— Арыентаванасць на рэформы — частка канцэпцыі ЦНІ, — адзначыла каардынатарка адукацыйных праграм ЦНІ Дар’я Рублеўская. — Цяпер — час набіраць экспертызу ў належным кіраванні. Многія працэсы змяняюцца не толькі праз палітычны рэжым, і ў нас мусяць быць візіі, патэнцыял і рэсурсы даследаваць тэму і рэалізоўваць пэўныя крокі.
Першы крок: напрацаваць кампетэнцыі
Цягам двух тыдняў удзельнікі і ўдзельніцы “Кейс-клубу” збіралі тэарэтычную базу ведаў. Іх чакалі лекцыі пра фарматы, логіку і сэнс аналітычных дакументаў, статыстычныя даныя, належнае кіраванне і дэбаты. Паралельна каманды пісалі ўласныя полісі-паперы па некалькіх тэмах: удзел грамадства, тэхналагізацыя, фінансаванне і гендарная роўнасць. Таму тэорыю можна было разглядаць у кантэксце “сваёй” тэмы.
У афлайн-частцы каманды каманды прыехалі на сустрэчу ўжо з амаль гатовымі полісі-паперамі і вучыліся запускаць і прасоўваць дакумент. Эксперты і эксперткі ЦНІ паказвалі, як прымяняць гэтыя навыкі на практыцы.
Старшыня рады ЦНІ Антон Раднянкоў толькі вярнуўся з сустрэчы з брытанскім палітыкам Дэвідам Кэмеранам і ў тым ліку на гэтым прыкладзе распавёў, як выступаць публічна. Ён падкрэсліў: нервавацца перад выступамі — нармальна. Таму Антон параіў, як адолець хваляванне, структураваць выступ і слушна вызначыцца з ягонай мэтай, а таксама адказаў на пытанне, як дэбатаваць з Азаронкам. Спойлер: залежыць ад задачы!
Каб падрыхтаваць каманды да дэбатаў, Ліза Пракопчык і Стас Шашок правялі “хуткія лекцыі” пра правілы спрэчак: параілі, як вызначыцца з “вобразам” каманды, рэагаваць на пытанні, адказы на якія ты не ведаеш. Заснавальнік ЦНІ Рыгор Астапеня нагадаў, як адвакатаваць полісі-паперы. “Гэта залежыць ад таго, як вы інвестуеце ў іх, — падкрэсліў ён. — Паперай вы ўплываеце на клімат прыняцця рашэнняў і меркаванне грамадства”.
Даследчык ЦНІ Стас Гарэлік на прыкладах сваіх прац распавёў, як глыбока працаваць з данымі: не проста параўноваць іх, а ўлічваць кантэкст і розныя камбінацыі. Аповед дырэктаркі ЦНІ Лесі Руднік лагічна аб’яднаў усе складнікі праграмы. Яна распавяла пра афіцыйную змену назвы нашай краіны ў Швецыі з “Белай Русі” на “Беларусь”, дзякуючы ў тым ліку аналітычным паперам і публічным прамовам.
Другі крок: адпрацаваць кампетэнцыі
Лекцыі падчас афлайн-фармату перапляталіся з практыкай. Удзельнікі і ўдзельніцы рупліва дапрацоўвалі дакументы: кожная лекцыя прыўносіла свае інсайты, як зрабіць працы мацней, таму хіба не пасля кожнага блоку каманды сядалі ў кола і агранялі свае дакументы наноў. Дадаць стэйкхолдэраў? Прывесці больш рэлевантны прыклад краіны? Зрабіць іншы акцэнт у рэкамендацыях?
За ўсім працэсам дбайна сачылі ментары і ментаркі з ЦНІ, якія давалі фідбэкі на працу. Каманды імкнуліся паказаць сваю працу як мага большаму колу прафесіяналаў і прафесіяналак, каб вывастрыць свае дакументы амаль да дасканаласці.
— Мы хацелі максімальна наблізіць удзельнікаў і ўдзельніц да рэальнай працы ў аналітычным цэнтры, — распавяла Леся Руднік. — Мы імкнуліся, каб пасля праграмы яны маглі структуравана, аргументавана, лаканічна і душэўна данесці сваю думку праз пісьмовы і вусны фарматы. Гэта важна для новых даследчыкаў і даследчыц, якія хочуць працаваць у сферы. Апроч гэтага, трэба клапатліва ставіцца да людзей, якіх ты адукоўваеш, таму мне было важна, каб мы мелі блізкія прафесійныя стасункі з удзельнікамі і ўдзельніцамі: ментарылі, былі ў журы, нефармальна камунікавалі.
Трэці крок: замацаваць кампетэнцыі
Пераможцы ў дэбатах і прэзентацыі полісі-папераў атрымалі кнігі ад ЦНІ, брэндаваныя майкі, стыкеры і нататнікі. Што больш важна — яны набылі карысныя веды, навыкіі і магчымасць апублікаваць свае дакументы. Аналітычныя паперы прайшлі шлях у два з паловай месяцы, чатыры каманды і дзясяткі каментароў, вычытак і дапрацовак, каб быць апублікаванымі!
Апошнім вітком навучальнага працэсу стала месячная аплочваемая стажыроўка ў ЦНІ, якую атрымала адна з удзельніц “Кейс-клуба” — Вікторыя.
— Для мяне гэта будзе карысны прафесійны досвед у крутой камандзе, — распавяла яна. — Я падалася на камунікацыйны кірунак, хацела рабіць больш мерапрыемстваў, вясці фемгурток, таму чакайце анонсаў!
Але выбраць аднаго чалавека было не так проста! Леся Руднік адзначыла, што моц камандаў з кожным годам расце:
— Думаю, адбываецца лепшы мэтч, мы знайшлі патрэбныя словы, каб прыцягнуць сваю аўдыторыю. Мы вызначылі, што шукаем людзей да 30 гадоў, якія маюць патэнцыял для ўплыву на змены, лідараў і лідарак у сваёй сферы, якія не баяцца спрабаваць нешта новае і ўпэўненыя ў сабе, сваіх справах і праектах.
У наступных матэрыялах мы больш падрабязна распавядзем пра дэбаты і полісі-паперы камандаў. Але калі ў вас ужо загарэўся імпэт да “Кейс-Клуба”, раім падавацца на Школу маладых рэфарматараў ці Акадэмію новай беларускай дыпламатыі. Гэта стане вашай першай прыступкай на шляху да рэфарматарскага кам’юніці!