Мы ўжо публікавалі серыю артыкулаў паводле дадзеных гэтых апытанняў: у 2022-ім годзе – “Значение протестов”, “Масштаб репрессий”, “Коллективная травма”, “Последствия травматизации”; у 2023-ім годзе – “Как изменилось ядро протеста?”, “Эмоциональный накал 2020-21 годов остается?”, “Как репрессии повлияли на миграционные установки”.
Сёлета апытанне праводзілася 18-30-га ліпеня. Агулам у ім узялі ўдзел 1015 чалавек, з якіх 318 былі ў Беларусі, 701 – у іншых краінах (вялікі дзякуй усім, хто прыняў у ім удзел!). Традыцыйна ў якасці метаду выкарыстоўваўся CAWI (інтэрнэт-апытанне праз мэссэнджэры Viber I Telegram).
Што вынікае з атрыманых даных.
Не дарма
Па-першае, цягам апошніх гадоў на адным узроўні застаецца ўпэўненасць у тым, што падзеі 2020-га года былі слушнымі. Даныя даследавання сведчаць: колькасць тых, хто не расчароўваецца ў сваіх дзеяннях падчас гарачага 2020-га года, не змяншаецца. Як і ва ўсіх папярэдніх замерах, пераважная большасць (больш за 90%) адзначае, што дзейнічалі б таксама, як і тады, або больш актыўна.
Калі параўноўваць адказы рэспандэнтаў па розныя бакі беларускай мяжы, то можна заўважыць, што неабходнасць у большай актыўнасці ў 2020-ым годзе часцей адзначаюць апытаныя па-за межамі Беларусі (46% у параўнанні з 38% рэспандэнтаў у Беларусі).
Сярод апытаных існуе кансэнсус наконт прычынаў, праз якія ў 2020-ым годзе пратэснаму руху не ўдалося дамагчыся зняцця Лукашэнкі і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў. Як і раней, галоўнымі прычынамі апытаныя лічаць падтрымку Лукашэнкі з боку Пуціна, моцны сілавы апарат рэжыму і мірны характар пратэстаў. Так, амаль палова апытаных лічыць, што ў 2020-ым годзе трэба было пераходзіць да сілавога супраціву.
Пры ацэнцы дынамікі звяртае на сябе ўвагу паслядоўны рост выбару такіх пазіцый, як недахопы ў арганізацыі і каардынацыі пратэсных дзеянняў, а таксама рост крыўды на краіны Еўропы і ЗША за адсутнасць падтрымкі пратэстоўцаў. Параўнанне ж адказаў рэспандэнтаў з Беларусі і з дыяспары паказвае, што першыя часцей акцэнтуюць увагу менавіта на сілавым супраціве, а апошнія – на моцы сілавікоў рэжыму і на недахопах у каардынацыі пратэстаў.
Паразы не было?
Па-другое, меркаванні прадэмакратычнага ядра беларускага грамадства адносна галоўнага выніку падзей 2020-2021 гадоў змяніліся цягам мінулага часу мінімальна. Палова апытаных дасюль аспрэчвае ідэю аб тым, што пратэсны рух атрымаў паразу.
Пры гэтым трэба адзначыць, што колькасць тых, хто зусім ці цалкам не згодны з тэзісам пра паразу, з цягам часу пакрысе зніжаецца. Калі ў 2022-ім годзе такіх рэспандэнтаў было 58%, у 2023-ім – 55%, то ў 2024-ым – ужо роўна 50%. Як і раней, доля адмоўнікаў паразы вышэйшая сярод тых, хто дасюль застаецца ў Беларусі.
Сэнсы падзей
Па-трэцяе, галоўнымі сэнсамі падзей 2020-га года застаюцца: а) праяўленне “незадаволенай” большасці; б) выкрыццё прыроды рэжыму Лукашэнкі; в) з’яўленне веры ў магчымасць пераменаў.
*У 2022-ім годзе пытанне задавалася ў іншым фармаце.
У адказах на гэта пытанне думкі рэспандэнтаў з Беларусі і з замежжа збольшага супадаюць.
У асноўным застаецца канстантным і нязменным спектр пачуццяў, якія дагэтуль узнікаюць пры ацэнцы падзеяў 2020-га года. Галоўнай парай тут выступаюць, з аднаго боку, пачуцці гонару і павагі да пратэстоўцаў, з другога – злосць і лютасць у адносінах да сілавікоў, абурэнне тым, што яны рабілі. Далей рэспандэнты адзначаюць гора і боль, расчараванне, сум і крыўду праз тое, што пратэсты 2020-га года не дамагліся сваіх мэтаў.
*У 2022-ім годзе пытанне задавалася ў іншым фармаце.
Трэба заўважыць: беларусы замежжа звычайна адзначаюць шырокі спектр пачуццяў, якія асацыююцца з падзеямі 2020-га года. А вось пазіцыю “расчараванне, сум, крыўда” часцей абіралі апытаныя ў Беларусі. Разам з тым сярод рэспандэнтаў з Беларусі цягам мінулага года на 5-6% знізіліся долі выбараў такіх пазіцый, як “адчай, бяссілле, безнадзейнасць” (з 36% да 31%) і “гора, боль” (з 36% да 30%).
Дык што можна сказаць на падставе гэтых звестак? Падаецца, старонка ніяк не перагортваецца: захоўваецца ўпэўненасць, што 2020 год адбыўся не дарма; параза не прымаецца і сэнсы тых падзей не губляюць сваёй актуальнасці. Прынамсі, сярод касцяка прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства.
Фота: Jana Shnipelson, Unsplash