Беларуская мова ў перапісах насельніцтва
У апошнім савецкім перапісе 1989-га года 65,6% жыхароў БССР пазначылі сваёй роднай мовай беларускую. А ў першым такім усеагульным апытанні насельніцтва, праведзеным у незалежнай Беларусі ў 1999-ым годзе, роднай назвалі беларускую 73,7% ад усіх перапісаных.
Атрымліваецца, што рэферэндум 1995-га года, які замацаваў за расейскай мовай статус дзяржаўнай, не прывёў да хуткага – цягам чатырох гадоў – зніжэння долі грамадзянаў, якія лічылі беларускую роднай. Аднак у далейшым адбылося істотнае змяншэнне колькасці такіх жыхароў Беларусі.
Так, ужо ў 2009-ым годзе беларускую пазначылі як родную 53,2%, а ў апошнім перапісе 2019-га года – 54,1%. Ці варта разглядаць гэтыя значна ніжэйшыя ў параўнанні з 1999-ым годам долі “доўгім рэхам” рэферэндуму 1995-га года – пытанне спрэчнае. Насамрэч у пасляваенных савецкіх перапісах працэнты тых, хто называў сябе носьбітам беларускай мовы як роднай, былі вышэйшыя, чым у 1999-ым годзе ў незалежнай Беларусі: у 1959-ым – 78%, у 1970-ым – 76%. Гэта значыць, перапіс 1999-га з паказнікам 73,7% упісваецца ў доўгатэрміновы, але павольны трэнд. А вось больш рэзкае зніжэнне долі грамадзянаў з беларускай як роднай у 1999-2009 гадах можа быць абумоўлена ўсёй дзяржаўнай палітыкай, а не самім па сабе рэферэндумам.
Беларуская мова на вёсцы і ў горадзе
У апошнім савецкім перапісе 1989-га года амаль 90% вяскоўцаў назвалі беларускую роднай, а сярод гараджанаў такіх было толькі 53,2%. Адрозненні паводле месца жыхарства захаваліся таксама і ў перапісах 1999-2019 гадоў, а таксама ў адказах на пытанне аб размоўнай мове.
Аднак працэнт тых, хто назваўся беларускамоўным, сярод вяскоўцаў знізіўся, а вось сярод гараджанаў – павысіўся, але агулам застаўся значна ніжэйшым, чым сярод вясковых жыхароў.
Хто ў Беларусі гаворыць па-беларуску?
Даныя Белстата паказваюць сувязь адказаў на моўныя пытанні з узростам і адукацыяй. Пры гэтым улічваюцца толькі асобы, якія на момант перапісу былі старэйшымі за 14 гадоў і якія назвалі сваёй роднай мовай беларускую альбо расейскую.
Гэта прыкладна па 80% удзельнікаў кожнага з перапісаў, праведзеных у незалежнай Беларусі (1999, 2009 і 2019).
Сярод старэйшых узроставых групаў больш людзей, якія сказалі, што карыстаюцца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці. Пры гэтым у 2009-ым годзе (у параўнанні з 1999-ым) доля беларускамоўных скарацілася ва ўсіх узроставых групах. Але ж у 2019-ым годзе сітуацыя змянілася: колькасць беларускамоўных істотна вырасла сярод моладзі (15–29 гадоў) і прыкметна скарацілася сярод людзей ва ўзросце 60 гадоў і старэйшых. У іншых узроставых катэгорыях змены былі нязначныя.
У 2019-ым годзе таксама павялічылася доля беларускамоўных сярод людзей з сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, у той час як сярод асобаў з самым нізкім узроўнем адукацыі яна, наадварот, прыкметна зменшылася.
Ці выжыве беларуская мова?
Аналіз звестак з перапісаў насельніцтва паказвае выразную сувязь паміж распаўсюдам беларускай мовы і сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі. Доля тых, хто называе беларускую роднай, і сцвярджае, што карыстаецца ёю ў побыце, традыцыйна вышэйшая сярод жыхароў вёсак. Акрамя таго, за выключэннем перапісу 2019-га года, назіраецца залежнасць моўных паказнікаў ад узросту і ўзроўню адукацыі.
Гэтыя фактары часткова тлумачаць, чаму ў незалежнай Беларусі маштабы ўжывання беларускай мовы засталіся меншыя, чым у другой палове ХХ стагоддзя, калі краіна ўваходзіла ў склад СССР. Цягам апошніх дзесяцігоддзяў значна вырас узровень адукаванасці насельніцтва і павялічылася доля гарадскіх жыхароў – сацыяльных групаў, менш схільных да штодзённага ўжывання беларускай мовы.
Атрыманне незалежнасці стала штуршком да ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці. У перапісе 1999-га года гэта адлюстравалася ў росце колькасці тых, хто назваў беларускую роднай. Аднак ужо ў наступныя дзесяцігоддзі тэндэнцыя змянілася: пачалося скарачэнне абшару ўжывання беларушчыны. Гэта быў працяг тэндэнцыі, якая назіралася ў БССР у пасляваенны перыяд.
Разам з тым параўнанне перапісаў 2009-га і 2019-га гадоў сведчыць пра новую тэндэнцыю: пашырэнне выкарыстання беларускай мовы (або прынамсі рост сведчанняў пра яе ўжыванне) сярод маладых, гарадскіх і адукаваных беларусаў. На мой погляд, гэта стала рэакцыяй грамадства на падзеі ва Украіне, якія пачаліся ў 2014-ым годзе, ды выклікала рост нацыянальнай самасвядомасці.
Ці стане гэта доўгатэрміновай тэндэнцыяй – пакуль незразумела. Але можна меркаваць, што без вялікіх зменаў у дзяржаўнай моўнай палітыцы істотны зварот да шырэйшага выкарыстання беларускай мовы наўрад ці магчымы.
Фота вокладкі: БДАКФФД. Галадоўка дэпутатаў БНФ, 1995 год.