Дыяспара як пасярэднік паміж Захадам і апазіцыяй
Да падзеяў 2020-га года беларуская дыяспара была пераважна нефармалізаванай і дэпалітызаванай. Фармальныя арганізацыі існавалі ў некалькіх краінах і займаліся звычайна культурніцкай дзейнасцю.
Часам удзел у такіх культурніцкіх мерапрыемствах, да прыкладу, у Швейцарыі альбо Швецыі, бралі нават прадстаўнікі беларускіх амбасадаў. Гэтыя імпрэзы ладзіліся ў межах дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады. У справаздачы беларускага МЗС праект апісваецца як амбіцыйны і шматвектарны, у яго межах быў створаны Кансультацыйны савет беларусаў замежжа і праведзеныя некалькі сходаў беларусаў свету. Можна сказаць, што такія мерапрыемствы былі своеасаблівымі праявамі пацяплення ў стасунках паміж рэжымам і дэмакратычным Захадам.
Усё змянілася ў пачатку лета 2020-га года. На фоне масавых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі многія дыяспары даволі моцна палітызаваліся і перайшлі ад чыста культурніцкай дзейнасці ў вузкім коле да адкрытай дэманстрацыі сваёй грамадзянскай пазіцыі і салідарнасці з народам Беларусі. Узнікненне “Голасу” нарадзіла ініцыятыву па сумесным міжнародным назіранні за выбарамі на ўчастках за мяжой. У 23 краінах стварыліся групы назіральнікаў, якія сумесна прадставілі затым вынікі экзітполу (які забаронена праводзіць на тэрыторыі Беларусі) беларускім амбасадам, палітыкам за мяжой, медыям і беларусам.
Такая актыўнасць паспрыяла пачатку фармалізацыі дзейнасці дыяспар, многія з якіх цягам года зарэгістравалі свае структуры за мяжой, як беларусы Даніі ці беларусы Германіі. Беларусы замежжа сталі не толькі актыўнымі донарамі фондаў салідарнасці, але і чальцамі назіральнай рады па размеркаванню рэсурсаў фонду BySol.
Фармалізацыя беларусаў замежжа – важны чыннік у пабудове моцнай дыяспары, якая за апошні год значна вырасла. Па розных падліках, з Беларусі за год з’ехалі каля 110 тыс. чалавек. Гэтая лічба не закранае тых, хто эміграваў ва Украіну ці Расію. Гэта значыць, што падлічыць колькасць беларусаў, якія з’ехалі з радзімы, пакуль не так лёгка, у адрозненне ад тых, хто падаў заяву на прытулак.
Агульная колькасць хадайніцтваў грамадзянаў Беларусі аб прытулку ў Еўрасаюзе за перыяд жнівень-снежань павялічылася ўдвая ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019-га года і з’яўляецца абсалютным рэкордам для краіны, паведамляе Еўрастат. У Польшчы, паводле афіцыйнай статыстыкі, беларусы займалі першае месца сярод шукальнікаў прытулку ў адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі расіяне і ўкраінцы ўзначальвалі рэйтынг.
Магчымасць дапамагаць эмігрантам апошняй хвалі, усталёўваць фармальныя сувязі з палітычнымі і грамадскімі стэйкхолдарамі ў замежных краінах моцна падвышае статус беларусаў за мяжой і спрыяе таму, што “беларускае пытанне” застаецца заўважным у іншых краінах.
Мяккая сіла ўплыву
Беларуская дыяспара не з’яўляецца галоўным актарам ціску на рэжым, але яе дакладна можна назваць мяккай сілай.
Па-першае, праз сваю вулічную і лабісцкую актыўнасць дыяспары маюць прамы і эфектыўны доступ да ўплыву на мясцовых палітыкаў. Так, напрыклад, МЗС Даніі прыняў рашэнне па змене назвы краіны на “Беларусь”, а не “Белая Расія” пасля звароту дацка-беларускага таварыства культуры “Беладанія” восенню 2020-га года (у Швецыі, дзе назву змянілі ў 2019-ым годзе, кампанія доўжылася некалькі гадоў).
Шматвектарны ціск на палітыкаў розных краінаў уплывае і на больш хуткае ўвядзенне санкцый, і на павелічэнне колькасці палітыкаў, якія транслююць беларускую павестку ў сваім грамадстве.
Таксама дыяспары намагаюцца разрываць сувязі паміж беларускім дзяржаўным і заходнімі бізнесамі. Так, напрыклад, беларусы ў Вялікабрытаніі паспяхова пралабіявалі прыпыненне супрацы паміж British American Tobacco і гродзенскай тытунёвай фабрыкай “Нёман”, якая раней трапіла ў санкцыйны спіс ЗША. Прыклады паспяховага эканамічнага ціску з боку дыяспар – гэта таксама разрыў кантрактаў Amepora і Helm з “Гродна Азот”; адмова шведскай алкагольнай манаполіі Systembolaget ад замовы беларускага шампанскага.
Па-другое, шматлікія акцыі пратэсту ў цэнтрах заходніх гарадоў прыцягваюць увагу СМІ, якія выкарыстоўваюць прадстаўнікоў дыяспары для атрымання навінаў з Беларусі. Сёння не толькі беларускія эксперты за мяжой, але і звычайныя актывісты становяцца носьбітамі персанальных гісторый з Беларусі, што моцна падвышае ўвагу да краіны.
Па-трэцяе, беларусы замежжа – гэта моўная, рэсурсная, экспертная дапамога для беларускіх дэмакратычных сілаў. Месцы працы, веданне мовы і персанальныя сувязі актывістаў беларускай дыяспары значна аблягчылі і паскорылі эфектыўнасць міжнародных сувязяў штабу Ціханоўскай ды іншых беларускіх палітыкаў. Павал Латушка, напрыклад, ініцыяваў стварэнне Народных амбасадаў Беларусі ў 16 краінах. Гэтым самым палітыкі забяспечваюць сабе якасную падтрымку і дапамогу ў іншых краінах, лёгка наладжваюць сувязі з замежнікамі.
Пры гэтым палітызацыя беларусаў за мяжой адбываецца паралельна з дэпалітызацыяй беларусаў у краіне. Зацягнуты палітычны крызіс можа прывесці да дэпалітызацыі дыяспары, што негатыўна адаб’ецца як на звычайных беларускіх грамадзянах, так і на беларускіх дэмакратычных сілах.
Ці можа дыяспара паўплываць на рэжым?
Беларуская эміграцыя да 2020-га года – гэта ў многім пошук лепшага жыцця. Новая хваля ўцечкі мазгоў з Беларусі можа прывесці да яшчэ большай канцэнтрацыі кваліфікаваных беларусаў за межамі краіны.
Масавая ўцечка мазгоў з краіны застаецца недаследаванай і недаацэненай – праблема, якая блякне на фоне палітычных і міжнародных правалаў рэжыму Лукашэнкі. Таму адной з новых функцый дыяспар як звяна, якое злучае беларусаў з Захадам, павінна быць падтрымка гэтых груп беларусаў, якія выязджаюць у ЕС, якія страцілі магчымасць жыць і працаваць у сваёй краіне.
Ва ўмовах палітычнай дзейнасці з-за мяжы роля дыяспары становіцца больш важнай для захавання бачнасці Беларусі ў медыйнай павестцы і дапамогі беларусам новай хвалі эміграцыі. Пакуль дыяспара не з’яўляецца вырашальным актарам у барацьбе з рэжымам, аднак без дзеянняў беларусаў замежжа ўплыў ЕС і дэмакратычных сілаў быў бы меншым.
Фота: Dmitrij Leltschuk