• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму Беларусі не патрэбны прэзідэнт

    У Беларусі прэзідэнцкая ўлада ўмацоўваецца больш за 20 гадоў. Каб зрабіць эканоміку такой жа моцнай, свабодна абраць новага лідара будзе недастаткова, трэба ў цэлым пазбавіцца ад сённяшняй формы кіравання.

    Каб заняць прэзідэнцкі пост у ліпені 1994-га, Лукашэнка абяцаў «адвесці краіну ад прорвы». Але за 23 гады нязменнага праўлення беларуская эканоміка так і не здолела адысці ад бездані беднасці настолькі далёка, каб яна перастала хваляваць беларусаў. Кароткачасовы пад’ём 2000-ых, аднак, дазволіў стварыць сістэму аднаасобнай улады.  

    На жаль, такія сістэмы, як сённяшняя беларуская, часта аказваюцца даволі «жывучымі». Хутчэй за ўсё, гэта ўласцівасць і прывабіла малдаўскага калегу Лукашэнкі, Юрыя Дадона, які нядаўна наведаў Беларусь і вырашыў скапіяваць сістэму яе прэзідэнцкай улады для адраджэння Малдовы. Вядома, адносна настолькі беднай краіны нават беларускія эканамічныя «поспехі» выглядаюць значнымі.

    Аднак прэзідэнцкая ўлада «па-беларуску» – гэта перш за ўсё рэцэпт падаўлення нязгодных, а не эканамічнага развіцця. Дэмакратыю разам з эканамічным ростам у постсавецкіх умовах значна лепш забяспечыць парламенцкая форма праўлення.

    Парламентарызм запрацуе адразу і надоўга

    Цягам ХІХ-ХХ стагоддзяў і прэзідэнцкія, і парламенцкія дэмакратыі паляпшалі свой дабрабыт прыкладна аднолькавымі тэмпамі. Праўда, апошнія лепей «назапашваюць» эканамічныя поспехі: праз 50 гадоў пры ўсіх роўных умовах парламенцкія дэмакратыі могуць аказацца на 30 % багацейшымі за прэзідэнцкія, а іх інвестыцыйная прывабнасць можа быць на 6 % вышэй.

    Аднак у Беларусі парламенцкая рэспубліка можа стаць выгаднай ужо адразу пасля пераходу да дэмакратыі. У правільна наладжаным парламентарызме прэм’ер-міністр не можа сканцэнтраваць уладу ў сваіх руках і мусіць абмяркоўваць рашэнні з партнёрамі па кіроўнай кааліцыі і апазіцыяй. Такія стрымлівальныя ўмовы прыцягваюць доўгатэрміновыя інвестыцыі і забяспечваюць устойлівую палітыку ў двух накірунках.

    Па-першае, гульцы не баяцца страціць усё.

    У часе трансфармацыі, якая калі-небудзь адбудзецца ў Беларусі, з’явяцца алігархічныя групоўкі (лагодней кажучы, групы ўплыву). У прэзідэнцкіх краінах яны могуць зрабіць стаўку на цэнтралізацыю ўлады: гэта абароніць іх эканамічныя інтарэсы, нават незаконныя, але можа таксама вярнуць аўтарытарныя парадкі. Часам, як паказвае прыклад сённяшняй Расіі, яны прымаюць выродлівую ідэалагічную форму.

    Калі ж прэзідэнту і яго саюзнікам-алігархам не ўдаецца ўмацавацца, то іх праціўнікі пасля кожных выбараў могуць праводзіць балючыя перадзелы ўлады і ўласнасці, што ніколі не спрыяе ўстойліваму росту. Украінская гісторыя апошняга дзесяцігоддзя з яе дэмакратычнымі па выглядзе, але алігархічнымі па сутнасці рэвалюцыямі даволі драматычна ілюструе такія наступствы адносна слабой прэзідэнцкай улады.

    У парламенцкай жа рэспубліцы эканамічныя групоўкі могуць не баяцца таго, што іх палітычныя прадстаўнікі хутка страцяць месца ва ўрадзе.

    Нават не абавязкова перамагаць на выбарах.  

    Бо падтрымка чвэрці ці траціны грамадзян ужо дае магчымасць абмяркоўваць рашэнні прэм’ер-міністра і карэктаваць іх. Іншымі словамі, у эканамічных груповак надоўга застаюцца спосабы ўплываць на палітыку, а значыць, бараніць свае прадпрыемствы і кампаніі.

    У такіх умовах частыя змены законаў і эканамічныя разборкі становяцца менш верагоднымі. З часам гульцы могуць канчаткова прыняць такія прадказальныя і дэмакратычныя правілы: гэта павінна зменшыць карупцыю і спыніць вываз капіталу за мяжу, бо дадзеныя з’явы спараджае ў тым ліку страх страціць усё, калі прыйдзе новы прэзідэнт і яго каманда.

    Па-другое, лідары трымаюць слова і адказнасць.

    Прадчуваючы паразу, прэзідэнты ў недасканалых маладых дэмакратыях могуць адмовіцца праводзіць рэформы, а замест гэтага – пачаць рабаваць казну для «годнай пенсіі» і спешна прымаць законы супраць канкурэнтаў, што прыйдуць потым. Прэзідэнты, якія сыходзяць, проста не адчуваюць адказнасці, асабліва тады, калі яны кіруюць без сваёй устойлівай партыі ў парламенце, з якой потым могуць «спытаць» выбарнікі.

    Палітыкам у парламенцкіх рэспубліках прыходзіцца больш складана. Нават калі яны ствараюць новыя партыі пад кожныя выбары, электарату складана забыць няўдачы такіх лідараў, што спрабуюць затрымацца ва ўладзе. Сапраўды, у прэзідэнцкіх дэмакратыях выбарнікам сапраўды лягчэй вызначыць «адказнага», але пры парламентарызме – прасцей кантраляваць лідараў. Дзякуючы такому кантролю яны могуць становіцца менш карумпаванымі і больш паслядоўнымі ў сваіх эканамічных рашэннях.

    Так, і парламенцкія рэспублікі часам робяць развароты ад дэмакратыі і рынкавай эканомікі.

    Так, у сённяшняй Венгрыі прэм’ер-міністр Віктар Орбан ужо стварыў «мяккі» аўтарытарызм, схаваны за дэмакратычным фасадам. «Ацвярдзець» яму перашкаджае толькі супраціў Еўрапейскага Саюза. Дэмакратычны ўплыў ЕС у 1990-ых дапамог і славакам пазбавіцца ад іх першага прэм’ер-міністра Уладзіміра Мечыяра, чыя ўзурпацыя палітычнай і эканамічнай улады магла пайсці паводле беларускага сцэнара.

    І тым не менш, парламентарызм у адрозненне ад прэзідэнцкай формы праўлення лепш падыходзіць для стварэння правілаў, па якіх палітыкі могуць дамаўляцца і прымаць доўгатэрміновыя рашэнні. Нармальная дэмакратычная палітыка і, як вынік, устойлівае эканамічнае развіццё вымагаюць існавання прадказальных умоваў, а не харызматычных лідараў.

    Беларусі патрэбныя інклюзіўныя інстытуты, а не прэзідэнт.

    ПаказацьСхаваць каментары