З чатырох законаў, якія ўлады абяцалі прыняць у гонар Года беларускай жанчыны, праз дзевяць месяцаў не прынялі ніводнага. Затое ў афіцыйным плане – 61 мерапрыемства: конкурсы прыгажосці, форум “БізнесМАМА”, фотавыстава “Місія жанчын”. Мы паглядзелі, што з абяцанага сапраўды выканалі, а што засталося лозунгам. Таксама супаставілі гэта з тым, як жанчыны ў Беларусі насамрэч зарабляюць, вядуць бізнес і шукаюць абарону ад гвалту.
Чатыры законы, якія не прынялі
План года абяцаў чатыры новыя законы. Першы – аб ахове працы і доступе жанчын да новых прафесій – мелі прыняць у сакавіку. Але менавіта ў сакавіку намесніца міністра працы Марына Арцёменка публічна назвала яго толькі планам, а не законам. Дзяржаўны партал Pravo.by ў тыя ж месяцы двойчы паведаміў, што заканадаўства захоўвае “ўзважаны падыход да аховы здароўя жанчын”, іншымі словамі, захоўвае абмежаванні, а не адкрывае доступ да новых прафесій. Праз паўгода, у жніўні, беларускае выданне аб ахове працы па-ранейшаму спасылалася на спіс 2022-га года як на асноўны дакумент. Закон так і не з’явіўся, як і другі – аб пашырэнні магчымасцяў для прафесійнай рэалізацыі жанчын. Гэты закон планавалі прыняць у красавіку. Ні дзяржаўныя, ні незалежныя медыі пра яго прыняцце не паведамлялі.
Трэці закон – аб дзяржаўнай грашовай дапамозе сем’ям – планавалі на кастрычнік. Тэрмін яшчэ не настаў, але сама ідэя зноў з’явілася ў жніўні, калі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада знайсці спосаб “ажывіць дэмаграфічныя працэсы”. Чыноўнікі прапанавалі прывязаць памер дапамогі на дзіця да заробку маці замест аднолькавай для ўсіх выплаты, паабяцаўшы, што ніхто не будзе атрымліваць менш, чым цяпер. Гэта выклікала шырокую дыскусію ў сацыяльных сетках.
Чацвёрты закон аб правах члена сям’і на жыллё, пабудаванае з дзяржаўнай падтрымкай, – планавалі на снежань. Мэтай было забяспечыць правы маці, якая, напрыклад, была ў дэкрэце і фармальна крэдыт не плаціла. Без такога закона яна можа застацца без юрыдычна замацаванай долі ў жыллі, якое дзяржава дала танней менавіта дзякуючы яе дзецям. Публічна гэты законапраект пакуль нідзе не абмяркоўвалі. Такім чынам, з чатырох законаў, абяцаных на пачатак года, ніводнага пакуль не прынялі. Тая ж схема паўтараецца і са значна старэйшым абяцаннем.
Закон супраць гвалту не перажыў Лукашэнку
“Насилие над женщинами и детьми надо выкорчёвывать из нашего общества самыми жестокими методами”, – заявіў Лукашэнка ў 2023-ім на нарадзе па пытаннях сілавога блока. Але менавіта ён яшчэ за пяць гадоў да гэтага, асабіста не дазволіў прыняць падрыхтаваны Міністэрствам унутраных спраў законапраект аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Лукашэнка адхіліў яго, назваўшы “дурью, взятой прежде всего с Запада”, і патлумачыў гэта беларускімі і славянскімі традыцыямі. Патрэба ў такім законе даўно была ў павестцы беларускіх грамадскіх ініцыятыў. Паводле ацэнак праваабаронцаў, кожная трэцяя беларуска сутыкалася з хатнім гвалтам. Дыскусія, на якую былі спадзяванні, так і не аднавілася – ні тады, ні цяпер.
Закон не з’явіўся і пасля слоў 2023-га года. Замест яго краіна пайшла шляхам узмацнення міліцэйскага кантролю: у 2026-ым Савет Рэспублікі зменшыў парог для пастаноўкі крыўдзіцеля на прафілактычны ўлік да двух інцыдэнтаў. Пры гэтым адзіная арганізацыя ў краіне, якая прапаноўвала ахвярам поўны прытулак, “Радзіслава”, была ліквідаваная пасля 2020-га.
