падтрымаць нас

Артыкулы

Кошт каштоўнасцяў: колькі ЕЗ плоціць за санкцыі супраць Беларусі

Кошт каштоўнасцяў: колькі ЕЗ плоціць за санкцыі супраць Беларусі

У афіцыйных заявах Менска неаднаразова гучала думка, што санкцыі супраць Беларусі б’юць па Еўропе мацней, чым па самім рэжыме ў нашай краіне. Маўляў, ЕЗ плоціць за іх больш, чым атрымлівае, а еўрапейскія грамадзяне і бізнесы ўжо на мяжы банкруцтва з-за такой палітыкі. Але ці гэткае меркаванне мае рэальныя падставы і які ціск на Лукашэнку можа насамрэч дазволіць сабе Еўразвяз?

Найбольшы ўплыў на гандлёвыя адносіны паміж ЕЗ і Беларуссю маюць сектаральныя санкцыі. Уведзеныя пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair і пашыраныя ў сакавіку 2022-га, яны закранулі асноўныя экспартныя тавары Беларусі. Гэта нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, дрэва і метал. Імпарт гэтых тавараў у ЕЗ з 2021-га года скараціўся ў 14 разоў, але пры захаванні стабільнага еўрапейскага экспарту ў Беларусь гэта толькі ўмацавала прафіцыт гандлёвага балансу Еўразвяза – летась гэта было € 5,56 млрд.

Непасрэднае спыненне паставак з Беларусі само па сабе не прывяло да значных стратаў і праблем з пошукам альтэрнатыўных дастаўцаў. Адзінае выключэнне – калійныя ўгнаенні, а менавіта паташ, на які прыходзілася 11–15% еўрапейскага імпарту з Беларусі. 

Рынкавыя цэны на паташ пачалі імкліва расці пасля ўвядзення санкцый ЕЗ супраць уладаў Беларусі. Паводле дадзеных самога ЕЗ, кошт рэчыва падняўся з € 267 за тону ў маі 2021-га года да € 567 у лістападзе пасля ўвядзення сектаральных санкцый. У ліпені 2022-га года ён дасягнуў рэкордных € 876 за тону праз новыя абмежаванні на расейскі калій і ўзмацненне ўжо існых санкцый супраць Беларусі.

Кошт каштоўнасцяў: колькі ЕЗ плоціць за санкцыі супраць Беларусі
Фота: BKT

З улікам аб’ёмаў закупак паташу з боку ЕЗ такі рэзкі ўздым коштаў абышоўся Еўразвязу ў дадатковыя € 1,7 млрд у перыяд з 2021-га да 2023-га года. Гэта эквівалентна прыкладна двум гадавым аб’ёмам дасанкцыйнага імпарту паташу. Аднак у маштабе ўсяго рынку ўгнаенняў ЕЗ, імпарт якіх у 2021–2023 агулам перавышаў € 34 млрд, гэтыя страты выглядаюць даволі ўмеранымі.

Акрамя агульных выдаткаў для ЕЗ у цэлым, наступствы для асобных дзяржаў-чальцоў таксама не сталі значнымі. Напрыклад, ключавым аспектам санкцыйнага рэжыму ЕЗ лічыцца абмежаванне транзіту беларускіх тавараў праз літоўскія парты. У 2020-ым годзе доля Беларусі ў літоўскім экспарце паслуг складала € 505 млн. Праз увядзенне санкцый гэтая лічба скарацілася да  € 90 млн. у 2024-ым годзе. 

Аднак ні агульны экспарт паслуг Літвы, ні асобна транспартныя паслугі не пацярпелі. Ад 2020-га да 2024-га года агульны экспарт вырас больш як удвая – да € 22,5 млрд. Асноўны рост прыйшоўся на фінансавыя, бізнесовыя і ІТ-паслугі, не ў апошнюю чаргу дзякуючы рэлакаваным беларускім кампаніям і спецыялістам. Транспартныя паслугі, якія раней складалі да 90 % экспарту паслуг у Беларусь, былі цалкам кампенсаваныя пашырэннем паставак у іншыя краіны ЕЗ і Вялікабрытанію. 

