падтрымаць нас

Артыкулы

Панаехала гасцей: як працуе беларуская міграцыйная палітыка

Панаехала гасцей: як працуе беларуская міграцыйная палітыка

Апошнім часам улады Беларусі пачалі сур’ёзна разглядаць магчымасць прыцягнення працоўнай сілы з-за мяжы. Ці беларускія міграцыйныя рэгуляванні прывабныя для мігрантаў? І калі так, то ці зможа Беларусь прыцягнуць законапаслухмяных працаўнікоў?

Мінск кліча на дапамогу

У красавіку 2025-га года Мінск наведала дэлегацыя Пакістана на чале з прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам. Падчас перамоў Аляксандр Лукашэнка выказаў жаданне прыцягнуць пакістанскіх мігрантаў у колькасці 100-150 тыс. чалавек для працы ў лёгкай прамысловасці.  Па словах прэс-службы Лукашэнкі, пакістанскі бок “успрыняў гэтую ініцыятыву з вялікім энтузіязмам”.

Значна менш энтузіязму выказалі грамадзяне Беларусі. Сацыяльныя сеткі запоўнілі ролікі напужаных беларусаў і беларусак. Бойку мараканскіх студэнтаў у Гомелі народная пагалоска абвясціла першымі наступствамі прыезду мігрантаў. Уладам давялося прыцягнуць сілавікоў і прапагандыстаў, каб купіраваць незадаволенасць. Да таго ж Лукашэнка пачаў апраўдвацца, сцвярджаючы, што ініцыятыва па запрашэнні мігрантаў сыходзіла з пакістанскага боку.

Улады патлумачылі відавочна непапулярны крок скарачэннем працоўных рэсурсаў і нежаданнем беларусаў нараджаць. Аднак ці сапраўды Беларусі патрэбныя працоўныя рукі? 

Панаехала гасцей: як працуе беларуская міграцыйная палітыка
Фота: sb.by

Доўгі час лічылася, што вялікай праблемай беларускай эканомікі з’яўляецца залішняя занятасць. Аднак у апошнія год трэнд змяніўся. Паводле даных Міністэрства працы, у траўні 2025-га працадаўцы размясцілі 208 тыс. аб’яваў пра вакансіі, пераважна рабочага кірунку.

Прычыны такой змены – дэмаграфічныя і палітычныя. Нават паводле афіцыйных звестак, пачынаючы ад 2020-га года з Беларусі з’ехалі каля 350 тыс. чалавек. У той жа час дэмаграфічная яма 1990-ых наклалася на запаволенне нараджальнасці, што прывяло да яе скарачэння амаль у два разы цягам апошніх 10 гадоў.

Эксперты BEROC сцвярджаюць, што ў кароткай перспектыве такое становішча можа падвысіць эфектыўнасць працы тых, хто застаўся, але на доўгім часавым адрэзку наступствы для эканомікі будуць адмоўнымі. Пазбегнуць іх дапаможа скарачэнне дэкрэтнага адпачынку, падвышэнне пенсійнага ўзросту і прыцягненне мігрантаў. Аднак ці магчыма здабыць менавіта законапаслухмяных мігрантаў?

Колькасць супраць якасці

Калі ўлічыць страх беларусаў перад магчымым абвастрэннем крымінагеннай абстаноўкі пры запрашэнні замежнікаў, варта разумець прычыны, якія выклікаюць гэта. Даныя некаторых даследаванняў сведчаць, што амаль адзіным эфектыўным спосабам зніжэння крыміналу ў асяроддзі мігрантаў з’яўляецца іх адбор, калі ў краіну запрашаюцца асобы з нізкім “патэнцыялам” здзяйснення злачынстваў. Гэта звычайна людзі з вышэйшай адукацыяй, якія не схільныя да фармавання дыяспаральных сетак.

Якасны адбор шмат у чым залежыць ад архітэктуры міграцыйнай палітыкі. Сярод развітых краін вылучаюцца тры падыходы: сістэма падліку чалавечага капіталу (Канада), неакарпаратыўная сістэма (Аўстралія), рынкавая сістэма (ЗША).

