Дэмакратычная палітыка патрабуе драмы. Выбары з’яўляюцца формай сеансу тэрапіі, падчас якога выбарнікі сутыкаюцца са сваймі найгоршымі страхамі: новая вайна, дэмаграфічны калапс, эканамічны крызіс, экалагічны жах. Але пасля грамадзяне пераконваюцца, што яны маюць уладу, каб перадухіліць катастрофу. “Калі набліжаюцца выбары, – пісаў Алексіс дэ Таквіль падчас сваіх падарожжаў па ЗША ў пачатку ХІХ-га стагоддзя, – інтрыга становіцца сур’ёзнай, агітацыя больш жывой і шырокай. Увесь народ упадае ў ліхаманкавы стан. Як толькі выбары праходзяць, то ўсё становіцца спакойным, і рака, якая толькі што была перапоўненая, вяртаецца мірна ў сваё рэчышча”.
Калі Таквіль мае рацыю, то перад нашымі вачыма Еўрапейскі Саюз ператвараецца ў сапраўдную дэмакратыю.
Традыцыйна сумныя выбары ў Еўрапарламент упершыню становяцца драмай, якая звычайна зарэзервавана для сцэнаў унутры краін. За два месяцы да галасавання большасць еўрапейцаў падзяляе пачуццё, што будзе адбывацца нешта важнае, а тыя, хто не пойдзе галасаваць, трапяць у пекла. Хто ж будзе ў выйгрышы, калі выбары пройдуць?
Пра гэта занадта рана казаць. Пакуль што палітыкам удалося пераканаць большасць людзей, што Еўропа стаіць на краі катастрофы, але яны яшчэ не пераканалі іх, што грамадзяне маюць уладу, каб перадухіліць трагедыю. Гнеў, такі ж самы як у “жоўтых камізэлек”, адчуваецца ў многіх краінах-сябрах ЕС. Але гэтыя еўрапейскія выбары не будуць паўтарэннем рэферэндуму аб Брэксіце па адной простай прычыне: ніводная сур’ёзная папулісцкая партыя (правая або левая) сёння не выступае адкрыта за выхад з ЕС ці зоны еўра. Гэтыя выбары таксама не будуць паўтарэннем другога раўнда французскіх выбараў 2017-га, калі перамог Эмануэль Макрон.
Апытанне грамадскай думкі, якое неўзабаве будзе апублікавана Еўрапейскай радай па міжнародных дачыненнях і YouGov, паказвае, што еўрапейцы не падзеленыя на пра-еўрапейцаў і нацыяналістаў.
Даследаванне адлюстроўвае чатыры розныя катэгорыі грамадзян.
Па-першае, “адчайныя”, якія лічаць, што ЕС і нацыянальныя дзяржавы ўжо проста не працуюць. Статыстычныя дадзеныя паказваюць, што гэта самая вялікая група ў многіх дзяржавах-сябрах, але чальцы гэтай групы наўрад ці стануць большасцю тых, хто пойдзе галасаваць.
Далей ідзе група “справы ідуць куды лепш, чым вы думаеце” – выбарнікі, якія глядзяць вакол і схільныя меркаваць, што, нягледзячы на ўсе свае недахопы, як ЕС, так і нацыянальныя дзяржавы, спраўляюцца са сваймі задачамі. Наступная група гэта – “заўзятыя брусельцы”: тыя, хто верыць у ЕС і бачыць праблему ў сваіх нацыянальных урадах (у асноўным гэта людзі з Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы). Нарэшце, уяўляючы сабой нязначную меншасць, ідуць “цвёрдыя нацыяналісты”: тыя, хто лічыць, што ЕС з’яўляецца праблемай, а вырашэннем з’яўляецца нацыянальная дзяржава. Гэтыя чатыры групы вельмі нераўнамерна размеркаваныя сярод краінаў ЕС.
Многія пра-еўрапейцы баяцца, што цяперашняя палярызацыя еўрапейскай палітыкі будзе працаваць на карысць правых папулістаў, і што прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан здолее ператварыць гэтыя выбары ў рэферэндум па пытанні брусельскай няздольнасці справіцца з міграцыяй. Але гэты страх перабольшаны.
Намер Орбана ператварыць выбары ў рэферэндум па пытаннях міграцыі проста не спрацуе па трох прычынах.
