падтрымаць нас

Артыкулы

Беларусь-2020 vs Майдан: у чым розніца?

Беларусь-2020 vs Майдан: у чым розніца?

Распавядае журналістка Наталля Гуменюк.

Беларускія поствыбарчыя пратэсты падобныя да іншых дэмакратычных рухаў у другіх краінах, але ў той жа час з’яўляюцца ўнікальнымі. Хоць сітуацыю ў Беларусі часта параўноўваюць з Майданам 2013-2014 гадоў, беларускія пратэсты маюць шэраг асаблівасцяў. У серыі артыкулаў мы публікуем меркаванні трох экспертаў на тэму, ці падобныя беларускія пратэсты да Майдана. 

Распавядае журналістка Наталля Гуменюк

Я асвятляла вялікую колькасць розных пратэстаў: як Майдан ва Украіне, так і пратэсты ў Расіі, падзеі Арабскай вясны, пратэсты ў Бразіліі і іншыя. Канешне, ёсць пэўная карэктнасць у тым, што іх усе можна параўноўваць. У першую чаргу, людзей вывеў на вуліцы гвалт з боку сілавікоў.

Ва Украіне былі дзве так званыя рэвалюцыі: Памаранчавая рэвалюцыя і Еўрамайдан. Памаранчавая рэвалюцыя была звязаная са сфальсіфікаванымі выбарамі. У Еўрамайдана 2013-14 гадоў першым трыгерам было тое, што прэзідэнт адмовіўся ад праеўрапейскага курса на карысць больш аўтарытарнага шляху, а пазней ноччу сілавікі збілі студэнтаў. Людзі пабачылі: улада перайшла чырвоную лінію, сілавікі збіваюць людзей і ім нічога за гэта няма, а міністра ўнутраных справаў не здымаюць. Гэта стала прычынай выхаду на вуліцу.

На маю думку, гэта паказальная гісторыя. Напрыклад, тое, якім чынам адбываецца эскалацыя: людзі просяць мала, улада дзейнічае жорстка – і такім чынам закручваецца ўся гэтая гісторыя. З іншага боку, на жаль, крамлёўская прапаганда  дасягнула поспеху ў тым, каб паказаць на постсавецкай прасторы, што Майдан – гэта вулічны пратэст, дзе быў гвалт і кактэйлі Молатава. Хоць у той жа Францыі пратэстоўцы могуць часцей кідаць кактэйлі Молатава і змагацца з паліцыяй.

Калі я была ў Мінску, то чула, як людзі казалі, што гэта ўсё не Майдан. Мне падаецца, што людзі перадусім мелі на ўвазе тое, што беларускі пратэст катэгарычна мірны, а ўкраінскі, магчыма, – не. Я нагадаю, што пратэсты ва Украіне першыя два месяцы былі максімальна мірнымі, да таго моманту, калі былі прынятыя тыя самыя дыктатарскія законы, якія, па сутнасці, забаранілі нармальныя паводзіны: пост у “Фэйсбуку”, сімвал пратэсту на вопратцы і г.д. У гэтым маглі пабачыць тое, што чалавек “падрывае рэжым”. Гэта, па сутнасці, зруйнавала законнасць права ў краіне. Калі сілавікі пачалі прымяняць сілу, то людзі пачалі абараняцца.

Я лічу, што беларускі пратэст падобны. Пазней, нават незалежна ад таго, прывядуць гэтыя пратэсты да падзення рэжыму Лукашэнкі ці яшчэ да чаго, мы будзем параўноўваць вынікі ў разрэзе. А ў выпадку Украіны мы кажам пра тры месяцы. Ёсць новыя фактары: пратэст менш палітычны; у ім менш палітыкі ідэнтычнасці, з’явіліся забастоўкі на заводах. Пратэст – грамадзянскі, у ім менш ідэалогіі, прычым знарок.

Розніца паміж пратэстамі ў Беларусі і Еўрамайданам – гэта часавы тэрмін. Усё ж такі гэта 2013-ы і 2020-ы. У Майдана ёсць свая гісторыя і нейкая аналогія з Памаранчавай рэвалюцыяй – нейкая сімволіка была адтуль. Ён больш з той эпохі.

Фота: Denis Dudarenko

Больш меркаванняў пра беларускія пратэсты і Еўрамайдан

Ад даследчыка Оксфардскага ўніверсітэта Алеся Герсіменкі

Ад ганаровага прафесара гісторыі Універсітэта Альберты Дэвіда Марплза

Ад дацэнта кафедры кіравання Кіеўскай школы эканомікі Івана Гомзы