Беларусь з’яўляецца адным з сусветных лідэраў па колькасці студэнтаў у стасунку да агульнага насельніцтва. Аднак, беларускія ўніверсітэты дагэтуль не навучыліся падрыхтоўваць сваіх выпускнікоў да рынкавых умоваў працы.
Студэнты, якія плацяць за сваю адукацыю задумваюцца пра працоўную будучыню пераважна толькі на апошнім курсе. Адначасова тыя, хто вучацца на “бюджэце”, дабраахвотна-прымусова адпрацоўваюць дзяржаўныя сродкі. Сістэма размеркавання была створана ў Савецкім Саюзе, дзе кіраўніцтва краіны лічыла, што дакладна ведае колькі спецыялістаў той ці іншай прафесіі неабходна падрыхтаваць. Свежыя “спецыялісты” размяркоўваліся, як і любы іншы рэсурс.
Сёння, калі эканамічныя стасункі ў Беларусі змяніліся, сістэма размеркавання не адказвае патрабаванням сучаснага рынку і сталася перажыткам савецкага мінулага.
Малюнак: generation.by
Практыка vs інтэрнатура
Для пачатку неабходна рэфармаваць сістэму практык. Яна, як і іншыя элементы беларускай адукацыі, мае мала сэнсу. У большасці выпадкаў практыка з’яўляецца фармальнасцю, якую выконваюць, каб атрымаць паперку.
Ва ўніверсітэтах заходняга свету практыка не з’яўляецца абавязковым элементам. Студэнты могуць выбраць замест гэтага летнія курсы, моўныя заняткі, навуковыя даследаванні і г.д. Але большасць разумее, што наяўнасць практычнага досведу ў шмат разоў павышае канкурэнтаздольнасць на ўжо перанасычаным рынку працы.
Дзякуючы разуменню адсутнасці нейкай магічнай інстанцыі, якая знойдзе працу, квэст пачынаецца дастаткова рана. У кожным універсітэце ёсць офіс ці агенцыя, супрацоўнікі якой дапамагаюць студэнтам у працаўладкаванні. Яны ладзяць курсы па напісанню рэзюмэ, воркшопы, як паводзіць сабе на інтэрв’ю і даюць парады, з чаго пачынаць будаваць кар’еру.
Гэты офіс арганізоўвае сваесаблівыя кірмашы з прадстаўнікамі самых прэстыжных кампаній, якія прэзентуюць свае прадпрыемствы. Карпарацыі зацікаўлены ў працаўладкаванні лепшых студэнтаў амаль настолькі, наколькі выпускнікі зацікаўлены ў тым, каб знайсці добрую працу.
Такія кірмашы адбываюцца амаль кожныя два тыдні ўвосень і увесну, і накіраваныя як на летнія, так і на сталыя працы. Яны дастаткова шматпрофільныя, але могуць мець і спецыялізацыю – бізнэс, эканоміка, сацыяльны сэрвіс, індустрыя шоў-бізнэсу ці інжынерыя.
Некаторыя каманіі праводзяць інтэрв’ю і семінары, каб падрыхтаваць кадры, неабходныя менавіта ім. І пры гэтым няма абмежаванняў накірунку навучання, бо такія канторы, як Голдман Сакс ці МакКінзі, набіраюць на пасады інвестыцыйных банкіраў і фінансістаў столькі ж выпускнікоў факультэта філасофіі, колькі і эканомікі.
Прадстаўнікі кампаній шукаюць альтэрнатыўныя шляхі мыслення, а не ідэальных робатаў. Таму шмат сусветна вядомых фірмаў вельмі зацікаўленыя ў выпускніках. Праз супрацоўніцтва з універсітэтамі, карпарацыі знаходзяць свежыя ідэі і новыя шляхі вырашэння праблемаў. У Злучаных Штатах студэнты працуюць у вельмі прэстыжных канторах звычайна дзеля досведу, амаль не атрымоўваючы грошаў. Часам універсітэт, а не працадаўца, кампенсуе пэўную суму грошаў.
Новы падыход да падрыхтоўкі кадраў
Дыплом “спецыяліста” аўтаматычна нікога не робіць канкурэнтаздольным на біржы працы, дзе пануюць рынкавыя стасункі. Таму замест размеркавання ў раённыя школы, універсітэты павінны задумацца пра наладжванне стасункаў з паспяховымі беларускімі кампаніямі. Гэта можа быць любая ўстанова, дзе студэнты здолеюць атрымаць рэальны досвед працы ў кампаніі, а працадаўцы абяруць тых прэтэндэнтаў, якія ім цікавыя і якія могуць прапанаваць нешта новае.
Гэта можа быць EPАМ, Аліварыя, World of Tanks, Парк высокіх тэхналогій, Беларуская калійная кампанія, Амкадор, прадпрыемствы цяжкай прамысловасці, PR агенцыі, БелаПАН, рэдакцыі папулярных часопісаў і медыя-пратформаў. Схемы працы студэнтаў дзеля атрымання працоўнага досведу павінны быць уведзены на вялікіх прадпрыемствах, але не ў тым выглядзе, у якім гэта існуе зараз.
Кампаніі павінны выбіраць лепшых, зацікаўленых у тым, каб працаваць, а не “адпрацоўваць”. Болей за тое, стасункі маюць быць наладжаны праз універсітэт, але павінны адпавядаць умовам канкурэнцыі на рынку. Такі досвед павінен быць не абавязковым, а конкурсным – за які варта пазмагацца. Таксама варта задумацца пра стварэнне каманды спецыялістаў, якія гатовыя дапамагчы студэнтам на шляху прафесійнага станаўлення.
Такі падыход павялічыць попыт на якасных спецыялістаў, якія могуць прапанаваць новыя ідэі. Гэта дапаможа не толькі студэнтам, але і прадпрыемствам на шляху развіцця ва ўмовах рынкавай эканомікі.
Любая альма–матэр ганарыцца сваімі выпускнікамі, таму што з поспехам выпусніка павышаецца і рэйтынг універсітэту, што важна на сусветным рынку. Таму ўніверсітэты зацікаўленыя ў тым, каб іх выпускнікі былі паспяховыя. Вельмі часта студэнтам раяць звярнуцца па дапамогу да выпускнікоў гэтага ўніверсітэту ў дадзенай індустрыі, такім чынам падтрымоўваючы стасункі пакаленняў і пачуццё ўзаемадапамогі. Пра такую палітыку варта задумацца і беларускім універсітэтам.
Студэнты нават самых лепшых універсітэтаў свету пачынаюць шукаць працу задоўга да апошняга курсу. У кастрычніку скончваецца набор на працу ў інвестыцыйных камапаніях на наступны кастрычнік. Такая сістэма прымушае варушыцца, і варушыцца вельмі хутка, а не ляжаць на канапе, папіваючы піва.
Тое, што ты зрабіў ці паляніўся зрабіць сёння можа вызначыць тваю будучыню. Таму беларускім выпускнікам і ўніверсітэтам варта пераасэнсваваць свае стасункі з рынкам працы і адаптавацца да сучаснага свету, дзе выжывае мацнейшы.