У пачатку гэтага году самы буйны інтэрнэт-сайт арэнды кватэраў Airbnb прыцягнуў $ 500 млн ад інвестыцыйных фондаў. Такім чынам агульны кошт кампаніі склаў $ 10 млрд, дзякуючы чаму яна, разам з воблачным гігантам Dropbox і новым кітайскім вытворцам смартфонаў Xiaomi, узначаліла спіс самых дарагіх старт-апаў свету.
Гэта больш, чым капіталізацыя такіх рэальных гатэльных сетак, як Wyndham Worldwide ды Hyatt Hotels. Кошт кампаніі не мусіць здзіўляць: сэрвіс прапаноўвае арэнду жытла ў больш за 34 000 гарадоў 192 краінаў свету. Стваральнік карпарацыі ў самым пачатку паабяцаў абагнаць Hilton і сёння як ніколі блізка да сваёй мэты.
Сайт працуе па схеме «чалавек‑чалавек», калі наймальнік наўпрост звязваецца і дамаўляецца з арэндадаўцам, а Airbnb бярэ з гэтага невялікую камісію. Прычым старт-ап не ўяўляе сабою звычайную платформу для абвестак. Ён актыўна ўмешваецца ў працэс пачынаючы з эфектыўнай сістэмы рэйтынгаў і сканчаючы бясплатным фатографам для сайта. Таксама ён гарантуе пакрыццё выдаткаў арэндадаўцаў у выпадку пашкоджанняў. Усе гэтыя намаганні толькі дзеля аднаго ‑ каб людзі пачалі больш давяраць адзін аднаму і не баяліся карыстацца платформаю.
Пры гэтым сайт ужо мае стабільны прыбытак (каля $ 250 млн штогод), які вельмі хвалюе класічныя гатэльныя сеткі. Яны па традыцыі маюць падтрымку мясцовых уладаў, а таму Airbnb пры выхадзе на новы рынак сутыкаецца з мясцовымі рэгулятарамі і цяпер судзіцца ў Нью-Ёрку, Парыжы ды Берліне. З падобнымі праблемы сутыкаюцца амаль усе інавацыйныя старт-апы, як тыя ж Uber, Tesla ці Square. Але чаму былыя лідары здольныя супрацьстаяць толькі такімі метадамі?
Сёння надыходзіць канец 25-гадовай эры эфектыўнасці, якая цягнулася з канца 80-ых. Кампаніі гэтай фармацыі скіраваныя на павышэнне эфектыўнасці, думаюць пра тое, як паменшыць выдаткі. Яны не здольныя адмовіцца ад некалі паспяховага прадукту і працягваюць яго паляпшаць, нават калі ён робіцца нецікавы рынку.
Такі бізнес мяняецца вельмі неахвотна і, што самае галоўнае, не можа змяніць форму манетызацыі. Валодаючы вялізнымі чалавечымі і грашовымі рэсурсамі гэтыя мастадонты моўчкі глядзяць як іх з’ядаюць маладыя інаватары. Гэта яскрава бачна ў сферы камунікацыі, дзе гарадскія тэлефонныя сеткі былі разбітыя мабільнымі аператарамі, якія ў сваю чаргу, цяпер па ўсіх пазіцыях прайграюць Voip-тэлефаніі і мэсэнджарам: Skype, Viber і іншым.
З-за такой інэрцыйнасці эвалюцыя тэхналогіяў вядзе да рэвалюцыі гульцоў на рынку. Пранікненне інтэрнэту дзякуючы тым жа смартфонам адкрыла схаваныя эканамічныя магчымасці агромністай колькасці людзей. У выніку гэтае дзесяцігоддзе з’яўляецца часам долевай эканомікі, якая цалкам пераасэнсоўвае паняцце ўласнай маёмасці. Мы адпачываем у кватэрах іншых людзей, арандуем чыесьці машыны, інструменты, кнігі.
Кампаніі старой фармацыі прызвычаіліся адказваць на канкрэтныя маленькія пытанні, што значна звужае іх бачанне будучыні. Але каб быць інавацыйным трэба адказваць на больш шырокія выклікі. Тэхналагічныя лідары заўсёды пераасэнсоўваюць мэту і місію свайго існавання, імкнуцца рабіць жыццё сваіх кліентаў больш зручным і прыемным.
Беларускай эканоміцы крытычна не стае такой гнуткасці. Прадпрыемствы працягваюць вырашаць дробныя пытанні, не заўважаючы, што старыя шляхі павышэння эфектыўнасці больш не працуюць. Кіраўніцтва прамысловых гігантаў, як МАЗ, не можа адмовіцца ад выпуску старых прадуктаў, што былі паспяховымі яшчэ пры СССР, але мадэрнізацыя якіх не прынесла пажаданага выніку. Для паспяховага існавання трэба зразумець, што адказ на пытанне «Якім бізнесам займаецца кампанія?» увесь час змяняецца. Значна больш істотным ёсць тое, каго вы абслугоўваеце і якая ваша місія.