Як палітыкі разыгралі мігранцкую карту
Напрыканцы верасня новаабраны прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі скіраваў у Сейм законапраект, які прадугледжвае павелічэнне тэрміну жыцця ў краіне з трох да дзесяці гадоў перад наданнем польскага грамадзянства. У якасці аргументацыі прэзідэнт адзначыў польскі клопат пра захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці на фоне павелічэння міграцыі.
Сапраўды, Дональд Трамп пазначыў барацьбу з нелегальнай міграцыяй як дзяржаўны прыярытэт, а “Альтэрнатыва для Нямеччыны”, вядомая сваёй антымігранцкай рыторыкай, ужо стала найбольш папулярнай партыяй у краіне, маючы 26% у апытаннях. Нават у Марока і Тунісе набіраюць моц рухі, кшталту “Мурыш”, якія накіраваныя на барацьбу з міграцыйнымі патокамі з субсахарскай Афрыкі.
Пры гэтым значную ролю ў антыміграцыйных захадах і прапановах займаюць пытанні грамадзянства і віду на жыхарства. Брытанская партыя “Рэформ ЮК” прапануе прыбраць магчымасць запыту на грамадзянства для ўцекачоў, якія трапілі на брытанскую выспу з “бяспечных” краінаў, напрыклад скарысталіся краінамі Еўразвяза як транзітнымі пунктамі на шляху да Злучанага Каралеўства. Прэм’ер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні падпісала закон, які абмяжоўвае магчымасці для атрымання грамадзянства нашчадкам італьянцаў. Шведскі ўрад запрапанаваў павялічыць тэрмін чакання на грамадзянства з пяці да васьмі год.
Як можна было прадбачыць, падобныя захады выклікаюць разгубленасць і незадаволенасць мігрантаў. Асобныя спецыялісты выказваюць меркаванне, што захады па абмежаванні правоў на грамадзянства парушаюць правы чалавека. Аднак ці сапраўды права іншаземцаў атрымліваць грамадзянства краіны, якая прымае, – гэта частка непахісных правоў чалавека? Ці сумна вядомыя беларусам цынізм і прагматызм былі і застаюцца першаснымі?
“Я дастаю з шырокіх штанін…”
Асноўным спосабам атрымання грамадзянства з’яўляецца факт нараджэння. У прававой дактрыне існуюць два падыходы – jus soli і jus sanguinis, альбо права глебы і права крыві. Згодна з імі, грамадзянінам з’яўляецца альбо той, хто нарадзіўся на тэрыторыі краіны, альбо дзіця грамадзянаў, альбо чалавек атрымлівае грамадзянства на падставе адначасова двух крытэраў.
Аднак з XIX стагоддзя ў еўрапейскай і амерыканскай канстытуцыйнай практыцы з’явіўся канцэпт натуралізацыі – атрыманне замежнікам грамадзянства. Яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Францыі была створаная адміністрацыйная працэдура, згодна з якой іншаземец мог атрымаць грамадзянства пасля 10 гадоў пражывання ў краіне.
Асноўнай матывацыяй урадаў ствараць механізмы натуралізацыі было жаданне павялічыць насельніцтва і пашырыць мабілізацыйны рэсурс для войска. Але ж пасля Першай і Другой сусветных войнаў з’явіліся буйныя групы асоб без грамадзянства – апатрыды.
У якасці адказу на гэты выклік у большасці еўрапейскіх краін было прынятае заканадаўства аб уцекачах. Яно прадугледжвала магчымасць атрымаць грамадзянства праз пэўны час. Іншымі словамі, краіны Еўропы заўсёды кіраваліся не ліберальнымі канцэпцыямі, а прагматыкай у распрацоўцы міграцыйнага заканадаўства.
