Віртуальны мур супраць замежных уплываў
Галоўны аргумент на карысць забароны асобных сацсетак – гэта бяспека. Шматлікія палітыкі бачаць рызыку ў тым, што медыягіганты збіраюць звесткі карыстальнікаў і прадаюць іх карпарацыям ці іншым краінам. Гэта можа пагражаць нацыянальнай бяспецы і прыватнасці грамадзян. Пад такія абвінавачванні ў першую чаргу трапляе TikTok. Еўрапейскія і амерыканскія ўлады сцвярджаюць, што кітайская карпарацыя ByteDance перадае карыстальніцкія даныя кітайскім уладам. У выніку TikTok ужо забаронены на працоўных прыладах чыноўнікаў ЕЗ, а ў ЗША ледзь не ўвялі поўнай забароны пляцоўкі.
Яшчэ адзін аргумент на карысць абмежавання сацсетак – палітычная радыкалізацыя іх карыстальнікаў. Улады занепакоеныя тым, што пляцоўкі могуць выкарыстоўвацца для распаўсюджвання прапаганды і маніпулявання грамадскай думкай. Пасля непацверджанага выпадку ў Румыніі існуюць меркаванні, што палітычныя сілы могуць нелегальна фінансаваць палітычную агітацыю з-за мяжы. Еўрапейскія ўрады таксама асцерагаюцца, што ўльтраправыя палітыкі праз TikTok і X мабілізуюць электарат. Гэтыя страхі небеспадстаўныя. Напрыклад, ужо адбыліся выбары ў нямецкі Бундэстаг, дзе радыкальная правая партыя “Альтэрнатыва для Нямеччыны” заняла другое месца. Хоць яна і не будзе кіруючай партыяй, але такі вынік зменіць нямецкую (і еўрапейскую) палітыку на 180 градусаў.
Ілюстрацыя: POLITICO
Асаблівую пагрозу бачаць у небяспечным кантэнце, скіраваным для дзяцей і падлеткаў, якія лёгка паддаюцца маніпуляцыям і прапагандзе. Менавіта з гэтай прычыны ў 2024-ым ЕЗ адкрыў афіцыйную справу супраць TikTok, а Албанія на год забараніла пляцоўку, каб зменшыць агрэсіўныя настроі сярод моладзі.
Каб абараніць карыстальнікаў (асабліва дзяцей), супрацьстаяць дэзынфармацыі, а таксама прыцягнуць да адказнасці вялікія анлайн-пляцоўкі, тыпу Facebook ці TikTok, Еўрапейскі Звяз прыняў закон Digital Services Act. Паводле яго, сацыяльныя сеткі могуць быць часова заблакаваныя, калі яны рэгулярна парушаюць еўрапейскае заканадаўства ці распаўсюджваюць нелегальны кантэнт. Аднак падобныя заканадаўчыя ініцыятывы могуць стаць інструментам кантролю і цэнзуры ў аўтарытарных краінах. Напрыклад, у Турцыі на базе нямецкай мадэлі заканадаўства быў прыняты закон аб рэгуляванні кантэнту ў сацыяльных сетках. Аднак яго прымяненне прывяло да рэгулярнага блакавання сацсетак падчас палітычнага крызісу і пратэстаў.
А як у аўтакратыях?
Некаторыя параўноўваюць спробы забароны сацсетак у дэмакратычных краінах з практыкамі аўтарытарных рэжымаў, у якіх інтэрнэт жорстка кантралюецца. У сучасным свеце амаль усе аўтакратыі выкарыстоўваюць тыя ці іншыя меры дзеля кантролю за меркаваннем насельніцтва і захавання ўлады. Напрыклад, у Беларусі дзяржава мае манаполію на рэгуляванне інтэрнэт-прасторы і актыўна абмяжоўвае доступ да незалежных рэсурсаў. А ў Кітаі заблакаваныя ўсе заходнія сацсеткі, Google і міжнародная версія TikTok. Падобныя прыклады могуць служыць для крытыкаў абмежаванняў дадатковым аргументам супраць пераймання нібыта аўтарытарных метадаў у дэмакратычных краінах.
Што думаюць еўрапейцы
Яшчэ адзін аргумент супраць забароны сацсетак – парушэнне права на свабоду слова. Хоць на ўсіх платформах існуюць механізмы мадэрацыі, некаторыя даследчыкі лічаць, што інтэрнэт і сацыяльныя сеткі павінны заставацца адкрытымі для розных, нават радыкальных, меркаванняў. А абмежаванне доступу да сацсетак для дзяцей, як у Аўстраліі і Новай Зеландыі, можа пазбавіць іх фундаментальнага права на ўдзел у грамадскіх дыскусіях.
Акрамя таго, татальная забарона сацсетак – непапулярная сярод грамадзян. Паводле апытанняў, толькі 36 % амерыканцаў падтрымліваюць дзяржаўную забарону TikTok, а ў Еўропе гэтая лічба вагаецца паміж 43 % і 48 %. Людзі асцерагаюцца, што меркаванне палітыкаў пра забарону сацсетак будзе мяняцца ў залежнасці ад палітычнага курсу. Прыклад – Дональд Трамп, які спачатку патрабаваў забароны TikTok, але пазней адклаў яе, калі гэта стала палітычна нявыгадным для яго вобраза.
Фота: AP Photo / Jacquelyn Martin
Пытанне аб забароне TikTok і іншых сацсетак адлюстроўвае супярэчлівыя грамадскія і палітычныя настроі. Сярод дэмакратычных дзяржаў і міжнародных арганізацый заканадаўства ЕС у пытаннях прадухілення пагроз бяспецы з’яўляецца найбольш жорсткім. Аднак нават яно не гарантуе абароны ад знешняга ўмяшання. Рашэнне аб забароне сацыяльных сетак павінна прымацца ўзважана. У любым выпадку, жаданне засцерагчы людзей ад небяспечнай інфармацыі ці прапаганды не павінна быць прэтэкстам да абмежавання свабоды слова, як у аўтарытарных краінах.
Фота вокладкі артыкула: Martin Parr | Magnum Photos