У першым выпадку сацыяльныя службы “замяраюць” адносныя паказнікі кожнага мігранта і налічваюць яму балы, каб надаць яму новы міграцыйны статус. Улічваюцца поспехі на працы, адукацыя і навыкі, мабільнасць, здольнасць да моваў. У другім сцэнары прадугледжваецца выдача балаў у залежнасці ад запатрабаванасці мігранта на рынку працы і агульнага валодання мовамі. Трэці ж сцэнар базуецца на тым, што ў краіну запрашаюцца мігранты паводле запытаў наймальнікаў.

Даследаванні паказваюць, што больш эфектыўным з пункту гледжання эканамічных вынікаў з’яўляецца амерыканскі падыход, але сярэдні ўзровень людскога капіталу сярод мігрантаў найвышэйшы ў Канадзе.

Панаехала гасцей: як працуе беларуская міграцыйная палітыка

Прыязджай, хто хоча?

Беларуская міграцыйная палітыка ў нечым падобная да амерыканскай, аднак са значнымі абмежаваннямі. Напрыклад, у Беларусі не існуе працоўнай візы. Лічыцца, што патэнцыйны працаўнік заязджае ў Беларусь на падставе ўязной візы, а далей наймальнік мусіць атрымаць у Міністэрстве ўнутраных спраў спецыяльны дазвол на працу замежніка. 

Асобнымі правамі тут валодаюць жыхары краінаў ЕАЭС, якія могуць працаваць без дазволаў. Што цікава, у 2023-ім годзе таксама з’явілася пастанова Міністэрства працы, у якой пазначаны пералік прафесій, на якія могуць падавацца замежнікі без атрымання такога дазволу. У 2024-ым годзе пералік такіх прафесій быў значна пашыраны, што сведчыць аб актыўных спробах запрашаць працоўную сілу. Таксама паслабленні маюць пераможцы міжнародных і нацыянальных конкурсаў, высокакваліфікаваныя адмыслоўцы, навукоўцы, спартоўцы, якія падалі адпаведнае прашэнне. 

Пры гэтым асаблівых патрабаванняў да ўзроўню адукацыі ці валодання нацыянальнымі мовамі для замежнікаў сёння не выстаўляецца. Больш за тое, працоўная дамова мусіць уключаць тэкст на роднай мове мігранта.

Зараз жа МУС распрацоўвае тэкст новага ўказа, згодна з якім наймальнікаў зробяць адказнымі за паводзіны мігрантаў. Сярод мер – таксама вызначэнне пераліку прафесій, прадстаўнікі якіх будуць абавязаныя здаваць моўны экзамен, каб атрымаць доступ да рынку працы. 

Агулам сённяшняя палітыка з’яўляецца жорсткай у частцы кантролю за мігрантамі, але не ўключае этап папярэдняй селекцыі. Заехаць сапраўды можа хто заўгодна, а далейшы кантроль за паводзінамі мігранта ўскладаецца на працадаўцаў і сілавікоў. 

Адпаведна, пытанне бяспекі ўскладаецца на плечы людзей, чыя матывацыя працы з мігрантамі не абавязкова ўключае пільны кантроль. Калі мігрант ужо ў краіне, мы можам спадзявацца выключна на нізкі ўзровень нядбайнасці на месцах. Сістэма адбору прыезджых загадзя паводле прыкметаў бяспечнасці – такая як візавы кантроль – не створаная.

Да таго ж ініцыятывы ўладаў супярэчаць адна адной. З аднаго боку, яны заяўляюць пра патрэбу ў мігрантах і ствараюць пэўныя захады, каб спрасціць прыезд асобных груп спецыялістаў, але ў той жа час урад праз заканадаўства робіць дыскамфортным побыт для прыезджых. Можна чакаць, што на такія ўмовы пагодзяцца толькі людзі ў адчаі, і гэта не заўсёды самыя бяспечныя асобы.

Калі ўлічваць дэмаграфічны стан Беларусі, то смела можна сцвярджаць, што патрэба ў працоўных руках наўрад ці знікне ў найбліжэйшы час. Любы будучы ўрад будзе вымушаны пайсці паводле аднаго з магчымых сцэнароў: прыкласці намаганні дзеля вяртання беларусаў замежжа і падвышэння прадукцыйнасці працы; прыцягнуць працоўных з іншых краін ці пракрастынаваць. Калі прыцягненне мігрантаў пераможа, то ўвядзенне інстытута працоўных візаў замест выдачы дазволаў дасць магчымасць праводзіць адсеў яшчэ да прыезду працаўнікоў у краіну.

Фота вокладкі: freepik.com