падтрымаць нас

Артыкулы

Як можна параўноўваць Беларусь, Украіну і Польшчу (занатоўкі пра штодзённасць)

Як можна параўноўваць Беларусь, Украіну і Польшчу (занатоўкі пра штодзённасць)

Гэтым разам на базе асабістага досведу пасля пераезду з Украіны ў Польшчу Генадзь Коршунаў разважае пра тую розніцу, якая простым вокам бачная між Украінай, Польшчай і Беларуссю.

Гэты артыкул выходзіць у межах рассылкі “Што думаюць беларусы”. Падпісвайцеся.

На мінулым тыдні я ў чарговы раз змяніў месца свайго мігранцкага жыцця і перабраўся з Украіны ў Польшчу (дарэчы, хачу шчыра падзякаваць сябрам, якія дапамагалі мне на гэтым шляху і далі часовы прытулак). Цяпер вырашаю побытавыя пытанні, шмат рухаюся па горадзе і назіраю. Насамрэч уражанняў багата, бо я ўсё параўноўваю з тым, што пабачыў і перажыў ва Украіне, і з беларускімі рэаліямі. 

Што ўразіла ў першыя дні пасля перасячэння ўкраінска-польскай мяжы, то бок  пры параўнанні Польшчы з Украінай:

  • адсутнасць блок-пастоў на дарогах, на вуліцах няма ні вайскоўцаў, ні паліцыянтаў, ніякіх іншых людзей у пагонах ці камуфляжы;
  • на небе лётаюць пасажырскія самалёты і планеры, ніякіх знішчальнікаў ці бамбавальнікаў;
  • калі нешта і грыміць, то гэта дакладна не выбух, а штосьці сталася з глушаком у машыне ці аўтобусе;
  • калі чуеш нешта кшталту сірэны, то гэта адназначна не сірэна, а проста сігналізацыя ад аўтамабіля.

Ясна, такія ўражанні – гэта флэшбэкі, проста флэшбэкі (але ці бываюць флэшбэкі проста так?). Гэта зразумела, але на псіхалагічным узроўні яно ўсё роўна моцна ўздзейнічае на адчуванне жыцця, прынамсі на маё цяперашняе адчуванне. Выбачайце, не мог не адзначыць.

Далей што тычыцца параўнанняў ужо, хутчэй, з Беларуссю. Зараз я буду казаць не пра ўсю Польшчу, а толькі пра Падляшша, якое далёка не самы перадавы польскі рэгіён, затое бліжэйшы за астатніх да Беларусі.

Дарогі. Хто моліцца на якасць беларускай шашы, хай гляне на дарогі Падляшша. Я ведаю пра польскія інфраструктурныя праграмы і дапамогу Еўрасаюза, але маштаб проста ўражвае – агромністая колькасць мастоў, новых, стылёвых, прыгожых і без аніякіх графіці (за 5 хвілін дарогі аднойчы штук з 10 трапілася), шмат агароджы для прыцішэння дарожных гукаў (і па вёсках такія стаяць, і месцамі па гарадах), тратуары і веласцежкі (веласіпедыстаў процьма, а веласцежкі літаральна паўсюль), шмат брукаванкі, якая нікому не замінае.

На дарогах шмат новых машын і матацыклаў. Іржы на машынах пакуль не бачыў ні на арках, ні на парогах… Ну, мо я тут яшчэ зусім нядоўга, таму і не траплялася.

Абочыны дарог. Я адразу думаў, што яны пакошаныя. А потым заўважыў, што гэта не зусім так. Яны проста акуратныя і дагледжаныя, бо там мэтанакіравана пасеяная невысокая трава тыпу канюшыны, ну і краскі. Прыгожа.

А далей – дамы. Шмат новых дамоў у вёсках і мястэчках абапал дарог. Новых. А такіх, якія патрабавалі б рамонту ці хаця б афарбавання – і зусім адзінкі. Спачатку было першаснае адчуванне, што знаходжуся ці то ў лялечным горадзе, ці то ў дэкарацыях невядома да чаго. Домікі светлыя, атынкаваныя, ніякага сайдынгу, дахі з чырвонага металапрофілю. А адміністрацыйныя будынкі ў розных стылях – ад канструктывізму да хайтэку. Прыгожая разнастайнасць і без дурных вырвівочных колераў.

І шмат дзе сонечныя батарэі – і на дамах, і асобныя пляцоўкі-палянкі. Такія батарэі ёсць і ва Украіне, але ў Польшчы іх сапраўды шмат.

І туі. Шмат туй, акуратных, падстрыжаных. І маленькіх, і высокіх, метры пад 3-4. Дагледжаных. Бачна, што пасаджаныя яны даўно, гадоў 10-15 таму. І вось гэтыя туі, шмат туй мне зрабілі балюча-балюча…

Таму што мы, беларусы і Беларусь, праз рэжым згубілі тыя 10-15 гадоў, за якія і туі маглі вырасці, і новыя прыгожыя дамы, і масты, якія не будуць абрынацца, і яшчэ шмат чаго добрага і прыгожага. Я ведаў пра гэты змарнаваны час, а цяпер я яго пабачыў на свае вочы. Так ясна ўбачыў, што часам хочацца заплюшчыць вочы.

Проста ўспомніце, якімі была Беларусь і яе суседзі гадоў 20 таму, напрыклад, тыя ж Украіна і Польшча. Хто жыў багацей, хто кім захапляўся, хто каму зайздросціў і г.д. Я нагадаю, што тады беларуская эканоміка расла хутчэй за суседскія. За перыяд ад 2001-га да 2008-га ў нас сярэднегадавыя тэмпы росту складалі 8,3 %, у Латвіі – 7,5 %, у Літвы – 7,4 %, ва Украіны – 7,0 %, у Расіі – 6,9 %,  у Польшчы – 4,1 %. Мы раслі ў два разы хутчэй за Польшчу – у два разы! А пасля мы сталі колам, “застабіліліся”. Развіццё з апеляцыяй да “1990-ых” і “вы што, хочаце як ва Украіне?” аказаліся рухам па заклятым коле, унутры якога з усёй стабільнасці была толькі сталая адсутнасць развіцця дзяржавы. Тут я маю на ўвазе дзяржсектар у эканоміцы, буйную інфраструктуру, збольшага і нашу жыллёва-камунальную гаспадарку…

А цяпер маем тое, што маем: замарожаныя на дзесяцігоддзі даўгабуды, абрынанне мастоў, прарывы цеплатрас, забруджаную ваду з крана, закінутыя вёскі, рост беспрацоўя… 

І чым даўжэй трывае рэжым, тым большае нашае адставанне ад нашых суседзяў. Ад асэнсавання гэтага таксама зрывае дах.

Фота: Аляксандра Мурашка