падтрымаць нас

Палітыка

Чаму расейская прапаганда перамагла Захад

Чаму расейская прапаганда перамагла Захад
Спрабуючы застацца незаангажаванымі заходнія СМІ сталі рэтранслятарамі хлусні. 

Калі ў 1942 годзе Вайсковы інстытут замежных моваў Савецкага Саюзу ўвёў “спецпрагаганду” як навучальны прадмет, тамтэйшыя кіраўнікі пэўна марылі, каб Расея здолела настолькі падпарадкоўваць заходнія эліты, як гэта адбылося цяпер.

Шматлікія заходнія СМІ паўтаралі словы крамлёўскай прапаганды аб “фашыстах з Майдану”, выбары ў найстарэйшых дэмакратыях свету выйгралі хаўруснікі Пуціна, а краіны, як Францыя ці Германія, не могуць адмовіцца ад даволі малых кантрактаў з Крамлём. Адбылося самае важнае, чаго хацеў і дасягнуў Крэмль ‑ Захад раскалоўся. Інфармацыйная палітыка Крамля стаіць у цэнтры гэтых перамогаў.

Любоў еўрапейскіх і амерыканскіх СМІ шукаць праўду дзесьці пасярэдзіне ‑ гэта першае, што збіла Захад з ног. Нават такія аўтарытэтныя медыі, як ВВС, давалі процьму эфірнага часу для расейскіх прапагандыстаў, каб ураўнаважыць галасы ўдзельнікаў пратэстаў у Кіеве. Як вынік, шмат хто на Захадзе пачаў думаць, што праўда сапраўды дзесьці пасярэдзіне: то бок на Майдане сабраліся фашысты, але не зусім. Заходнія палітычныя эліты пазбавіліся адэкватнага разумення сітуацыі ва Украіне, таму не ведалі, што ім трэба рабіць.

Крэмль здолеў скарыстацца, кажучы словамі Леніна, “карыснымі ідыётамі”, паколькі ўжо даўно рыхтаваўся да інфармацыйнай вайны. Падобныя “спецпрапагандзе” прадметы цяпер вывучаюцца не толькі ва ўніверсітэтах вайскоўцаў або спецслужбоўцаў, але і ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце і Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных дачыненняў. Навукоўцы Ігар Панарын і Аляксандр Дугін могуць карыстацца ў заходніх акадэмічных колах рэпутацыяй вар’ятаў, але менавіта яны шмат у чым стварылі тэорыю паспяховай інфармацыйнай вайны.

Гэтыя тэорыі абапіраюцца на стварэнне шматлікіх спрыяльных сетак, чальцы якіх наўрад ці маглі б апынуцца разам, калі б не палітыка Крамля. У палітычнай сферы хаўруснікамі Пуціна сталіся скрайнеправыя Мары лё Пэн і Найджал Фарадж, а значную колькасць заходніх журналістаў Russia Today складаюць скрайнелевыя. Падобны працэс адбыўся і ў самой Расеі, дзе Дугін пад сваймі еўразійскімі ідэямі збірае ўсю палітычную палітру і піша для яе інструкцыі, як змагацца ў інтэрнэце. Гэтыя людзі ствараюць дзясяткі падобных па змесце сайтаў, як http://rossia3.ru.

Ядро расейскай інфармацыйнай вайны ‑ гэта хлусня. Шмат хто на Захадзе не можа паверыць, што журналісты расейскага тэлебачання хлусяць, выдаючы відэаздымкі з Сірыі, Дагестану, Сербіі ці нават Мексікі за ўкраінскі Данбас. Прызвычаены да барацьбы за хуткую і праўдзівую інфармацыю ў сваіх СМІ Захад не ўсведамляе, што задачай таго ж тэлеканала RT (раней Russia Today) з’яўляецца абгрунтаванне палітыкі Крамля, а не пошук праўды. Сепаратысты і расейскія журналісты разам здымаць хлуслівыя рэпартажы, а адзіная пазіцыя расейскіх СМІ збівае з панталыку Захад.

Што важна, Крэмль не шкадуе грошай на інфармацыйную барацьбу. Напрыклад, у 2013 годзе канал RT атрымаў 11,2 млрд. расейскіх рублёў (прыкладна $ 340 млн). Гэтых грошай хапіла, каб стацца другім сусветным тэлебачаннем пасля BBC і прыцягнуць амерыканскіх іконаў журналістыкі, як Лары Кінг.

Інфармацыйнае агенцтва Ruptly, якое падтрымлівае Крэмль, робіць вельмі якасныя матэрыялы і прадае іх па значна ніжэйшых цэнах, чым напрыклад Reuters. Шматлікія СМІ, якія сёння пазбавіліся ранейшых рэкламных прыбыткаў, з ахвотай набываюць зробленыя Ruptly матэрыялы і рэтранслююць расейскую прапаганду. Дарэчы, галоўны офіс кампаніі знаходзіцца насупраць Райхстагу.

Сёння ЕЗ і ЗША мусяць даць адказ расейскай прапагандзе, пакуль яна не знішчыла заходнюю палітыку, але адначасова застацца верным свабодзе слова. Крэмль не мае падобных дылемаў, таму пакуль перамога яму даецца значна лягчэй.