Беларускія поствыбарчыя пратэсты падобныя да іншых дэмакратычных рухаў у другіх краінах, але ў той жа час з’яўляюцца ўнікальнымі. Хоць сітуацыю ў Беларусі часта параўноўваюць з Майданам 2013-2014 гадоў, беларускія пратэсты маюць шэраг асаблівасцяў. У серыі артыкулаў мы публікуем меркаванні чатырох экспертаў на тэму, ці падобныя беларускія пратэсты да Майдана.
Распавядае Іван Гомза, дацэнт кафедры кіравання Кіеўскай школы эканомікі
Калі ставіць пытанне пра тое, ці можна параўноўваць пратэсты ва Украіне ў 2013-2014 гадах з тым, што адбываецца ў Беларусі, то трэба пачаць з вызначэння гэтых падзей. На маю думку, не зусім правільна вызначаць актуальныя падзеі як пратэст. Пратэст – гэта сітуацыя, калі грамадзяне збіраюцца на плошчах, дэманстрацыях. У Беларусі адбываюцца больш шырокія падзеі: спробы негвалтоўнага супраціву, масавыя страйкі і г.д.
Падзеі і ў Беларусі, і ва Украіне лепш называць “палітыкай нязгоды”, ці так званай contentious politics. Уласна кажучы, гэта любая пазаінстытуцыйная спроба грамадзян уплываць на палітычныя працэсы, калі дзяржаўныя інстытуты ўжо не маюць магчымасцяў уплываюць на гэтыя працэсы.
Любая “палітыка нязгоды” падобная да іншай “палітыкі нязгоды”, бо ў яе ёсць пэўныя прынцыпы, аднолькавыя складнікі. Напрыклад, заўсёды адбываецца працэс мабілізацыі насельніцтва. Заўсёды палітыка нязгоды спараджае пэўныя рэпрэсіі: гэта было і ва Украіне, і гэта адбываецца ў Беларусі цяпер.
Калі глядзець на гэтыя базавыя элементы – яны як трохкутнік. Па вызначэнні ў яго ёсць тры куты, і ў гэтым трохкутнікі падобныя адзін да аднаго, але яны бываюць востракутныя, роўнабаковыя і г.д. Таксама і з палітыкай нязгоды: усе яе выпадкі адрозніваюцца паміж сабой.
Калі паглядзець на трыгер, які заклікаў да Еўрамайдана, і на тое, што прывяло да цяперашніх пратэстаў у Беларусі, то ў другім выпадку адбываецца электаральная рэвалюцыя (калі яна прывядзе да змены рэжыму). Гэта спроба электаральнай рэвалюцыі, калі пасля фальсіфікацыі выбараў аўтарытарным рэжымамі насельніцтва вырашыла супрацьстаяць адкрытым фальсіфікацыям. Ва Украіне 2013-га года не было выбараў, якія б мабілізавалі насельніцтва. Больш карэктна параўноўваць цяперашнія падзеі ў Беларусі з пратэстамі, якія адбываліся ва Украіне ў 2004-ым годзе, то бок з Памаранчавай рэвалюцыяй, якая якраз і з’яўлялася электаральнай. Тады пасля сфальсіфікаваных выбараў апазіцыя мабілізавала насельніцтва на пратэсты супраць Кучмы, які намагаўся пакінуць Януковіча ў якасці пераемніка. Іншая справа, што траекторыі таго, як гэта адбывалася ва Украіне ў 2004-ым, і як адбываецца цяпер у Беларусі, вельмі розныя. Чаму?
Траекторыі палітыкі нязгоды залежаць ад некалькіх фактараў. Можна выдзеліць галоўныя сярод іх: 1) колькасць і якасць мабілізаваных рэсурсаў; 2) адзінства кіроўнай кааліцыі рэжыму; 3) транснацыянальных фактараў. Галоўнае адрозненне паміж сітуацыяй ва Украіне 2004-га года і тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі, – гэта абставіны ў адзінстве кіроўнай кааліцыі. У супрацьлегласць Украіне ўнутрыэлітавыя дыскусіі пра рэжым Лукашэнкі не выйшлі вонкі, актарам палітыкі нязгоды незразумела, хто з чальцоў эліт мог бы іх падтрымаць. Таму рэжым Лукашэнкі стварае ўражанне адзінага фронту і можа больш пэўна рухацца жорсткай канфрантацыйнай лініяй. У вялікай ступені хуткае фракцыянаванне эліт паўплывала і на падзенне рэжыму Януковіча ў 2014-ым годзе, тады як сёння ў Беларусі такога фракцыянавання няма. Таксама не варта спускаць з вачэй транснацыянальны фактар: Расія не надта ўпэўнена падтрымлівала рэжым Кучмы-Януковіча ў 2004-ым годзе, а ў 2014-ым годзе пачала ўплываць на падзеі ва Украіне ўжо пасля ўцёкаў Януковіча. Затое ў Беларусі РФ недвухсэнсоўна сігналізуе пра падтрымку Лукашэнкі. У сукупнасці гэта і заклала адрозненні траекторыяў палітык нязгоды ва Украіне ў 2004-ым і 2014-ым гадах і падчас актуальных падзеяў у Беларусі.
Фота: Euromaidan Press
Больш меркаванняў пра беларускія пратэсты і Еўрамайдан
Ад даследчыка Оксфардскага ўніверсітэта Алеся Герсіменкі
Ад ганаровага прафесара гісторыі Універсітэта Альберты Дэвіда Марплза
Ад журналісткі і сузаснавальніцы hromadske.ua Наталлі Гуменюк