• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму Сібір не хоча карміць Маскву

    17 жніўня паліцыя разагнала акцыі за федэралізацыю Расеі. Пратэстоўцы патрабавалі вярнуць Сібіры сапраўдны статус суб’екта ў складзе Расейскай Федэрацыі. 

    Патрабаванні дэманстрантаў, якія выйшлі ў нядзелю на вуліцы Новасібірска, Екацярынбурга і Омска выглядаюць справядлівымі. Яны прагнуць аўтаномнай Сібірскай Рэспублікі з дазволам увесці ільготы і дадатковыя прэміі для асобаў, якія жывуць у складаных кліматычных умовах. Што істотна, сібіракі дамагаюцца змены падатковай сістэмы, каб прыбыткі ад здабычы карысных выкапняў размяркоўваліся справядліва паміж рэгіянальным і федэральным бюджэтам. Усё гэта адпавядае канстытуцыі Расейскай Федэрацыі, але не палітыцы Пуціна.

    Цэнтралізацыя Пуціна

    Калі Пуцін прыйшоў да ўлады ў 2000-ым годзе, ледзьве не першае, што ён зрабіў, гэта адбудаваў “вертыкаль улады”: Масква ізноў сталася цэнтрам, у якім канцэнтравалася ўся ўлада і рэсурсы. Распачаўся працэс аб’яднання рэгіянальнага і федэратыўнага заканадаўства. Расея была падзеленая на сем акругаў, на чале якіх сталі прадстаўнікі прэзідэнта. Нягледзячы на тое, што аніякіх канстытуцыйных правоў гэтыя прадстаўнікі не маюць, іх уплыў на палітыку кожнай акругі і ўвогуле палітычную сітуацыю ў краіне нельга недаацэньваць. Тым болей, што біяграфіі большасці з іх звязаныя з родным для Пуціна і Мядзведзева Санкт-Пецярбургам.

    Крокам да абсалютнага падпарадкавання рэгіёнаў сталася права прэзідэнта прызначаць губернатараў і старшыняў сілавых структураў рэгіёну. У 2005 годзе была ўведзеная і новая падатковая сістэма, паводле якой прыбыткі ад найбольшых падаткаў (падатак на дададзеную вартасць, акцызны падатак, падаходны падатак, падатак на прыбытак, падатак на здабычу карысных выкапняў) накіроўваюцца ў цэнтр. Цяпер у рэгіянальным бюджэце застаецца толькі 30% даходаў ад падаткаў. Замест гэтага Масква дасылае грашовыя трансферы з федэральнага бюджэту, што, аднак, не кампенсуе страты ад рэформы.

    Служкі Крамля, а не рэгіёну

    Без эканамічных і палітычных рычагоў рэгіянальная выканаўчая ўлада страціла эфектыўнасць. Дзейнасць большасці крамлёўскіх стаўленікаў у рэгіёнах нацэленая не на развіццё акругі, а перадусім на здабыццё лаяльнасці Крамля. Палітыка гэтая спрыяе утварэнню пасіўных рэгіёнаў-рэцыпіентаў? Замест таго, каб ствараць умовы развіцця на месцы, інвеставаць у новыя праекты, прывабліваць новыя інвестыцыі, гэтыя рэгіёны абіраюць прасцейшы шлях датацыяў з цэнтру. Агульная палітыка цэнтралізацыі, рэформа бюджэту, абмежаванне аўтаноміі рэгіёнаў уплываюць на змяншэнне колькасці рэгіёнаў-донараў, якіх яшчэ ў 1990-х было каля 33-35, а цягам 2007-2013 стала ўсяго 10.

    У першай палове 2013 году доля сібірскай федэральнай акругі ў датацыях з цэнтральнага бюджэту склала 11%, у той час, калі бюджэты Алтаю, Камчаткі, Дагестана, Інгушэціі, Тывы, Карачаева-Чаркескай і Чэчэнскай Рэспублікі фармуюцца больш чым на 60% з трансфераў з Масквы. Такім чынам Сібір, адзін з найбольш багатых рэгіёнаў, аддаючы больш за палову сваіх прыбыткаў у цэнтр, змушаная карміць не толькі Маскву.

    У выпадку Сібіры справу пагаршае тое, што рэгіён страціў права выдачы ліцэнзіяў на здабычу рэсурсаў і тое, што большая частка карпарацыяў, якія займаюцца здабычай карысных выкапняў рэгіструюцца ў Маскве і там плацяць падаткі.

    Федэрацыя супраць федэралізацыі

    Уяўная федэрацыя, створаная Пуціным, пахіснулася другога жніўня, калі мясцовыя актывісты Сібірскай акругі звярнуліся да яе жыхароў з заклікам падтрымаць “Марш за федэралізацыю Сібіры”. 14 медыяў, сярод якіх “Коммерсант”, “Полит.ру”, Regnum, “Новый регион”, “Росбалт”, Slon.Ru і Грани.ру, атрымалі папярэджанне ад Роскамнагляду за публікацыю інфармацыі пра марш. Зроблена гэта было на патрабаванне Генпракуратуры, якая разгледзела ў маршы заклік да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.

    Чацвертага жніўня мэрыя Новасібірску не дала згоды на правядзенне маршу. У афіцыйнай адмове напісалі, што рашэнне прынятае “з мэтаю забеспячэння непахіснасці канстытуцыйнага ладу, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Расеі”. Праз два дні актывісты скіравалі наступную заяву на правядзенне маршу з фармулёўкай “Марш за непахіснасць канстытуцыйнага ладу, у прыватнасці за захаванне дзяржавай прынцыпу федэралізму, замацаванага ў арт.1 і 5 Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі”.

    Адметна, што Крэмль вядзе супрацьстаянне з уласнымі федэралістамі, адначасова вымагаючы ад Украіны дэцэнтралізацыі ўлады. Было б добра, калі б Расея паказала прыклад пашаны да ўласных рэгіёнаў.

    ПаказацьСхаваць каментары