• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Бюджэт Беларусі 2018: трэнды і цікавінкі

    На што варта звярнуць увагу ў галоўным фінансавым дакуменце краіны.

    У канцы снежня ў Беларусі быў прыняты рэспубліканскі бюджэт на 2018 год. Яго памер склаў $ 10 млрд. А гэта больш за папярэдні амаль на 20 %. Характэрна, што ў чарговы раз бюджэт складзены з прафіцытам ($ 370 млн).

    Гэта даволі рэдкая з’ява.

    Звычайна ў свеце бюджэты краінаў з’яўляюцца дэфіцытнымі. Аднак улады Беларусі ўзялі за правіла фармаваць кожны год прафіцытны бюджэт, дзе памер прафіцыту наўпрост залежыць ад нафтавых прыбыткаў і накіроўваецца перадусім на пагашэнне беларускага доўгу.

    Рэвалюцыйным бюджэт 2018 назваць нельга. Аднак некаторыя назіранні могуць быць цікавымі.

    Нацыянальная абарона

    Выдаткі на нацыянальную абарону ў 2018 годзе нязначна павялічыліся ў параўнанні з папярэднім годам – ​​$ 550 млн супраць $ 475 млн.

    Варта прызнаць, што памер бюджэту даволі сціплы.

    Аднак з-за складанай эканамічнай сітуацыі дзяржаве складана вылучаць больш сродкаў на вайсковыя патрэбы.

    Запланаваных выдаткаў ледзь хопіць на ўтрыманне арміі, не кажучы ўжо пра мадэрнізацыю і пераўзбраенне. Напрыклад, сродкаў, прадугледжаных у бюджэце, хопіць на 11 з 12 самалётаў СУ-30СМ, якія краіна плануе набыць у Расіі. Альбо на адзін дывізіён зенітна-ракетных сістэм С-400.

    Для параўнання, нашыя суседзі выдаткоўваюць на вайсковыя патрэбы значна больш. Калі з Расіяй ($ 46 млрд), Украінай ($ 3,07 млрд) і Польшчай ($ 11,6 млрд) усё зразумела, то выдаткі Літвы ($ 1 млрд) і Латвіі ($ 0,68 млрд) на нацыянальную абарону прымушаюць задумацца пра стан рэчаў у Беларусі.

     

    Infogram

    Адукацыя

    Аб праблемах у беларускай адукацыі напісана шмат. І зразумела, што без сістэмных зменаў тут не абысціся. У тым ліку гэта датычыцца і фінансавых уліванняў.

    Кансалідаваны бюджэт краіны (рэспубліканскі, абласныя і Мінска) у 2018 годзе прадугледжвае выдаткі на адукацыю блізу $ 1,2-1,3 млрд (2,5 % ВУП). Гэта значна ніжэй за сярэднія выдаткі на адукацыю ў краінах Еўрасаюза (4,9 % ВУП). І гэта пры тым, што ВУП Беларусі сур’ёзна прасеў за апошнія некалькі гадоў і далёкі ад паказнікаў заможных гадоў.

    Нават Украіна, якая знаходзіцца ў вельмі няпростай сітуацыі, у наступным годзе плануе вылучыць на адукацыю каля $ 7 млрд (7,8 % ВУП).

     

    Infogram

    На вышэйшую адукацыю і навучанне пасля ВНУ ў 2018 годзе ў Беларусі плануецца выдаткаваць $ 0,33 млрд. Для параўнання польскі бюджэт у наступным годзе прадугледжвае $ 4,71 млрд на вышэйшую адукацыю, што практычна ў 15 разоў больш. Супаставіўшы памеры краін, разумееш, наколькі Беларусь адстае ў гэтым пытанні ад заходняй суседкі.

    Навука і інавацыі

    Развіццё навукі і тэхналогіяў з’яўляецца ключавым фактарам развіцця краіны. І ўвесь прагрэсіўны свет надае гэтаму вялікую ўвагу.

    Беларусь павінна прытрымлівацца гэтага трэнду, не толькі ствараючы спрыяльныя ўмовы для развіцця навуковай дзейнасці і распрацовак у краіне, але і актыўна ўдзельнічаючы ў гэтым працэсе, у тым ліку фінансава.

    Бюджэт 2018 прадугледжвае на навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць $ 125 млн, што складае мізэрныя 0,25 % ад ВУП краіны. Дарэчы ў 2016 годзе на ўсе навуковыя даследаванні і распрацоўкі (дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі) у Беларусі было выдаткавана 0,5 % ВУП краіны.

    Для параўнання, у сярэднім у краінах ЕС на падобныя мэты траціцца каля 2 % ВУП у год, у Кітаі 2,1 %, у ЗША 2,7 %, у Японіі 3 %. У суседняй Літве лічба адносна сціплая – 1% ад ВУП краіны.

    Аднак нават гэтая сума ў доларавым эквіваленце ($ 420 млн) пераўзыходзіць аналагічныя выдаткі Беларусі.

     

    І трошкі аб дармаедстве

    Калі разглядаць пытанне сацыяльнага ўтрыманства з пункту гледжання бюджэту краіны, то можна заўважыць, што беларускія дармаеды не зусім п’яўкі на дзяржаўным целе, як гэта падаюць улады. І тыя з іх, у каго ёсць грошы, нават вельмі нядрэнна спрыяюць напаўненню скарбу дзяржавы. Не праз падаходны падатак, а, напрыклад, праз падатак на дадатковую вартасць (ПДВ) і акцызы.

    У Рэспубліканскім бюджэце 2018 года доля ПДВ і акцызаў складае прыкладна 50 % ($ 5 млрд) ад усіх бюджэтных паступленняў.

     

    Infogram

    Падаходны падатак фізічных асобаў ідзе ў рэгіянальныя бюджэты. Так, напрыклад, у бюджэце Брэсцкай вобласці 2017 года ён складаў прыкладна $ 75 млн. У той час як паступленні ад ПДВ у абласным бюджэце былі запланаваныя на ўзроўні $ 100 млн. У Віцебскай вобласці ПДВ ў 2,5 разы пераважыў падаходны падатак.

    Натуральна, не ўся сума ад ПДВ прыпадае на долю фізічных асоб, аднак яна немалая.

    Атрымліваецца, што доля падаходнага падатку з фізічных асобаў у бюджэце краіны адносна невялікая. І, скажам, маючы неафіцыйны прыбытак славутым памерам у $ 500, грамадзянін Беларусі праз ускосную выплату ПДВ і акцызаў, магчыма, папаўняе дзяржаўны скарб больш, чым афіцыйна працаўладкаваны з заробкам у $ 250.

    Пры параўнанні бюджэтаў Беларусі розных гадоў кідаецца ў вочы тэндэнцыя змяншэння фінансавання сацыяльных сфераў і павелічэнне фінансавання сілавога блоку. Але калі б частка грошай з бюджэту сілавікоў пайшла на фінансаванне адукацыі і навукі, глядзіш, і будучыня краіны выглядала б значна больш аптымістычнай.

    ПаказацьСхаваць каментары