Здавалася б, менавіта год, прысвечаны жанчыне, мусіў бы быць найлепшым момантам, каб вярнуцца да пытанняў бяспекі дома і па-за домам. Але ні ў плане мерапрыемстваў, ні падчас саміх мерапрыемстваў хатні гвалт не згадалі.
Хто прыдумаў “беларускую жанчыну”?
Дзяржава фармулюе мэту Года беларускай жанчыны з дапамогай двух найважнейшых словаў – “фармаванне” і “папулярызацыя” вобраза жанчыны-працаўніцы і ейнай ролі ў захаванні і развіцці грамадства. На практыцы гэты вобраз звужае ролю жанчыны да хатняй гаспадыні і носьбіткі рэпрадуктыўных здольнасцяў, замацоўваючы старыя, кансерватыўныя рамкі і распаўсюджваючы іх праз школы, дзяржаўныя медыі, форумы, конкурсы і афіцыйныя мерапрыемствы.
Гэты вобраз падзяляе і беларускае грамадства. Даследаванне Global Entrepreneurship Monitor (GEM) паказала: 75% насельніцтва лічаць, што паспяховая жанчына гэта перш за ўсё шчаслівая жонка і маці. Нават сярод саміх прадпрымальнікаў вызначэнне “паспяховая жанчына – гэта значыць паспяховая прадпрымальніца” падтрымалі толькі 23% мужчын і 42% жанчын. Пры гэтым 67% бацькоў хацелі б, каб іх уласная дачка вяла бізнес. Атрымліваецца, што для беларусаў тое, чаго яны хочуць для ўласнай дачкі, і тое, як яны ўяўляюць абстрактную паспяховую жанчыну, – розныя рэчы. Такое ўяўленне пра “паспяховую жанчыну” не знікае і там, дзе чакаеш большага акцэнту на раўнапраўі.
Акрамя таго, і апазіцыйныя палітыкі часта прытрымліваюцца кансерватыўных поглядаў. Нешматлікія жанчыны ў кіраўніцтве партый прэзентуюць вобраз маці, а не лідаркі: праграмы некаторых партый увогуле не выкарыстоўвалі слова “жанчына”, затое неаднаразова згадвалі “маці”.
Прыгажосць замест роўнасці
Менавіта таму назвы бізнес-ініцыятыў Года жанчыны не выглядаюць сюрпрызам: конкурс прыгажосці “Краса Беларусі” для шматдзетных маці, праграма падтрымкі жаночага бізнесу з назвай “Нежность белорусского бизнеса”, конкурс для прадпрымальніц — “БізнесМАМА”. Складана ўявіць сабе форум “БізнесТАТА” ці конкурс прыгажосці для мужчын у пагонах. Затое для жанчын такі конкурс праводзяць: у красавіку менавіта пад брэндам Года беларускай жанчыны ГУУС Мінска арганізавала конкурс “Мисс минская милиция”.
На бізнес-мерапрыемствах жанчынам прапануюць гаварыць пра “жаночую энергію” замест таго, што насамрэч перашкаджае ім развіваць бізнес. Жанчыны складаюць амаль 42% у беларускіх бізнес-колах, паводле апытання GEM, часцей за мужчын працягваюць вучобу ў магістратуры – 19% супраць 11%. У бізнес яны прыходзяць больш падрыхтаванымі, але валодаюць толькі 30% беларускіх кампаній і займаюць 17% кіроўных пасад. Жанчыны-прадпрымальніцы ў 4,5 раза часцей за мужчын называюць карупцыю сур’ёзнай перашкодай для бізнесу – 49% супраць 11%, а банкі адмаўляюць ім у крэдыце на 45% часцей.
Адно з даследаванняў ацэньвала і “штраф за мацярынства”: сам факт нараджэння дзіцяці зніжае заробак жанчыны на 14,4%. Бацькоўства пры гэтым заробак мужчын увогуле не змяешае. Калі скласці гэта з агульным гендарным разрывам у заробках, маці ў сярэднім зарабляе амаль на 29% менш, чым бацька з такой жа кваліфікацыяй.
Тая ж карціна і пры найманні. Паводле BEROC, неабгрунтаваны разрыў у аплаце працы (той, які нельга патлумачыць адукацыяй, вопытам ці пасадай) складае больш за 100% агульнага разрыву паміж заробкамі мужчын і жанчын. Іншымі словамі, калі б адукацыя і досвед жанчын аплачваліся гэтак жа, як у мужчын, яны мусілі б зарабляць больш, а не менш.
