У нашым часопісе новая традыцыя. Раз на некалькі месяцаў мы будзем апытваць нашых аўтараў пра кнігі, чытанне якіх больш прыемнае за прагляд стужкі ў Facebook. Болей за тое, усе гэтыя чытанкі будуць спраўна служыць разгону “шэрага рэчыва”.
Марыя Русак і “Гамора” Раберта Савіяна
Вайна ідзе на еўрапейскім кантыненце ў ХХІ-ым стагоддзі ўсяго ў 150 км ад Рыма. Карга-кантэйнер поўны нябожчыкаў, якія праз памылку кіроўцы высыпаюцца на італьянскі пляж. Зоркі Галівуда выходзяць на цырымонію “Оскар” у сукенках, зробленых уначы кітайскімі мігрантамі ў Богам забытых трушчобах у Неапалі.
Гэта не неа-нуар, а нябачная рэчаіснасць самага паспяховага міжнароднага бізнес-праекта сучаснасці – крымінальнай арганізацыі “Каморра”, якая дасягнула сусветных маштабаў. Кніга “Гамора” дасканала паказвае, як нашая паўсядзённасць у любым кутку свету наўпрост звязаная з фінансавымі, эканамічнымі ды палітычнымі механізмамі італьянскай крымінальнай арганізацыі.
Раберта Савіяна, італьянскі журналіст, паходзіць з радзімы і сэрца самай буйной арганізаванай злачыннасці свету – вёскі Касаль ды Прынчыпе. Працуючы над кнігай шмат год, Савіяна прысутнічаў на ўсіх судовых працэсах, звязаных з мафіяй, браў інтэрв’ю, рабіў дэталёвыя даследаванні структуры ды нават супрацоўнічаў з “Каморрай”. Такім чынам, “Гамора” – гэта гібрыд: гэта і журналісцкае даследаванне, і палітычнае меркаванне, і гісторыя, і аўтабіяграфія.
Як кажа Савіяна, моц гэтай працы ў шырокім распаўсюдзе інфармацыі. Калі б была надрукавана 1 тыс. асобнікаў, яна прайшла б незаўважна. Але з 2006-га кніга выйшла накладам у больш чым 10 млн і стала сусветным феноменам. Аўтар па сённяшні дзень мае 24-гадзінную ахову з сямі чалавек, рэгулярна атрымлівае пагрозы забойства ды ўжо восем год жыве пад праграмай абароны сведкаў.
Тым, хто не любіць чытаць, варта прынамсі паглядзець фільм-экранізацыю 2008-га года ды італьянскі серыял 2014-га, кожная серыя якога збірае больш за 1,5 млн гледачоў. Пакуль што кніга Савіяна не існуе на беларускай мове, але ёсць у рускім перакладзе выдавецтва “Гелеос”. Улічваючы тое, што Беларусь згадваецца шмат разоў у схемах “Каморры”, апісаных Савіяна, беларусам варта прачытаць кнігу для разумення сучаснай сусветнай эканомікі ды палітыкі.
Юлія Мядзвецкая і “Французскае завяшчанне” Андрэя Макіна
Біяграфія Андрэя Макіна – гэта яшчэ адзін прыклад непраўдападобнага жыцця. Ён пакінуў Расію ў пошуках палітычнага прытулку ў Францыі, знаходзіўся ў галечы ў Парыжы і нават нейкі час жыў у склепе на могілках Пэр-Лашэз у Парыжы.
Пісанне стала ратункам Макіна, але французскія выдаўцы адмаўляліся друкаваць аўтара з рускім іменем. Таму ён выдаваў свае працы за пераклад з рускай мовы.
“Французскае завяшчанне” прынесла пісьменніку прызнанне, Ганкураўскую прэмію і выратавальнае французскае грамадзянства. У кнізе аўтар шчыра паказаў жыццё сваёй бабулі Шарлоты, францужанкі буржуазнага паходжання, у Савецкім Саюзе.
Шарлота прыехала ў Расію з місіяй Чырвонага крыжа і засталася на ўсё жыццё. “Такая ўжо гэтая краіна. Прыехаць лёгка, але вырвацца немагчыма”. Велізарная імперыя сустрэла яе голадам, рэвалюцыямі і грамадзянскімі войнамі. Неадольная мяжа пралягла паміж яе цяперашнім жыццём і французскім мінулым.
Але Шарлота здолела перадаць свайму ўнуку дух Францыі, само знаходжанне ля яе азначала жыць у іншым вымярэнні. Шарлота так і не стала класічнай рускай бабуляй. Не пляткарыла на лаўцы, не саромелася весці дыскусіі з мясцовым п’яніцай Гаўрылачам. Яна так і засталася чужой у гэтай велізарнай жахлівай імперыі, якую яна любіла абсурднай, неспасціжнай любоўю.
Шарлота даказала, што веліч чалавека ў тым, каб перасягнуць жахі і заганы рэжыму і не згубіць сябе. Варта прачытаць, каб перастаць наракаць на лёс і жыць асэнсавана.
Рыгор Астапеня і “Чаму народы прайграюць” Дарана Аджэмоглу і Джэймса Робінсана
Галоўнае, што зрабіла кніга “Why nations fail”, – гэта развянчала міфы пра аўтарытарызм, які здольны прыносіць столькі ж дабрабыту людзям, колькі і дэмакратычныя сістэмы. Яшчэ гадоў -наццаць таму гэты тэзіс выглядаў бы “кэпам відавочнасцю”.
Сёння хутчэй не, калі паглядзець колькі людзей захапляецца поспехамі аўтарытарнага Кітая, сцвярджае пра ўпадак Захаду ці кажуць, што «Сталін хоць і тыран, але краіну ж падняў». Гэтыя тэзісы можна пачуць з вуснаў і прафесараў, і алкаголікаў. Я і сам часам так думаў. Кніга ж даводзіць на безлічы гістарычных прыкладаў, што аўтарытарныя рэжымы маюць абмежаваны рэсурс для развіцця.
Аўтары, эканамісты з Масачусэцкага тэхналагічнага інстытута і Гарвардскага ўніверсітэта, даводзяць, што інклюзіўныя сістэмы, як дэмакратыя з кіраваннем права і вольным рынкам, ствараюць магчымасць разрастання дабрабыту ў грамадстве. Гэткая інклюзіўнасць і з’яўляецца галоўным чыннікам, які вызначае чаму адны народы выйграюць, а другія – не. Такія фактары як геаграфія ці гісторыя – неістотныя.
Адзіным істотным мінусам для мяне стала пэўнае зацягванне кнігі – ствараецца ўражанне, што аўтары хацелі стварыць вельмі аб’ёмную публікацыю. І хоць вялікая колькасць гістарычных прыкладаў надае кнізе саліднасці, часам паўстае пачуццё “чытання гумкі”.
На жаль, “Чаму народы прайграюць” пакуль няма не тое каб па-беларуску, але і па-руску. Але на большасці еўрапейскіх моваў кніга ўжо выйшла.
Варта прачытаць гэты твор, калі хочаце разбірацца, чаму ў адных дзяржаваў атрымліваецца станавіцца багатымі і свабоднымі, а ў іншых – не. Аўтарытарызм вылечваецца.