Стаўкі акцызаў на алкаголь, выраблены ў Беларусі, заўсёды былі прадметам спрэчак. Але ўсе гэтыя дыскусіі вяліся за зачыненымі дзвярыма міністэрскіх кабінетаў. Грамадзяне ж даведваліся пра змены ў акцызнай палітыцы дзяржавы, як правіла, пасля росту цэнаў на “чарку” ў крамах. Тым не менш паспрабуем запоўніць гэты прабел у інфармацыі.
Паводле звестак Белстата, у Беларусі вырабляецца ўсё менш алкаголю. Гэта датычыць і моцных напояў, і піва, і пладова-ягадных вінаў. Напрыклад, у 2010-2015 гг. вытворчасць моцнага алкаголю скарацілася ў 1,3 разы, ферментаваных алкагольных напояў (пладова-ягадныя і пладовыя віны) – у два разы. З півам крыху іншая карціна – яго вытворчасць у 2015-ым у параўнанні з 2010-ым амаль не змянілася. У выніку большасць алкагольных прадпрыемстваў Беларусі стала стратная.
Такое падзенне вытворчасці алкагольнай галіны краіны павінна было адбіцца і на прыбытках бюджэту ад акцызаў на алкаголь. Цікава было б даведацца дакладныя і афіцыйныя лічбы. Але Мінфін публікуе толькі агульныя, агрэгаваныя дадзеныя даходаў ад акцызаў ды не дае разбівак і дэталізацыяў.
Гэтак звычайныя грамадзяне не могуць атрымаць інфармацыю з адкрытых афіцыйных крыніц пра тое, колькі дзяржава зарабіла ад акцызаў на тытунёвыя вырабы, ад акцызаў на паліва ці алкаголь. Не хоча наша дзяржава быць справаздачнай перад уласнымі грамадзянамі і ўсё тут.
Затое замежным арганізацыям Мінфін дае справаздачу рэгулярна. Напрыклад, на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі звесткі аб прыбытках у бюджэт ад акцызаў на спіртазмяшчальную прадукцыю маюцца. Парадокс? Не, гэта проста стаўленне беларускага чыноўніка да грамадзянаў уласнай дзяржавы.
Такім чынам, паводле дадзеных, апублікаваных на сайце ЕЭК, пік прыбыткаў бюджэту ад акцызаў на алкаголь прыйшоўся на 2013-ты год – $ 972,2 млн. Што характэрна, менавіта з гэтага года пачалося падзенне вытворчасці алкагольнай прадукцыі ў Беларусі. Людзі сталі менш піць? Наўрад ці. Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя беларусы па-ранейшаму адна з самых пітушчых нацыяў у свеце. Самагон? Таксама міма, паколькі немагчыма за такі кароткі перыяд істотна нарасціць аб’ёмы вытворчасці самагонкі.
На афіцыйным узроўні ва ўсім прынята вінаваціць кантрабандыстаў «паленай» гарэлкі з Расіі ды Украіны, і гэта досыць падобна да праўды.
Дарэчы, расійскія чыноўнікі, да прыкладу, спікер верхняй палаты расійскага парламента Валянціна Мацвіенка, пацвярджаюць версію росту вытворчасці нелегальнага алкаголю. Гэтак у мінулым годзе “праз рост акцызаў і адсутнасць адэкватных захадаў барацьбы з нелегальнай вытворчасцю алкаголю” адбылося рэзкае зніжэнне легальнага вырабу алкаголю. У выніку ў Расіі збіральнасць акцызаў на алкаголь у 2015-ым упала на 21 %.
Падобная сітуацыя і ў Беларусі. У 2013-ым Мінфін змяніў акцызную палітыку: з 2012-га акцызы ў Беларусі выраслі ў 1,8 раза, гарэлка падаражэла прыкладна на столькі ж.
Але гэта не адзіная змена. Іншым важным новаўвядзеннем стала тое, што прадпрыемствы змусілі плаціць акцызы не па факце продажу, а па факце адгрузкі алкагольнай прадукцыі. Пры гэтым жывыя грошы да іх паступалі з затрымкай, таму прадпрыемствы былі вымушаныя браць крэдыты на выплату акцызаў.
Для людзей жа стала выгадней рызыкаваць і завозіць кантрафактную гарэлку з Расіі, а не закупляць афіцыйна вырабленую на беларускіх прадпрыемствах. Адсюль і падзенне вытворчасці, і падзенне збіральнасці акцызаў на алкаголь. Вось так жаданне сабраць як мага больш алкагольных акцызаў у бюджэт прывяло да росту ценявога рынку вытворчасці алкаголю і скарачэння прыбыткаў бюджэту.
Але выглядае на тое, што ўлады вывучылі ўрок і цяпер стабілізуюць фінансавае становішча галіны. У 2016-ым улады знізілі стаўкі на акцызы на алкаголь, а вытворцы выплочваць акцызы пасля атрымання выручкі.