падтрымаць нас

Палітыка

Чаму ў палякаў атрымалася, а ў нас не вельмі

Чаму ў палякаў атрымалася, а ў нас не вельмі
Польшча перажывае свой залаты век, а яе дабрабыт вабіць шматлікіх беларусаў. Зусім нядаўна было наадварот.

У гэтым годзе Польшча адзначыла тры юбілеі: 25 гадоў з часу першых вольных выбараў, 15 гадоў сяброўства ў НАТА і 10 гадоў з моманту далучэння да Еўрапейскага Звязу. У тым ліку дзякуючы гэтым зменам нашая суседка сталася дэмакратычнаю, бяспечнаю і заможнаю краінаю. Калі ў траўні сярэдні заробак у Беларусі складаў $590, то ў заходняй суседкі $1 286. ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасці ў Беларусі складае $15 753, а ў Польшчы $21 214. Найлепш адрыў паміж краінамі пацвярджае колькасць беларусаў, якія эмігруюць у Польшчу. Але 25 гадоў таму ўсё выглядала інакш.

Усе 1980-ыя былі для Польшчы гадамі застою, тады як Беларусь імкліва развівалася. Пад канец 1980-ых паводле вытворчасці на душу насельніцтва Беларусі апераджала Польшчу. Калі ў 1989 годзе камуністы саступалі сваю ўладу дэмакратам з “Салідарнасці”, эканоміка краіны выглядала жудасна. Польшча была амаль банкрутам, з вялікім дэфіцытам бюджэту і гандлёвага балансу. Інфляцыя складала 351 % і мала хто верыў у добрае развіццё падзеяў.

Тагачасны ўрад пад кіраўніцтвам Тадэвуша Мазавецкага адважыўся на правядзенне балючых эканамічных рэформаў. Гэтыя змены пазней атрымалі назву “рэформы Бальцэровіча” ад прозвішча тагачаснага міністра фінансаў Лешэка Бальцэровіча (чытайце неўзабаве інтэрв’ю Лешэка Бальцэровіча для нашага часопісу ‑ рэд.).

Дзяржава скараціла бюджэтныя выдаткі, зліквідавала датацыі на большасць тавараў і паслуг і адпусціла цэны, дазволіла ўнутраную і вонкавую канкурэнцыю. Заробкі і працэнтныя стаўкі перасталі падлягаць кантролю з боку дзяржавы, паўстала адзіная і простая падатковая сістэма.

Ліквідацыя стратных прадпрыемстваў выклікала рост беспрацоўя і крытыку адносна праведзеных рэформаў з боку звычайных людзей, а пазней і шматлікіх эканамістаў. Праз год-два, аднак, стан эканомікі пачаў паляпшацца. Прыватызацыя маёмасці і палітычная пераарыентацыя гэтаму паспрыялі.

Выбар Беларусі: рэформы ці захаванне мінулай сістэмы?

Эканамічная сітуацыя ў Беларусі была нашмат лепшаю ў параўнанні з іншымі краінамі Савецкага Саюзу. Нашая эканоміка хутка расла перад пачаткам трансфармацыі. У 1981-1990 гадах Беларусь развівалася на 2,3 % хутчэй, чым СССР. Акрамя таго сітуацыя ў Беларусі характарызавалася адноснаю эканамічнаю стабільнасцю напярэдадні палітычных зменаў на савецкай прасторы.

Аднак, калі ў Польшчы ў 1989 годзе адбыліся палітычныя змены, то ў 1990 годзе ў Беларусі да ўлады прыйшоў Кебіч – нашчадак камуністычнага рэжыму. Пры ўладзе ў Беларусі засталася тая самая наменклатура, а ў Вярхоўным Савеце XII склікання 1990-1995 гг. панавала камуністычная большасць. Беларусь выйшла з сацыялістычнага блоку, але засталася “саўковаю” дзяржаваю.

