• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Дамоклаў меч экстрэмізму

    Абапіраючыся на мінулагоднія звесткі, Генадзь Коршунаў аналізуе асаблівасці функцыянавання такога складніку дзяржаўных рэпрэсій, як спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Толькі што завяршыўся фарс са смажанкамі, самадзейнасцю на пустых участках і датэрміновым галасаваннем, яўка на якім у два разы перавысіла паказнік асноўнага дня “недавыбараў”. Пасля гэтай спецыяльнай сацыяльна-палітычнай аперацыі краіна цяпер вяртаецца …

    Пасля спецыяльнай сацыяльна-палітычнай аперацыі краіна вяртаецца на стацыянарную арбіту з усімі спадарожнымі атрыбутамі. Так, напрыклад, дзяўчыну затрымалі за відэа з выбарчага ўчастка,  вулічнага музыку – за тое, што насуперак усяму граў “Разбуры турмы муры”… Першай “шыюць” перасылку відэа экстрэмісцкаму рэсурсу, другому – распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Краіна экстрэмістаў – яна такая, экстрэмізм за кожным кустом. Пасля 2020-га года і асабліва пасля 2021-га гэтым ужо нікога не здзівіш, бо ў Беларусі амаль усе маюць датычнасць да экстрэмізму, нават калі яны самі пра гэта і не здагадваюцца.

    Такое магчыма праз тое, што экстрэмізм стаў новай нормай беларускага жыцця. Дакладней – абвінавачванні ў ім, бо атрымаць прысуд за тую ці іншую датычнасць да экстрэмізму сёння можна ў два мігі.  Рэжым у Беларусі настолькі вольна выкарыстоўвае антыэкстрэмісцкае і контртэрарыстычнае заканадаўства, што патрапіць пад пераслед пад канкрэтны артыкул можа фактычна кожны. [1]

    Возьмем, напрыклад, самы непрадказальны варыянт – “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”, за які ў Беларусі прадугледжаная пакуль толькі адміністратыўная адказнасць (штраф ці арышт на содні). Варыянт непрадказальны, бо пасля 2020-га года колькасць экстрэмісцкіх матэрыялаў у Беларусі расце амаль па экспаненце. Сам спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папаўняецца некалькі разоў на месяц, і, зразумела, ніхто рэгулярна не адсочвае яго актуалізацыю, каб адпісацца ад адпаведных рэсурсаў.

    Ды і наўпрост адпіска ад “экстрэмісцкіх матэрыялаў” не звальняе ад пагрозы пераследу. Адказнасць за распаўсюд інфармацыі з крыніц, унесеных у спіс экстрэмісцкіх, мае зваротную сілу без абмежаванняў паводле тэрміну даўнасці (падрабязней гл. тут). Гэта значыць, што ў 2024-ым годзе чалавек можа стаць, да прыкладу, экстрэмістам праз лайк, пастаўлены ў 2020-ым годзе, ці праз перапост, зроблены, скажам, у 2009-ым годзе.

    Пазбавіцца ўсіх сувязяў (падпісак, лайкаў, перапостаў і г.д.) з тым, што беларускія суды прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі, наўрад ці магчыма. На другую палову лютага 2024-га года ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў былі ўжо 920 рэсурсаў. Абсалютная большасць з іх – 847 – з’явіліся пасля 2020-га года.  Гэта вынік больш за 2100 судовых паседжанняў ад пачатку 2021-га да лютага 2024-га, цягам якіх экстрэмісцкімі было прызнана амаль 4000 “Тэлеграм”-каналаў і чатаў, старонак у сацыяльных сетках, музычных кампазіцый і сайтаў у інтэрнэце.

    Дарэчы, на графіках бачна, што першы ўсплёск “барацьбы з экстрэмізмам” адбыўся не пасля 2020-га года ў Беларусі, а пасля падзей 2014-га года ва Украіне. Канешне, маштабы непараўнальныя, але відавочна, што пакрысе механіка адпрацоўвалася яшчэ тады.

    Такім чынам, цяпер у спісе больш за 4700 крыніц. І што з гэтым рабіць, калі чалавек жыве ў Беларусі ці час ад часу перакрочвае беларускую мяжу?

    Адказ непасрэдна на гэтае пытанне лепш пакінуць спецыялістам, тым больш што варыянты ёсць – ад партызанскага “Тэлеграма” да перыядычных чыстак тэлефона. Аднак увагі патрабуе наступнае:

    – па-першае, падаецца малаверагодным, што рознага кшталту правяральнікі трымаюць у галаве амаль 5 тысяч пазіцый экстрэмісцкага спісу. Яны, хутчэй, могуць рэагаваць на ключавыя словы тыпу: “…для жыцця”, “…за перамены”, “97%”, “Лука”, “прафсаюз”, “пратэст” і нават проста “Беларусь”. Прынамсі да такіх высноваў можна прыйсці, аналізуючы тое, што суды адносяць да экстрэмісцкіх матэрыялаў;

    – па-другое, нават самі судовыя службоўцы не вельмі ўважліва адсочваюць тое, што трапляе ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, напрыклад, ад калег з іншых абласцей. У выніку адная і тая ж крыніца, “Тэлеграм”-чат ці “Інстаграм”-старонка могуць некалькі разоў трапляць у “экстрэмісты”. Цікава, што калі да 2018-2019 гадоў працы па ўпарадкаванні спіса праводзіліся (гэта бачна ў пераносах інфармацыі аб розных судовых паседжаннях у адну ячэйку побач з адпаведным “экстрэмісцкім матэрыялам”), то цяпер суды проста “гоняць вал”, не зважаючы ні на што, у тым ліку і на парадак;

    – па-трэцяе, вось гэтая ўстаноўка “гнаць вал” стварае сітуацыю, калі важна не тое, што ўключана ў спіс, а колькі. Трэба ўразіць памерамі і маштабамі, то бок прымусіць людзей думаць, што патэнцыйна экстрэмісцкае – усё; што лепей адпісацца ад усяго старога і не падпісвацца на нішто новае. А раптам яно ўжо экстрэмісцкае? Ці хутка стане такім?

    У выніку можна казаць, што ў Беларусі барацьба з экстрэмізмам – прынамсі ў варыянце спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў – гэта, хутчэй, не пра пакаранне, а пра запужванне.

    Таму будзьма беларусамі: пільнымі і асцярожнымі, жывымі і на свабодзе!

    Фото: TUT.BY

    ПаказацьСхаваць каментары