• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як санкцыі паўплываюць на рэгіёны Беларусі?

    Уведзеныя сектаральныя санкцыі могуць мець сур’ёзны эфект для эканомікі краіны. Пры гэтым уплыў на гарады і рэгіёны застаецца мала вывучаным. Цэнтр новых ідэй зладзіў экспертную дыскусію, каб абмеркаваць, як санкцыі паўплываюць на рэгіянальную эканоміку. Ніжэй канспект дыскусіі з галоўнымі высновамі адмыслоўцаў. 

    Як санкцыі ціснуць на рэжым 

    Санкцыі, якія былі ўведзеныя пасля выбараў, маюць шырокі маштаб і істотны ўплыў на эканоміку ў цэлым. Аднак, каб зразумець, як гэтыя санкцыі паўплываюць менавіта на рэгіянальную эканоміку, варта разгледзець два моманты. Па-першае, месцазнаходжанне падсанкцыйных прадпрыемстваў і іх уплыў на мясцовую эканоміку і на мясцовы рынак працы. Па-другое, уплыў санкцый на рэспубліканскі і мясцовы бюджэты.

    Санкцыі былі ўведзеныя шырокім фронтам на працягу гэтага года, але маюць адкладзены эфект – асноўныя наступствы эканоміка будзе адчуваць, хутчэй за ўсё, у наступным годзе. Найбольш адчувальнымі з’яўляюцца санкцыі ЕС і ЗША. Краіны Еўрасаюза з’яўляюцца важнымі гандлёвымі партнёрамі і транспартным калідорам для беларускіх тавараў. Усяго да восені гэтага года мы маем 166 фізічных асоб і 15 юрыдычных асоб, якія трапілі пад абмежаванні ЕС. Гэта найперш тавары прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыю падвойнага прызначэння, а таксама тавары вытворчасці калійнай, тытунёвай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці. Санкцыі таксама істотна абмяжоўваюць доступ Беларусі на еўрапейскія фінансавыя рынкі.

    Санкцыі з боку Злучаных Штатаў маюць не толькі прамы, але і ўскосны ўплыў – абмежаванні сур’ёзна ўскладняюць разлікі ў доларах ЗША. Абмежаванні Злучаных Штатаў складаюцца з санкцый супраць нафтаперапрацоўчага комплексу, у тым ліку супраць 23 беларускіх фізічных асоб і 21 кампаніі. Санкцыі ЗША забараняюць амерыканскім грамадзянам удзельнічаць у здзелках з гэтымі арганізацыямі і фізічнымі асобамі. 

    Таксама да санкцыйных абмежаванняў далучыліся іншыя краіны. Найбольш важныя тут санкцыі з боку Вялікабрытаніі, якія складаюцца з захадаў супраць 100 фізічных асоб і 9 кампаній і ўключаюць сектаральныя абмежаванні (калій, нафтапрадукты, тытунёвая прадукцыя).

    Якія рэгіёны пацярпяць больш за ўсё

    Большасць падсанкцыйных прадпрыемстваў можна падзяліць на дзве катэгорыі: горадаўтваральныя і тыя, якія важныя толькі для мясцовай эканомікі (але не з’яўляюцца горадаўтваральнымі). У асноўным прадпрыемствы, якія трапілі пад санкцыі, – гэта буйныя прамысловыя аб’екты, якія арыентаваныя не столькі на патрэбы Беларусі, колькі на патрэбы знешняга рынку.

    Калі мы паглядзім, як размяркоўваецца дабрабыт і заробак па краіне, то ўбачым, што падсанкцыйныя прадпрыемствы з’яўляюцца важнымі драйверамі росту для мясцовых эканомік і буйнымі крыніцамі працоўных месцаў. Напрыклад, у Жодзіне 37 % жыхароў працуюць на БелАЗе, 27 % салігорцаў працуюць на “Беларуськаліі”, 22 % жыхароў Наваполацка – на “Нафтане”.

    Праблемы буйных падсанкцыйных прадпрыемстваў не толькі выклічуць рост беспрацоўя ў рэгіёне, але і негатыўна адаб’юцца на пакупніцкай здольнасці і на бізнесе, які развіваецца дзякуючы плацежаздольнаму попыту.

    Адпаведна, больш сур’ёзны ўдар будзе ў тых месцах, дзе пад санкцыі трапілі горадаўтваральныя прадпрыемствы, і крыху меншы – там, дзе падсанкцыйныя прадпрыемствы не з’яўляюцца горадаўтваральнымі, але ўплываюць на мясцовую эканоміку. Калі па суседстве знаходзяцца менш паспяховыя раёны, то горадаўтваральныя прадпрыемствы становяцца пунктамі росту не толькі горада, але і цэлага рэгіёна. Таму яшчэ больш сур’ёзныя наступствы будуць мець рэгіёны з падсанкцыйнымі прадпрыемствамі, у якіх няма буйных суседніх пунктаў росту.

    Санкцыі vs рэспубліканскі бюджэт

    Другая праблема – гэта ўплыў санкцый на рэспубліканскі бюджэт, які на чвэрць складаецца з падаткаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці і акцызаў. Мясцовыя бюджэты шмат у чым з’яўляюцца датацыйнымі. З-за санкцый рэспубліканскі бюджэт зможа менш падтрымліваць мясцовыя бюджэты. Такім чынам, рэгіёны, дзе ўласныя даходы пакрываюць менш за 30 % выдаткаў, будуць найбольш уразлівымі. 

    Шмат што будзе залежаць ад рашэння, як будуць пераразмяркоўвацца даходы па рэгіёнах, якія пацярпяць з-за санкцый. Аднак большасць прадпрыемстваў, якія трапляюць пад санкцыі, – драйверы рэгіянальнага росту. Мясцовыя ўлады выкарыстоўваюць грошы буйных прадпрыемстваў для развіцця гарадской інфраструктуры і квазісацыяльнага жыцця ў горадзе. Таксама большасць буйных кампаній падтрымлівае свае каманды ў многіх відах спорту. Малаверагодна, што мясцовы і рэспубліканскі бюджэты змогуць усе гэтыя выдаткі пакрыць, што ў сваю чаргу будзе ўплываць на дынаміку жыцця ў горадзе.

    Наступствы санкцый

    Таксама варта адзначыць, што санкцыйнае рэха вельмі негатыўнае і можа працягвацца гадамі, нават калі санкцыі будуць ужо знятыя. Прынамсі так было з банкаўскім сектарам, калі ў мінулым санкцыі адмянілі, але яшчэ праз тры гады некаторыя еўрапейскія банкі адмаўляліся ад трансакцый з Беларуссю. Цяперашнія пакеты санкцый уплываюць нават на тыя сферы, якія санкцыі непасрэдна не закранулі.

    Такім чынам, загарыцца чырвоным не пара раёнаў, а негатыўныя наступствы адчуе большасць рэгіёнаў Беларусі. Таму тут важны гуманітарны складнік санкцыйнага ціску. Краінам, якія ўводзяць санкцыі, можна парэкамендаваць спрасціць выдачу віз і працоўных ільгот для тых людзей, якія страцілі працу. Гэта дапаможа крыху згладзіць наступствы санкцый для жыхароў Беларусі і падтрымаць пазітыўны імідж дэмакратычных сіл і Еўрасаюза.

    Фота: TUT.BY

    ПаказацьСхаваць каментары