У Беларусі апошняга дзесяцігоддзя існавання СССР не хапала асновы грамадзянскай супольнасці, а актыўнасці нешматлікіх палітыкаў і дысідэнтаў не хапіла на змены ў грамадстве. Нягледзячы на тое, што з эканамічнага пункту гледжання Беларусь знаходзілася ў параўнанні з Польшчаю ў лепшым стане, за першыя некалькі гадоў мы змарнавалі свой шанец.

Паўплывала на гэта і адсутнасць эканамічных інстытутаў. Калі ў Польшчы, напрыклад, такая інстытуцыя як Цэнтральны Банк існавала ўжо напачатку XX ст., то ў Беларусі Цэнтральны банк з’явіўся толькі ў 1990 годзе. Паняцце рэспубліканскага бюджэту і нацыянальнай валюты ‑ ў 1990 і 1992 адпаведна. Нацыянальная валюта ў 1992 годзе была альтэрнатывай савецкаму рублю, а ў якасці адзінага сродку плацяжу беларускі рубель быў уведзены толькі ў 1994 годзе.

Адсутнасць рэформаў і ў палітычным, і ў эканамічным жыцці прывяло да таго, што ў 1994 годзе інфляцыя ў Беларусі дасягнула 2221 %, а эканоміка працягвала моцна скарачацца.

Польскія выклікі

Дзякуючы таму, што ў 1990 годзе Польшча адкрыла свой рынак, шматлікія заходнія кампаніі пачалі пераносіць туды свой бізнес. Цяпер Польшча з’яўляецца адной з буйнейшых outsourcing-пляцовак для заходніх кампаніяў.

Вялікая колькасць фінансавых датацыяў з боку Еўрапейскага Звязу дапамагла Польшчы ў 2004 годзе не толькі падтрымаць рост сваёй эканомікі, але і палепшыць вынікі. Польшча ‑ адна з нешматлікіх дзяржаваў, якой удалося пазбегчы рэцэсіі падчас крызісу 2008 года.

1 (1)

Нягледзячы на дапамогу з боку Еўрапейскага Звязу, накіраваную перадусім на развіццё польскай інфраструктуры, чалавечага капіталу, аграрнага і трэцяга сектараў, існуе пагроза для развіцця Польшчы. Адкрыўшы сваю мяжу Польшча страціла амаль два мільёны людзей, сярод якіх значная частка ‑ гэта маладыя людзі, што паехалі шукаць шчасця далей на захад. Частка з іх падчас сусветнага фінансавага крызісу вярнулася дадому. Цяпер жа назіраецца новая хваля моладзевай эміграцыі. Дэмаграфічная сітуацыя выглядае не вельмі аптымістычна, што адлюстроўвае слабую сацыяльную палітыку ўрадупавялічваецца пенсійны ўзрост.

Сёння Польшча стварае новыя працоўныя месцы, дазваляючы замежным кампаніям адчыняць свае кол-цэнтры і цэнтры тэхнічнай падтрымання. Але, канцэнтруючыся на дасягненні толькі кароткатэрміновых мэтаў, застаецца небяспека пераўтварыцца ў “другую Індыю”.

Кошт адсутнасці рэформаў

У адрозненне ад Польшчы, Беларусь спрабавала ўстрымацца ад рэформаў: амаль 25 гадоў незалежнасці прайшлі з ідэяй будаўніцтва “беларускай унікальнай мадэлі”. Паводле рапартаў Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця (Transition Reports) доля прыватнага сектару ў Беларусі з 1989 году павялічыўся з 10% да 30%, у той момант, калі ў Польшчы да 75%.

Адкладаючы рэформы, якія трэба было правесці яшчэ на пачатку 90-ых, улады павялічваюць нашыя страты і ў эканоміцы, і ў іншых сферах жыцця. Беларусь, якая калісьці была адною з найбольш развітых у сацыялістычным блоку, на фоне паспяховай суседкі ўсё больш дэградуе.