• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Тры няправільныя пытанні пра эканамічныя рэформы

    Чаму ніякія рэформы немагчымыя, пакуль мы не пачнем задаваць правільныя пытанні.

    Разам са знікненнем “беларускага эканамічнага цуду” інтэнсіўнасць абмеркавання тэмы рэформаў вырасла шматкроць. Пры гэтым  ледзь не кожны тыдзень Лукашэнка на нарадах з чыноўнікамі вымушаны казаць, што ніякія “рэформы” нам не патрэбныя і дыскусіі трэба прыпыняць.

    Хоць тэма і аказалася жывучай, часцяком у гэтых дыскусіях сэнс рэформаў губляецца або крытычна скажаецца. Мы падаем самыя распаўсюджаныя, на нашую думку, няправільныя пытанні пра рэформы.

    Якія галіны эканомікі варта развіваць?

    Такі падыход пакідае нас у старых межах дырэктыўнай эканомікі.  Гэткімі метадамі мы ўжо спрабавалі пабудаваць “новую эканоміку”, напрыклад праз мадэрнізацыю дрэваапрацоўкі. Цяпер улады будуць спрабаваць зменшыць сабекошт вытворчасці на 25 %. Ці атрымаецца гэта ва ўладаў і ці можа гэта павысіць інтарэс да нашай прадукцыі – вядома, не.

    Дырэктыўнае планаванне больш не пакажа нам шлях да развіцця.

    Правільны падыход – ствараць умовы для ўзнікнення новага, у тым ліку буйнога, бізнесу. Прадпрымальнікі самі знойдуць нішы, дзе айчынная прадукцыя будзе здольная канкураваць з замежнымі гульцамі. Нават сёння ў тых сферах, на якія дзяржава не звяртае ўвагу, існуюць бізнес-праекты, што займаюць буйныя долі на сусветным рынку. З дэрэгуляваннем эканомікі колькасць такіх прадпрыемстваў толькі вырасце.

    Якія прадпрыемствы мы можам прыватызаваць і колькі атрымаем за гэта грошай?

    Часы, калі мы маглі прыватызаваць нашыя прадпрыемствы за мільярды долараў, ужо прайшлі. Відавочна, што мары пра $ 2,5 млрд за МАЗ ніколі не здзейсняцца, а само прадпрыемства функцыянуе толькі дзякуючы рэгулярным датацыям. Адзіным па-сапраўднаму буйным актывам, які можа быць цікавы замежным інвестарам, застаўся “Беларуськалій”, але на яго прыватызацыю ўлады пойдуць у апошнюю чаргу. Калі мы не можам атрымаць грошай з нашых дзяржаўных прадпрыемстваў, то, мабыць, праводзіць прыватызацыю не трэба?

    У сённяшняй сітуацыі бюджэт краіны ўсё роўна не здолее падтрымліваць існую вялікую колькасць “прадпрыемстваў-зомбі”.

    Але варта разумець, што ў сённяшніх умовах прыватызацыя – гэта не крыніца дадатковых сродкаў у бюджэт. Правядзенне прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў патрэбна для змены ўласніка. Прыватны бізнес больш эфектыўна будзе распараджацца маёмасцю і сам вызначыць, наколькі жыццяздольныя прадпрыемствы. Такія ж мэты ставіў Март Лаар падчас прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці Эстоніі і Вацлаў Клаўс у Чэхіі. Відавочна, што вялікая колькасць дзяржпрадпрыемстваў кардынальна зменіцца, частка цалкам знікне. Але ў сённяшняй сітуацыі, так ці інакш, бюджэт краіны ўсё роўна не здолее падтрымліваць існую вялікую колькасць “прадпрыемстваў-зомбі”.

    Колькі Беларусі патрэбна грошай, каб пражыць год?

    Апошнія дзесяцігоддзі рост айчыннага ВУП збольшага забяспечвалі інвестыцыі ў асноўны капітал. Чым больш мы інвеставалі (у тым ліку за кошт крэдытаў) грошай – тым больш рос ВУП. Аднак з кожным годам аддача ў выглядзе росту ВУП з кожнага інвеставанага долара падала. Таму спыненне тэмпаў росту эканомікі Беларусі было запраграмавана задоўга да падзення коштаў на нафту і скарачэння расійскага рынку.

    Старая мадэль росту айчыннай эканомікі памерла.

    Старая мадэль росту айчыннай эканомікі памерла. Таму пошук пэўнай сумы грошай, каб ператрываць чарговы год – гэта спроба замарозіць сітуацыю і толькі абвастрыць назапашаныя праблемы. Сёння мы павінны шукаць новую мадэль росту, а не спрабаваць адкласці вырашэнне сістэмных праблем, што прывядзе толькі да пагаршэння сітуацыі.

    Відавочна, што гэта не ўсе “няправільныя” пытанні адносна разумення рэформаў. Гэтак жа дзяржава часта кажа, што пастаянна праводзіць рэформы (напрыклад сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі). Але і тут важна адрозніваць спробы бюджэту зменшыць выдаткі (якія ён больш не здольны цягнуць) і спробы сапраўднага аздараўлення эканомікі. Пакуль, на жаль, улады ўсё часцей вырашаюць дробныя тактычныя праблемы замест таго, каб па-сапраўднаму заняцца рэфармаваннем краіны.

     

    ПаказацьСхаваць каментары