• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Хто падклаў бомбу пад польскі ўрад

    У польскіх медыях з’явіліся праслухоўванні палітыкаў, размаўляючых пра пошук цыгараў для прэм’ера Польшчы, марнасць польска-амерыканскіх дачыненняў і ўдзел Нацбанку ў ратаванні польскага ўраду.

    Большая частка запісаў датычыць палітыкі сучаснага ўраду і карупцыйных дамоваў паміж міністрамі і бізнесменамі. Так Марэк Бэлька, старшыня Нацбанку Польшчы, дамаўляецца з міністрам унутраных справаў Сенкевічам пра фінансаванне дэфіцытнага польскага бюджэту ў цяжкія выбарныя часы для правячай Грамадзянскай Платформы. За гэтую дапамогу, то-бок дзеянне супраць прынцыпаў незалежнасці Нацбанку і эканамічных інтарэсаў Польшчы, старшыня Бэлька патрабуе змяніць міністра фінансаў і ўнесці змены ў Закон аб Цэнтральным банку. Так і адбываецца пазней.

    На іншым запісе міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі скардзіцца на тое, як амбасада Кубы намагаецца ўсімі магчымымі сродкамі знайсці для Туска найлепшыя цыгары, якіх прэм’ер, як высветлілася, не любіць. Не стрымлівае Сікорскі і эмоцыяў у выказваннях на тэму дачыненняў Варшавы з Вашынгтонам. Міністр замежных справаў сцвярджае, што “польска-амерыканскі альянс нічога не варты, а стварае толькі фальшывае пачуццё бяспекі”. Для Польшчы, якая доўгі час будуе партнёрскія дачыненні са Злучанымі Штатамі, гэта моцны ўдар.

    Якое маюць значэнне прыватныя размовы міністра Сікорскага для самога міністра і для іміджу Польшчы ўвогуле?

    Цягам апошніх некалькіх год вонкавая палітыка ўраду Туска дасягнула пэўных станоўчых вынікаў. Яшчэ два тыдні таму Радаслаў Сікорскі быў адным з магчымых кандыдатаў на пасаду Кэтрын Эштан – кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі. Аднак апублікаваныя аўдыязапісы перакрэслілі гэтыя планы і сапсавалі рэпутацыю Польшчы сярод іншых еўрапейскіх краінаў. Хоць у апошнія гады буйныя дзяржавы ЕЗ, як Нямеччына ці Францыя, пачалі ставіцца да Польшчы як да раўнапраўнага партнёра, прыслухоўвацца да меркаванняў польскай палітычнай эліты.

    Аднак скандал з запісамі размоваў ставіць пэўныя пытанні не столькі перад еўрапейскімі палітыкамі, колькі перад урадам Польшчы і яе грамадзянамі. Ці існуюць польская дэмакратыя і польская палітычная эліта? Іншым важным пытаннем застаецца хто стаіць за публікацыяй і чаму яна адбылася цяпер.

    Лета ‑ ціхі і спакойны сезон не толькі ў медыях, але амаль у кожнай галіне. Летам нашмат менш навінаў, таму ёсць разлік на тое, што сур’ёзная тэма будзе мець больш розгаласу цяпер, а не восенню. Гэта выкарыстаў калісьці сённяшні прэм’ер Польшчы Дональд Туск. Стартуючы ў прэзідэнцкіх выбарах 2005 году ён займаў сёмую пазіцыю на пачатку лета, аднак пасля заканчэння “мёртвага” сезону выбіўся ў лідары. Такую версію высунуў былы палітык Грамадзянскай Платформы Павал Піскорскі.

    У 2015 годзе Польшчу чакаюць выбары ў парламент. Дзве асноўныя палітычныя сілы – Грамадзянская Платформа і Права і Справядлівасць – ідуць амаль на роўні вось ужо на працягу некалькіх месяцаў. Шмат палітыкаў выказваюць меркаванне, што за публікацыяй аўдыязапісаў стаяць апаненты ГП ‑ ПіС.

    Аднак не толькі брудная палітычная гульня палітычных партыяў можа з’яўляцца прычынай абнародавання гэтых запісаў.

    Існуюць меркаванні, што гэтая афера – замова аднаго з вядомых польскіх бізнесменаў – Марэка Фаленты. Да яго належыць буйнейшая ў Польшчы кампанія Składywęgla.pl (літаральны пераклад ‑ склады вугалю), якая займаецца даставамі вугалю ў Еўропу. Цікава тое, што вугаль, продажам якога ён займаецца паходзіць не з Польшчы, а з Расеі. Польскі – крыху даражэйшы. На пачатку чэрвеня Цэнтральнае бюро расследаванняў затрымала большую частку праўлення кампаніі Фаленты па падазрэннях у махлярстве і адмыванню грошай. Менавіта гэты факт разглядаецца медыямі ў якасці адной з прычын адкрыцця запісаў. Сам прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвяргае гэтую версію.

    Рэдактар The Economist Эдвард Лукас становіцца на баку не толькі свайго сябра Сікорскага, але і польскага ўраду. Публіцыст тлумачыць, што падслухоўваннем займаюцца ўсе палітыкі ў Еўропе. Паводле Лукаса варта сканцэнтравацца не на тым, што кажуць, а на тым, навошта менавіта цяпер гэтыя запісы з’явіліся ў СМІ. Дадзеная сітуацыя значна пагоршыць стан польскай палітыкі і панізіць узровень даверу паміж Польшчай і іншымі краінамі Еўразвязу.

    Падслухоўванне палітыкаў і бізнесменаў адбывалася на працягу году, і няма ўпэўненасці, што гэта былі палітыкі адной партыі і бізнесмены з ёй звязаныя. Можа высветліцца, што падслухоўванне датычыла і апазіцыйных дзеячаў, і нават замежных дыпламатаў. Так ці інакш, гэты скандал адбіваецца на рэйтынгу прэм’ера Туска і на працы падначаленага яму ўрада. Некаторым палітыкам, магчыма, прыйдзецца развітацца са сваймі мандатамі.

    ПаказацьСхаваць каментары