот, і асабліва, калі гэта адбылося нядаўна, то гэта значна павялічвае арганізацыйныя здольнасці для ажыццяўлення новай спробы, як гэта, напрыклад, было ва Украіне.

    З іншага боку, важная сістэма перадухілення дзяржаўных пераваротаў самім рэжымам. Колькасць сілавікоў, іх ратацыя і кантроль над галінамі грамадства могуць мець важнае значэнне. Аднак тэарэтычна незразумела, якія з гэтых фактараў найбольш важныя, і эмпірычныя дадзеныя неадназначныя.

    Арганізацыйная здольнасць беларускіх рэжымных элітаў невядомая і падаецца нізкай. Тым не менш цяперашні палітычны крызіс у грамадстве робіць верагодным шырокую падтрымку грамадства, што, хутчэй, павялічвае рызыку яго здзяйснення.

    4. Узровень рэпрэсій

    Рэпрэсіі выкарыстоўваюцца элітамі як сродак утрымання ўлады, 1) калі пераразмеркаванне і перадача палітычнай улады не з’яўляюцца дастатковымі для задавальнення грамадзян, 2) альбо калі рэпрэсіі проста “таннейшыя” за альтэрнатыўныя інструменты палітыкі.

    Тым не менш шырокі ўдзел рэжымных эліт у здзяйсненні рэпрэсій робіць менш верагодным поспех пераваротаў, бо эліты могуць бачыць рызыкі свайго далейшага пераследу з боку цяперашняга рэжыму ці з боку новай улады. Менавіта таму перавароты ў дэмакратыях маюць больш чым удвая шанцаў быць паспяховымі, чым у аўтакратыях.

    Цяперашні ўзровень рэпрэсій у Беларусі моцна вылучаецца сярод астатніх краін Еўропы. Аднак доўгатэрміновае ўключэнне шырокага кола элітаў у здзяйсненне рэпрэсій памяншае рызыку дзяржаўнага перавароту.

    5. Геапалітычнае знаходжанне і залежнасць ад іншых дзяржаў

    На арганізацыю пераваротаў уплывае суседства ці знаходжанне ў пэўным геапалітычным рэгіёне. Перавароты ў найбліжэйшых краінах могуць стварыць момант для руху супраць непапулярнага ўнутрыпалітычнага рэжыму. Так адбывалася падчас рэвалюцыйных рухаў па ўсёй Усходняй Еўропе ў 1989-ым годзе або падчас так званай Арабскай вясны, якая пачалася з Туніскай рэвалюцыі ў 2010-ым годзе.

    Адначасова, як бы парадаксальна гэта не было, суседства з дэмакратычнымі краінамі значна памяншае верагоднасць пераваротаў, таму што яны звычайна не падтрымліваюць паўстанцкія палітычныя рэжымы і рухі ў іх непасрэдным суседстве.

    Фінансавая залежнасць ад іншых краін ці міжнародных арганізацыяў таксама з’яўляецца негатыўным фактарам для здзяйснення пераваротаў, бо пераварот можа азначаць рэзкае падзенне дабрабыту найперш для элітаў.

    Беларусь знаходзіцца ў рэгіёне з найменшай колькасцю пераваротаў і мяжуе пераважна з дэмакратычнымі краінамі. Рэжымныя эліты Беларусі найперш эканамічна залежаць ад Расеі. Гэтыя чыннікі негатыўна ўплываюць на верагоднасць дзяржаўнага перавароту.

    У выніку пэўная колькасць фактараў паказвае на, хутчэй, малую верагоднасць дзяржаўнага перавароту ў Беларусі. Тым не менш такая рызыка існуе. Кантроль над гэтымі рызыкамі будзе залежаць ад далейшай здольнасці рэжыму пераразмяркоўваць рэсурсы паміж элітамі, ад вырашэння канфлікту ў грамадстве і стварэння ўстойлівых аўтарытарных інстытутаў.

    Фота: Павел Крычко

    ПаказацьСхаваць каментары