Не толькі Беларусь
Хутчэй за ўсё, за Годам беларускай жанчыны стаяла спроба адказаць на дэмаграфічны крызіс, які цягам апошніх гадоў паглыбляецца і праз нізкую нараджальнасць, і праз масавыя рэпрэсіі ды выезд беларусаў з краіны. Але замест канкрэтнай дапамогі людзі атрымалі вобразы, лозунгі і ўяўленне пра тое, якой жанчына мусіць быць, – вельмі далёкае ад ейнага рэальнага жыцця. У выніку ўвесь год ператварыўся ў рытарычную кампанію без відавочнай карысці для жанчын.
Але было б памылкова тлумачыць і становішча жанчын, і дэмаграфічны крызіс выключна беларускім аўтарытарызмам. Падобныя рысы бачныя ва ўсім свеце, у тым ліку на Захадзе. Узровень глабальнай дэмакратыі ў 2026-ым апусціўся да ўзроўню 1978-га, а сярод дзесяці краін, якія найбольш хутка аўтакратызуюцца, – Італія, Вялікабрытанія і ЗША. UN Women звязвае гэтыя два працэсы: па меры таго, як свет сутыкаецца з дэмакратычным адкатам, расце супраціў гендарнай роўнасці і правам жанчын, а Freedom House называе гэта “цэнтральнай рысай” такога адкату.
У Еўропе гэтыя тэндэнцыі таксама сталі палітыкай. Польшча дэ-факта забараніла аборты ў 2020-ым. Венгрыя канстытуцыйна замацавала “права на жыццё з моманту зачацця”. У кастрычніку 2025-га латвійскі парламент прагаласаваў за выхад са Стамбульскай канвенцыі супраць гвалту над жанчынамі – рашэнне спынілі толькі пасля масавых пратэстаў. Сярод прапаноў, якія абмяркоўвае адміністрацыя Трампа, – аднаразовая выплата $5 000 за нараджэнне дзіцяці і “Нацыянальны медаль мацярынства” для жанчын, якія нарадзілі больш за шэсць дзяцей.
Дэмаграфічны крызіс, які рухае ўсе гэтыя працэсы, таксама не толькі беларускі. І тут беларуская статыстыка выглядае не так катастрафічна, як магла б: нараджальнасць, паводле розных ацэнак, складае блізу 1,3–1,4 дзіцяці на жанчыну – гэта прыкладна на ўзроўні Італіі ці Іспаніі і значна вышэй за Паўднёвую Карэю, дзе паказнік у 2023-ім упаў да 0,72.
Дэмограф Пітэр Макдональд яшчэ ў 2000-ым прапанаваў тэорыю, якая з тых часоў стала адной з асноўных для тлумачэння звышнізкай нараджальнасці, якую мы бачым цяпер: яна ўзнікае там, дзе жанчыны атрымалі роўнасць у адукацыі і на рынку працы, але не ў сям’і. Краіны, дзе гэтая роўнасць пашырылася і на дом праз падзел хатніх абавязкаў і дэкрэтны водпуск для абодвух бацькоў, захоўваюць вышэйшую нараджальнасць.
План Года беларускай жанчыны сам называў чатыры крокі, здольныя нешта змяніць: доступ да новых прафесій, прафесійная рэалізацыя жанчын, дапамога сем’ям і маёмасныя правы. Дадаць да іх варта і пяты – закон аб хатнім гвалце, які абяцалі яшчэ ў 2018-ым. А для дэмаграфічных праблем не абавязкова выдумляць новыя рашэнні. У Фінляндыі, Швецыі і Нарвегіі бацькі маюць уласны непераносны водпуск па доглядзе за дзецьмі, які нельга проста перадаць маці. Такая сістэма прымушае бацькоў больш раўнамерна дзяліць практычны клопат за дзецьмі і ў доўгатэрміновай перспектыве дапамагае скарачаць разрыў у заробках.
Беларусі не патрэбны яшчэ адзін план. Улады і без таго ведаюць, якія крокі трэба рабіць. Патрэбна выканаць тое, што ўжо абяцалі, і звярнуцца да рашэнняў, якія ўжо працуюць у іншых краінах. Замест лагатыпаў, конкурсаў прыгажосці і новых лозунгаў.
Дар’я Шкарупіна – магістрка ў галіне міжнародных адносін і дыпляматыі ЕС, менеджарка палітычных праектаў.