Па-першае, у той час як міграцыя застаецца сур’ёзнай праблемай для многіх выбарнікаў, яна не з’яўляецца дамінуючай праблемай у большасці краін. У 2015-ым годзе антыміграцыйная рыторыка Орбана спрацавала, таму што людзі, якія ніколі не бачылі ўцекачоў у сваім жыцці, штодня глядзелі тэлерэпартажы пра тысячы людзей, якія перакрочваюць мяжу ЕС. Гэта больш не так.
Колькасць нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў ЕС за мінулы год, роўная сярэдняй колькасці турыстаў, якія наведваюць Афіны за адзін дзень у жніўні. Нават у Цэнтральнай Еўропе тэма міграцыі страціла сваю ключавую ролю. Даследаванне паказвае, што палякі, венгры і румыны значна больш занепакоеныя карупцыяй ва ўрадзе, чымся гіпатэтычным наплывам замежнікаў. Болей за тое, тыя, хто хвалюецца аб карупцыі ў Польшчы, Чэхіі і Славакіі, больш схільныя ісці галасаваць, чым тыя, хто пераймаецца міграцыяй.
Насуперак шырока распаўсюджанаму меркаванню такія краіны, як Славакія, Польшча і Румынія, могуць прынесці добрыя навіны для пра-еўрапейцаў у гэтых выбарах. Вынікі даследавання паказваюць, што Орбан мае слабейшае ўяўленне пра тое, якія праблемы сапраўды важныя для цэнтральных еўрапейцаў, чым прэзідэнт Еўрапейскай рады Дональд Туск – перакананы крытык нацыяналістычнага ўрада Польшчы.
Другая прычына, чаму 2019-ты год не будзе паўторам 2015-га, у тым, што ў сучаснай Еўропе няма буйных палітычных партый, якія б прасоўвалі палітыку адкрытых межаў. “Мяжа – гэта свабода ў бяспецы”, – напісаў нядаўна Макрон у сваім лісце еўрапейцам, заклікаючы да стварэння Еўрапейскай рады па пытаннях унутранай бяспекі, якая будзе адказваць за “суровыя меры памежнага кантролю”. Такім чынам, новым кансэнсусам сярод прагрэсівістаў у Еўропе з’яўляецца тое, што добра абароненая мяжа – гэта “вакцына супраць эпідэміі будаўніцтва сцен”, калі сказаць словамі французскага мысляра Рэжы Дэбрэ.
Па-трэцяе, тэма міграцыі, як асноўная ў кампаніі Орбана, зазнае няўдачу з-за таго, што насамрэч антыміграцыйная трывога ў Цэнтральнай Еўропе і некаторых частках Паўднёвай Еўропы мае менш агульнага з імігрантамі, чым з эмігрантамі.
У камуністычнай Усходняй Германіі быў папулярны жарт, каб той, хто будзе апошнім з’язджаць на Захад, не забыў выключыць святло.
Цяпер гэты жарт вярнуўся. Праблема Цэнтральнай Еўропы сёння не моцна адрозніваецца ад той, з якой сутыкнулася Усходняя Германія ў 1961-ым годзе, калі яе ўрад будаваў сцяну. Паводле розных ацэнак, 3,4 млн румынаў пераехалі ў Заходнюю Еўропы на працягу васьмі гадоў пасля таго, як краіна ўступіла ў ЕС у 2007-ым. І колькасць венграў, якія эмігравалі пасля прыходу Орбана, – большая, чым колькасць тых, хто пакінуў Венгрыю пасля таго, як савецкія войскі разграмілі паўстанне ў 1956-ым.
Тое, што правыя папулісты кіруюць у Цэнтральнай Еўропе, толькі ўзмацніла жаданне людзей эміграваць.
У Цэнтральнай Еўропе грамадствы, якія імкліва старэюць, баяцца, што могуць пабачыць дзень, калі апошні малады лекар і медсястра запакуюць свае валізкі і з’едуць. Дэмаграфічны спад з’яўляецца сапраўднай трагедыяй Цэнтральнай Еўропы.
Такім чынам, самы вялікі выклік ва ўсходне-заходніх адносінах унутры ЕС заключаецца ў наступным: як перадухіліць аднабаковую мабільнасць у Еўропе з усходу на захад, і як кампенсаваць цэнтральнаеўрапейскім грамадствам інвестыцыі ў адукацыю сваіх грамадзян, якія затым пераязджаюць у Германію ці Францыю? Тым не менш, гэта не тыя праблемы, пра якія кажуць правыя папулісты.