падтрымаць нас

Артыкулы

10 кніг пра рэформы і Беларусь ад Рыгора Астапені

10 кніг пра рэформы і Беларусь ад Рыгора Астапені

Спіс літаратуры для маладых рэфарматарак і рэфарматараў. 

На гэтым тыдні выступаў на адкрыцці Школы маладых рэфарматараў. Гэта флагманская адукацыйная праграма ЦНІ, якую штогод праходзяць дзясяткі бадзёрых і разумных людзей у сярэднім узросце 22-23 гады. Паколькі гадзіннага выступу не так і шмат для добрай размовы, то хацелася даць нешта людзям у дарогу.  

Спачатку я планаваў падзяліцца сямю кнігамі пра рэформы. Але ўсё ж такі для таго, каб зразумець, як праводзіць трансфармацыю, трэба спачатку зразумець, што рэфармаваць. Таму для разагрэву згадаў некалькі кніжак пра Беларусь, а пасля ўжо непасрэдна пра трансфармацыю. 

Назвы кнігаў я падаю на той мове, на якой я іх чытаў, але большасць англамоўных, здаецца, таксама ёсць і па-расейску. 

  • Ігнат Абдзіраловіч, “Адвечным шляхам”. Гэтае эсэ было напісана ў пачатку ХХ стагоддзя, але стала вядомым толькі напрыканцы яго. Цяпер “Адвечным шляхам” прынята называць пачаткам сучаснай беларускай філасофіі.
  • Святлана Алексіевіч, “Час сэканд-хэнд”. У гэтай кнізе героі – пераважна  расейцы, але няхай гэта не ўводзіць у зман. Кніга не пра адзін народ, а пра саўковае балота. А каб выйсці з багны, яе трэба асэнсаваць. І мне падаецца, што гэта найлепшая, але пры гэтым, бадай, найменш жорсткая кніга Алексіевіч. 
  • Зянон Пазняк, “Нацыянальныя каштоўнасці”. Не сказаць, каб я быў вялікім аматарам Зянона Пазняка, але ён у любым разе веліч і творца нацыянальнай ідэалогіі. Калі капнуць углыб ледзь не любога чалавека ў беларускай палітыцы, то вы можаце здзівіцца, як шмат там думак, некалі агучаных Пазняком.
  • Timothy Snyder, “On Tyranny: Twenty Lessons from the Twentieth Century”. Кніга фармальна не пра Беларусь і не пра рэформы, але яна задае правільную аснову для ўспрыняцця свету і змагання за тое, каб зрабіць яго лепшым. Простыя словы, простыя рэчы – не падпарадкоўвайцеся загадзя, абараняйце інстытуты, будзьце мужнымі. Я некалі напісаў пераказ гэтай кнігі вось тут.
  • Daron Acemoglu and James A. Robinson, “Why Nations Fail: The Origins of Power, Prosperity, and Poverty”. Біблія рэфармартарства, якая развенчвае міф, што аўтарытарызм здольны прыносіць столькі ж дабрабыту людзям, колькі і дэмакратычныя сістэмы. Дарэчы, аўтары нядаўна выпусцілі сіквэл “The Narrow Corridor: States, Societies and the Fate of Liberty” – там дастаткова будзе прачытаць уступ.
  • Anders Åslund and Simeon Djankov (editors), “The Great Rebirth: Lessons from the Victory of Capitalism over Communism”. Кніга пра эканамічныя рэформы постсацыялістычных краінаў, напісаная людзьмі, сярод якіх шмат тых, хто гэтыя рэформы і рабіў: Бальцэровіч, Клаус, Міклаш, Бендукідзэ. Што яшчэ трэба?
  • Ruchir Scharma, “The rise and fall of nations. Forces of change in post-crisis world”. Выдатны гайд пра тое, як інвестары глядзяць на краіны з добрымі эканамічнымі перспектывамі і, адпаведна, куды яны гатовыя несці грошы. Я некалі напісаў пераказ гэтай кнігі вось тут.
  • Ivan Krastev and Stephen Holmes, “The Light that Failed: A Reckoning”. Не ўсе рэформы ўдалыя. Некаторыя з іх не тое каб заканчваюцца поўнай паразай – яны не апраўдваюць спадзяванняў. У некаторых постсацыялістычных краінах гэтак і атрымалася – пра тое і кніга.
  • Ли Куан Ю, “Из третьего мира – в первый. История Сингапура (1965–2000)”. У нашым рэгіёне ёсць міф паспяховасці аўтарытарнай мадэрнізацыі: маўляў, дыктатар можа справіцца з рэформамі лепш за дэмакратаў. Гэта памылка, але нягледзячы на гэта, факт у тым, што Лі Куан Ю быў паспяховым рэфарматарам для сваёй краіны.
  • HBR’s 10 Must Reads on Change Management”. Зборнік артыкулаў, якія былі апублікаваныя ў “Harvard Business Review”. Падборка прысвечаная таму, як рабіць змены ў буйных кампаніях. Калі будзеце чытаць, то здзівіцеся, наколькі гэта падобна да рэформаў на ўзроўні дзяржавы, пра што пісалася ў іншых кнігах. 

Фото: Pierre Bamin / Unsplash