Суседства з Менскам: чым плоціць ЕЗ

Акрамя прамых наступстваў і фінансавых страт для ЕЗ, санкцыйны рэжым супраць Беларусі прывёў да ўскосных выдаткаў, выкліканых эскалацыйнымі дзеяннямі Менска ў адказ на ўведзеныя санкцыі. Найбольш паказальны прыклад – міграцыйны крызіс, арганізаваны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі на ўсходняй мяжы ЕЗ, што прымусіла краіны рэгіёна павялічыць выдаткі на бяспеку. 

Польшча была вымушаная ўзвесці фізічны бар’ер коштам € 350-400 млн. уздоўж мяжы з Беларуссю і штогод накіроўвае каля € 600 млн. на супрацьдзеянне гібрыдным пагрозам з боку ўсходніх суседзяў. Літва і Латвія пайшлі падобным жа шляхам, заінвеставаўшы адпаведна € 150 і €125 млн. у будаўніцтва металічных агароджаў на сваіх межах з Беларуссю.

Кошт каштоўнасцяў: колькі ЕЗ плоціць за санкцыі супраць Беларусі
Фота: lrt.lt

Частку гэтых выдаткаў можна звязаць з шырэйшымі праблемамі бяспекі з-за ваеннага канфлікту Расеі і Украіны. Але яны хаця б часткова з’яўляюцца вынікам санкцыйнай канфрантацыі Беларусі і ЕЗ ды адлюстроўваюць яе ўскосныя наступствы.

Санкцыйны тупік

Незалежна ад таго, якую каштоўнасную ролю ЕЗ надае свайму санкцыйнаму рэжыму і як ацэньвае яго эфектыўнасць, існыя беларускія санкцыі практычна не ўплываюць на еўрапейскую эканоміку. Гэта дазваляе блоку захоўваць моцную пазіцыю ў адносінах да Менска і зніжае імавернасць магчымых санкцыйных саступак Лукашэнку.

Магчымасці для ўвядзення больш балючых санкцый з боку ЕЗ усё яшчэ застаюцца – гэта добра прадэманстравала падтрыманае Еўразвязам рашэнне Польшчы закрыць сваю мяжу з Беларуссю. Аднак эканамічны кошт такіх санкцый, верагодна, перавышае ўзровень, які ЕЗ або яго асобныя чальцы лічаць прымальным.

Гэтая санкцыйная безвыходнасць можа быць пераадоленая толькі праз вяртанне да рэальнасці і пераасэнсаванне першапачатковых мэтаў санкцый супраць Беларусі. Замест успрымання санкцый як самамэты і цяпер ужо нерэалістычных спадзеваў на дэмакратычны транзіт варта пераключыць фокус на больш дасягальныя мэты. Сярод іх – змякчэнне ўнутранай рэпрэсіўнасці рэжыму і зніжэнне рэгіянальнай напружанасці праз гуманітарныя крокі і паступовае аднаўленне каналаў камунікацыі.

Дасягненне гэтых мэтаў можа ажыццяўляцца дзякуючы канкрэтным крокам ЕЗ, у тым ліку праз дэманстрацыю салідарнасці з Вашынгтонам у нармалізацыі адносін з Менскам, нягледзячы на розніцу падыходаў і інтарэсаў.  Іншы шлях – прыняцце самастойных захадаў дзеля паступовага змяншэння “беларускага кампанента” ў рэгіянальнай эскалацыі. Асновай гэтага працэсу на пачатковым этапе можа стаць вызваленне беларускіх палітвязняў – механізм, які ўжо адкрываў шлях да дыпламатыі ў 2008-ым і 2015-ым гадах, а нядаўна – і ў перамовах з адміністрацыяй Дональда Трампа.

Хоць еўрапейцы і могуць ставіць каштоўнасці вышэй за эканамічныя інтарэсы, гэтага недастаткова. Каб зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі, Еўразвязу патрэбны не толькі новы гуманітарна арыентаваны прыярытэт, але і воля, каб пераасэнсаваць самі мэты санкцыйнай палітыкі. Найважнейшае і адначасова самае складанае ў гэтым працэсе для новай геапалітычнай Еўропы – выйсці з зоны камфорту дыстанцыйнага ўплыву і надаць беларускаму пытанню сапраўдную стратэгічную вагу.