У сённяшнім свеце ўжо большасць краінаў мае акрэслены тэрмін атрымання грамадзянства, якія вар’юецца ў дыяпазоне ад 2 да 10 гадоў пражывання ў краіне. Асобныя выпадкі – нафтавыя краіны Бліжняга Усходу. Так, Саудаўская Аравія і ААЭ ўсталявалі 10-гадовы тэрмін, але пры ўмове буйных інвестыцыяў ці ўнікальных навыкаў, кшталту быцця доктарам ці навукоўцам.
Часцяком менавіта на досвед ААЭ спасылаюцца актывісты і палітыкі, плануючы змяніць міграцыйную палітыку. Адзін з лідараў брытанскай “Рэформ ЮК” Рычард Тайс прапаноўвае звяртацца да досведу Дубая ў правядзенні крымінальнай і міграцыйнай палітыкі. Гэты горад таксама называе “ўзорным” папулярны брытанскі падкастар і лідар меркаванняў Пірс Морган.
Зразумела, што падобныя заклікі ад партый і груп, якія не маюць рэальнай улады, могуць быць выключна перадвыбарчай і мабілізавальнай рыторыкай. Аднак на прыкладзе беларускай дыяспары можна заўважыць, што магчымасці натуралізацыі ўжо меншаюць.
Куды падацца беларусам
Не менш за 400 тыс. чалавек з’ехалі з Беларусі з 2020-га года, перадусім у Польшчу (143 тыс. чалавек), Літву (53 тыс.) і Грузію (13 тыс.) З улікам таго, што з 2023-га года беларусы не могуць атрымаць новы пашпарт за мяжой, пытанне іхняй натуралізацыі ў гэтых і іншых краінах паўстае вельмі востра.
Каб атрымаць грузінскае грамадзянства, трэба пражыць у краіне і працаваць там не менш за 10 гадоў. Але грузінскае грамадзянства не з’яўляецца папулярным сярод беларусаў, якія да таго ж скардзяцца на праблемы з легалізацыяй і магчымасцю атрымаць падарожныя дакументы. Пры гэтым пераважная большасць агулам не атрымлівае дакументаў увогуле, карыстаючыся магчымасцю жыць і працаваць у краіне 360 дзён у год без легальнага статусу.
Літва доўгі час была прывабным месцам для беларусаў, аднак цяпер назірацца ўстойлівы трэнд на іхні ад’езд з гэтай краіны, які распачаўся з моманту поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Улічваючы кампанію па абвінавачванні ў “літвінізме”, дэпартацыі і змену адносін да мігрантаў з Беларусі, забарона на атрыманне літоўскага грамадзянства беларусамі неўзабаве можа зноў трапіць на абмеркаванне ў літоўскі парламент.
Польшча на сённяшні дзень прапаноўвае беларусам найбольш выгадныя ў Еўразвязе ўмовы для пражывання, улічваючы шырокую выдачу гуманітарных візаў, міжнароднай абароны і карт паляка. Аднак спробы дэпартацыі і захады на абмежаванне натуралізацыі даюць зразумець, што ў будучым краіна можа стаць менш прывабнай для беларусаў. Законапраект прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага па павелічэнні тэрмінаў натуралізацыі, хутчэй за ўсё, не пройдзе парламенцкіх слуханняў, бо ягоная партыя з’яўляецца апазіцыяй у Сейме. Аднак у 2027-ым, пасля чарговых парламенцкіх выбараў, сітуацыя можа змяніцца.
Што рабіць беларусам? Ініцыятывы апазіцыйных структур у наданні вагі пашпарту Новай Беларусі не даюць рады. Антымігранцкая рыторыка і рост папулярнасці партый, якія плануюць абмяжоўваць міграцыю, змяншаюць колькасць камфортных месцаў для пераезду. Падаецца, пытанне аднаўлення грамадскай згоды ў Беларусі паўстае ўсё больш актуальным для шматлікай беларускай эміграцыі. Бо ў шалёным свеце лепей мець родны кут, куды можна вярнуцца.