падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Як вольны рынак можа справіцца з карупцыяй

Як вольны рынак можа справіцца з карупцыяй
Кіраўнік краіны дзесяцігоддзямі афіцыйна вядзе “джыхад” супраць карупцыі, цягам гэтага ж часу за хабары затрымліваюць чыноўнікаў. Ці няма тут супярэчнасці?

Нягледзячы на дзесяцігоддзі афіцыйнай вайны з карупцыяй, улады Беларусі дагэтуль ігнаруюць банальную рэч, што самы просты спосаб зменшыць карупцыю — гэта абмежаваць паўнамоцтвы дзяржавы. Бо ў выпадку зарэгуляванасці і  пратэкцыянізму бюракратыя заўсёды будзе імкнуцца выкарыстаць уладу для павелічэння свайго багацця.

Вядомы даследчык ценявой эканомікі Эрнанда Дэ Сота праілюстраваў гэта на прыкладзе Перу ў сваёй прарыўной працы. У эксперыменце па будаўніцтве фабрыкі чыноўнікі дзесяць раз вымагалі хабары ў каманды даследчыкаў і двойчы адмовіцца ад гэтага было немагчыма. Паводле падлікаў, чалавек з сярэднім прыбыткам мусіў бы выдаткаваць на атрыманне дазволу 289 дзён і $ 194  — шэсць мінімальных заробкаў на канец 1980-ых.

Відавочна, што акрамя эксперыментатараў марнаваць год на атрыманне дазволаў ніхто не стаў бы.

Як вольны рынак можа справіцца з карупцыяй

Такім чынам, існуюць выпадкі, калі хабар — гэта адзіны спосаб адкрыць бізнес ды працаваць ва ўмовах драпежных падаткаў і рэгуляцый.  Іншымі словамі, калі кавярня плаціць санстанцыі за тое, што тая не заўважыць ніжэйшай за нарматыў колькасці ваннаў для мыцця посуду, – гэта win win solution, як і хабары на мытні за тое, каб афіцэр заплюшчыў вочы на правоз партыі айфонаў. У гэтых выпадках хабар карысны для грамадства, бо яно атрымоўвае таннейшыя айфоны ды больш кавярняў.

Адсюль вынікае, што для перамогі над карупцыяй неабходна змяншаць функцыі дзяржавы.

Прыкладна гэтым шляхам пайшлі ў Грузіі пры Саакашвілі, прычым асабліва паспяховымі былі дэбюракратызацыя і дэрэгуляцыя. Толькі ў Міністэрстве эканамічнага развіцця пры Кахе Бендукідзэ персанал скарацілі ў тры разы. Пра скасаванне дэпартамента прамысловасці выказалася былая намесніца Бендукідзэ Лілія Бегаішвілі, паводле якой, “у рынкавай эканоміцы наагул незразумела, чым гэты дэпартамент павінен займацца”.  

У сферы будаўніцтва дзяржаўная экспертыза была пакінутая толькі для аўтамагістраляў ды тунэляў; бяспечнасць шматпавярховікаў, напрыклад, рэгулюецца суровым пакараннем у выпадку аварыі, а не доўгімі экспертызамі.

Але скарачэнне функцый дзяржавы недастаткова, бо нават у ліберальнай дзяржаве застаецца паліцыя, пракуратура, ДАІ ды суды, а разам з імі — спакуса браць ці даваць хабары. Паказальны прыклад вырашэння праблемы хабараў у сілавых структурах – гэта ізноў Грузія, дзе з МУС звольнілі 15 тысяч супрацоўнікаў за адзін дзень,  а заробкі новым, набраным па конкурсе паліцыянтам, паднялі з $ 56 у 2003-ым годзе да $ 443 у 2007-ым.

Жорсткасць пакарання супраць справядлівасці

Разам з павышэннем заробкаў чыноўнікам і дэрэгуляцыяй часта разглядаюцца сілавыя сродкі барацьбы з карупцыяй. Як правіла, шляхам запалохвання ідуць краіны са слабымі інстытутамі як В’етнам, Інданезія, Філіпіны ці Кітай. У Руандзе за хабар $ 1,25 саджаюць на шэсць год у турму. Менш жорсткімі захадамі карыстаюцца ў Бразіліі, дзе пракуроры маюць шырокую аўтаномію ў справах расследавання карупцыйных спраў з удзелам прадстаўнікоў палітычнай эліты.

Тым не менш, з жорсткімі захадамі існуюць дзве вялікія праблемы: справядлівасць і эфектыўнасць.

Турэмныя тэрміны за злачынства без ахвяры несправядлівыя, а іх эфектыўнасць сумнеўная, то бок, калі няма прычынна-выніковай сувязі з нечым страшным, то трымаць чалавека ў турме няправільна. Лепшы эфект быў бы дасягнуты прымусам аддаць утрая больш за скрадзенае і звальненнем з дзяржслужбы з “воўчым білетам”.  Да таго ж непрадказальны лёс асуджаных за хабары, якія выйдуць на свабоду, —  вялікая колькасць асуджаных падымае пытанне сваёй рэабілітацыі і павелічэння выдаткаў на турмы, а гэта — дадатковыя дзяржаўныя траты ды сацыяльныя праблемы.

Практыкі ўзвінчаных пакаранняў за хабары і “паляванні на вядзьмарак” могуць спрацаваць хутчэй у палітычна несвабодных краінах. Напрыклад, Руанда, адносны поспех якой у барацьбе з карупцыяй хваляць эксперты, па сённяшні дзень з’яўляецца палітычна несвабоднай краінай. Што датычыць Беларусі, то і яна ёсць міліцыйнай дзяржавай з недатыкальнымі, усеўладнымі сілавікамі, ды ў развіцці палітычных і грамадзянскіх свабод не адрозніваецца ад Руанды.

Пры гэтым бізнесоўцы ды чыноўнікі  ў нашай краіне маюць легальную магчымасць вызваліцца з турмы датэрмінова, за кампенсацыю нанесенай дзяржаве “шкоды”. З гэтай практыкай паўстае праблема справядлівасці. Відавочна, што доктар, які дапамагаў юнакам пазбегнуць прызыву, адсядзіць як мінімум да амністыі.

Але чыноўнік ці бізнесовец, кампенсацыі ад якіх могуць папоўніць бюджэт на мільёны долараў, могуць выйсці на волю нашмат раней.

Статыстыка паказвае, што ад карупцыі пакутуюць краіны, дзе ўлады агрэсіўна ставяцца да прыватнай уласнасці. Гэта значыць, што ні нарады ў прэзідэнта, ні абяцанні “скруціць галаву” карумпаваным чыноўнікам, ні ўсеўладдзе КДБ ды сілавікоў не змогуць карэнным чынам зламаць сістэму хабарніцтва ды “адкатаў”.  

Для канчатковага вырашэння пытання трэба зрабіць, каб рэнтаарыентаваныя паводзіны дзяржслужбоўцаў былі прынцыпова немагчымымі. Гэта значыць, трэба, каб чыноўнікі мелі магчымасць толькі абараняць прыватную ўласнасць, а не здзяйсняць агрэсію супраць яе.