Большасць беларусаў дагэтуль успрымаюць сучасныя візавыя абмежаванні, як непазбежнае зло. Многія з гэтых абмежаванняў абсурдальныя і існуюць у той час, як ЕЗ адчыняе свае межы для краіны, што саступае Беларусі па большасці параметраў.
З 28 красавіка 2014 года грамадзяне Малдовы з біяметрычнымі пашпартамі могуць заязждаць у ЕЗ без візы на тэрмін да 90 дзён на паўгады. Гэты крок сведчыць, што Еўрапейскі Звяз гатовы ўзнагароджваць праеўрапейскія зрухі ў суседзяў і заплюшчваць вочы на некаторыя праблемы.
Дарэчы, і ЗША ставяцца да Малдовы больш гасцінна: грамадзяне Малдовы атрымліваюць амерыканскія турыстычныя візы на 10 гадоў, у адрозненне ад жыхароў Расеі (2 гады) ці Беларусі (1 год). Доўгі час украінцы атрымлівалі амерыканскія візы на 5 гадоў. Аднак у пакеце маральнай падтрымкі ЗША для Украіны, Белы дом падоўжыў тэрмін найбольш папулярных турыстычных віз ЗША (B1/B2) да 10 гадоў. У выпадку Малдовы не апошнюю ролю ў візавай палітыцы з боку ЗША і ЕЗ адыгрывае яе культурная блізкасць да Румыніі. Аднак гэты фактар мала значыў бы без паслядоўнага праеўрапейскага курсу кіраўніцтва краіны.
Цікавей звярнуць увагу на некаторыя іншыя краіны, якія маюць бязвізавым рэжым з ЕЗ ‑ так званыя краіны Дадатку II Візавага кодэксу ЕЗ. Сярод іх ёсць Нікарагуа, Гватэмала, Сальвадор, Гандурас, Сэнт Кіттс і Нэвіс (дзе, меркавана, набыў грамадзянства беглы заснавальнік ВК Павал Дураў) і нават Венесуэла.
Усе без выключэння пералічаныя краіны маюць узровень ВУП на душу насельніцтва меншы за беларускі, прычым некаторыя, як Нікарагуа ці Гватэмала, літаральна ў тры разы. Калі не браць ва ўлік эканамічнае развіццё і засяродзіцца выключна на культурных і гуманітарных паказніках, гэты спіс выглядае яшчэ больш дзіўна. Гандурас, Сальвадор, Венесуэла і Гватэмала застаюцца ў першай дзясятцы краінаў свету па колькасці забойстваў на душу насельніцтва. Венесуэла, у сваю чаргу, вядомая таксама сваёю эксцэнтрычнаю папулісцкаю палітыкаю.
Існы стан можна апраўдаць культурнай спадчынаю дачыненняў гэтых краінаў з дзяржавамі ЕЗ ці фізічнай адлегласцю ад Еўропы, але ўсё ж візавыя адносіны часта абумоўліваюцца выключна палітыкай. Грузінскае МЗС ужо паспела пахваліцца, што ў 2016 годзе грузіны таксама атрымаюць права бязвізавага ўезду ў ЕЗ. Той факт, што грамадзяне Расеі, Украіны ці Беларусі дагэтуль вымушаныя абіваць парогі консульстваў ‑ выключна віна адпаведных урадаў. Беларусам у гэтым сэнсе не пашанціла двойчы: цана адной візы для іх 60 еўра, калі для ўкраінцаў і расейцаў – 35 еўра.
Калі Расея не можа і не жадае інтэгравацца ў еўрапрастору, у Украіны і Беларусі ёсць шанец пахіснуць еўрапейскія візавыя прыгнёты. На жаль, абедзве краіны сутыкаюцца з праблемамі на гэтым фронце. Украіна загразла ў карупцыі, якая дайшла нават да гандлю нацыянальнымі пашпартамі. Падчас сёлетняга канфлікту з Расеяй украінская памежная служба сябе цалкам дыскрэдытавала. Беларусь сутыкаецца з іншай праблемай: яна фактычна пазбаўленая міграцыйнага кантролю на мяжы з Расеяй, што несумяшчальна са статусам бязвізавай з ЕЗ краіны.
Тым не менш, у сённяшняй сітуацыі Украіна хутка атрымлівае палітычныя ачкі, якія мусяць канвертавацца ў еўрапейскую інтэграцыю. Беларусь, у сваю чаргу, можа пахваліцца амаль што вытраўленаю “нізаваю карупцыяй” і добра працуючай бюракратыяй. Хоць бязвізавы статус Беларусі з ЕЗ справа няхуткая.
І ўсё ж, Беларусь павінна зрабіць першыя крокі наперад, кшталту адмены беларускіх віз для еўрапейцаў, а таксама больш мяккіх правілаў працаўладкавання для замежнікаў. Напрыклад, падобных да адносна мяккага польскага заканадаўства.
Гэтая палітыка неабходная для развіцця канкурэнтаздольнасці і інвестыцыйнай прывабнасці беларускай эканомікі. Падобная адкрытасць да Еўропы падштурхнула б Брусэль пераглядзець Дадатак II для беларусаў, як ён гэта ўжо зрабіў у выпадку больш эканамічна адсталай Малдовы.